«Праваабарончы альянс» уручыў прэміі

9 снежня ў Мінску «Праваабарончы альянс», што зарэгістраваны ў Вільні, уручыў штогадовыя прэміі ў намінацыях «Журналіст года», «Праваабаронца года» і «Адвакат года». Арганізацыя ўжо другі год запар ладзіць такую цырымонію ўганаравання напярэдадні ўгодкаў прыняцця Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

9 снежня ў Мінску «Праваабарончы альянс», што зарэгістраваны ў Вільні, уручыў штогадовыя прэміі ў намінацыях «Журналіст года», «Праваабаронца года» і «Адвакат года». Арганізацыя ўжо другі год запар ладзіць такую цырымонію ўганаравання напярэдадні ўгодкаў прыняцця Арганізацыяй Аб’яднаных Нацый Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека.

Лепшым адвакатам па версіі «Праваабарончага альянсу» сёлета стаў Павел Сапелка. Прэмію яму ўручыла мінулагодні ўладальнік узнагароды ў гэтай намінацыі адвакат Тамара Сідарэнка.

«Павел Сапелка браў удзел у шэрагу адміністратыўных працэсаў, пачынаючы ад абароны правоў Аляксандра Мілінкевіча, Анатоля Лябедзькі, іншых вядомых людзей. Ён абараняў фігурантаў крымінальнага «Працэсу чатырнаццаці», а зараз завяршае азнаямленне з матэрыяламі крымінальнай справы па абвінавачанню Мікалая Аўтуховіча, — нагадала Тамара Сідарэнка. — Таму добра відаць, што гэты адвакат заняты сур’ёзнай працай. Прафесія адваката, як і праца журналіста, з’яўляецца публічнай, мы са свайго боку таксама імкнёмся забяспечыць правы чалавека, абараніць гэтыя правы, дапамагчы чалавеку, калі супраць яго распачынаюцца нейкія справы, нават ва ўмовах, калі не заўсёды спрацоўвае закон. Я рада павіншаваць майго калегу з гэтай высокай узнагародай».

Прэмію сёлетняму лаўрэату ў намінацыі «Журналіст года» ўручыў мінулагодні ўладальнік гэтай узнагароды, карэспандэнт незалежнага тыднёвіка «Наша ніва» Сямён Печанко.

«Сама па сабе прафесія журналіста — гэта больш чым проста праца, а праца журналіста, які займаецца палітычнай, праваабарончай сферай, акрамя побытавых нязручнасцяў, як то праца ў выходныя, праца ў ночы, нясе з сабою яшчэ і рызыкі жыццю, здароўю, — сказаў Сямён Печанко. — Працуючы ў гэтай сферы, журналіст мусіць ведаць, што праз яго працу могуць пацярпець родныя і блізкія… Для мяне як лаўрэата мінулагодняй прэміі вялікі гонар узнагародзіць гэтага чалавека, бо Алег Груздзіловіч — гэта ў пэўным сэнсе мой настаўнік, як і многія іншыя мае старэйшыя калегі, бо калі я яшчэ толькі быў чытачом газет «Свабода», «Наша ніва», слухаў «Радыё Свабода», гэтая людзі ўжо працавалі, выходзілі на вуліцы, рызыкавалі».

Лаўрэатам прэміі «Праваабарончага альянсу» ў намінацыі «Праваабаронца года» стаў вядомы ў Беларусі змагар супраць смяротнага пакарання Раман Кісляк. Усе лаўрэаты атрымалі кветкі і памятныя падарункі.

Каментаваць