Праваабаронцы ў Бруселі

Кіраўнікі праваабарончага цэнтра «Вясна» і Беларускага Хельсінкскага камітэта з 20 па 22 верасня знаходзіліся з візітам у Бельгіі. У іх адбыліся сустрэчы з прадстаўнікамі Еўрасаюза, падчас якіх абмяркоўвалася сітуацыя ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.

Кіраўнікі праваабарончага цэнтра «Вясна» і Беларускага Хельсінкскага камітэта з 20 па 22 верасня знаходзіліся з візітам у Бельгіі. У іх адбыліся сустрэчы з прадстаўнікамі Еўрасаюза, падчас якіх абмяркоўвалася сітуацыя ў Беларусі напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў.

Старшыня ПЦ «Вясна» Алесь Бяляцкі, яго намеснік Валянцін Стэфановіч і старшыня Беларускага Хельсінкскага камітэта Алег Гулак сустрэліся з прадстаўніком Вярхоўнага камісара Еўрасаюза па пытаннях правоў чалавека Рыінай Кіонка, прадстаўнікамі нацыянальных дэлегацый у Еўрапарламенце, Еўрапейскай камісіі і МЗС Бельгіі. Беларускія праваабаронцы правялі таксама прэс-канферэнцыю для журналістаў.

Адной з асноўных тэмаў размовы стала незалежнае назіранне кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары», якую сумесна праводзяць «Вясна» і БХК. «Падчас гэтых сустрэч закраналіся і іншыя пытанні, датычныя выбараў. А таксама агульная сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі», — паведаміў Валянцін Стэфановіч. Як адзначылі праваабаронцы, малаверагодна, што гэтыя выбары будуць адрознівацца ад папярэдніх у лепшы бок. Яны выказалі занепакоенасць, каб зноў не было рэпрэсіяў падчас выбараў.

«Мы звярнулі ўвагу, што адносна Някляева ўжо распачата крымінальная справа, ён з’яўляецца падазраваным. І нагадалі пра лёс аднаго з кандыдатаў на выбарах 2006 года Казуліна, які атрымаў 5,5 гадоў пазбаўлення волі пасля тых выбараў. Мы заклікалі Еўрасаюз адсочваць сітуацыю, каб не дапусціць распраў над удзельнікамі выбарчай кампаніі, а таксама масавых мерапрыемстваў, якія, магчыма, адбудуцца пасля выбараў», — распавёў Валянцін Стэфановіч.

Ён лічыць, што цікавасць Еўрасаюза да Беларусі не толькі не саслабела, а наадварот узрасла. «З’явіліся адмысловыя чыноўнікі па Беларусі, чаго раней не было», — кажа праваабаронца. Еўрапейскія суразмоўцы зазначылі, што падзеі ў Беларусі, безумоўна, яны будуць адсочваць і рэагаваць на іх.

Зараз у межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» маніторынг здзяйсняюць 80 доўгатэрміновых назіральнікаў. Справаздачы па назіранні дасылаюцца і прадстаўнікам Еўрасаюза і амбасадаў.

Праваабаронцы падкрэсліваюць, што асноўныя праблемы, якія выклікаюць прэтэнзіі, застаюцца ранейшымі — гэта датэрміновае галасаванне, падлік галасоў, правы назіральнікаў. «З якой нагоды сітуацыя будзе лепшая? Зноў падазраю, што назіральнікі шмат чаго не змогуць пабачыць. Мы мусім даць ацэнку ў любым разе. Адсутнасць інфармацыі — таксама інфармацыя. Калі назіральнік не можа адсочваць падлік галасоў, гэта сведчыць пра тое, што дадзеная працэдура застаецца закрытай. Мы з гэтага будзем рабіць адпаведныя высновы», — адзначыў Валянцін Стэфановіч.
 

Каментаваць