Праваабаронцы: БРСМ вярбуе пікетчыкаў па 15 рублёў

Паводле інфармацыі назіральнікаў за выбарамі, сакратары БРСМ груба парушаюць выбарчае заканадаўства.





На сайце ініцыятывы «Праваабаронцы за свабодныя выбары» з'явілася публікацыя з абвінавачваннямі на адрас некаторых сакратароў БРСМ Белдзяржуніверсітэта.

Сцвярджаецца, што назіральнікам кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” з ананімных крыніц стала вядомая перапіска на закрытым чаце студэнтаў эканамічнага факультэта БДУ. З паведамленняў у чаце вынікае, што студэнтаў актыўна запрашаюць браць удзел у перадвыбарчых пікетах па вылучэнні асобных кандыдатаў у дэпутаты. Прычым, менавіта ў якасці членаў ініцыятыўных груп.

Перапіска ў закрытым студэнцкім чаце (скрыншоты прадстаўленыя ініцыятывай «Праваабаронцы за свабодныя выбары»)

Перапіска ў закрытым студэнцкім чаце (скрыншоты прадстаўленыя ініцыятывай «Праваабаронцы за свабодныя выбары»)


Праваабаронцы сцвярджаюць, што ідэнтыфікавалі аўтараў паведамленняў як Юлю Муштукову (сакратара камітэта БРСМ эканамiчнага факультэта БДУ) і Івана Шчэрбіна – начальніка штаба працоўных спраў БРСМ БДУ.

Эксперты кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» адзначаюць, што дадзеная інфармацыя сведчыць аб грубых парушэннях дзеючага выбарчага заканадаўства.

У адпаведнасці з ч.8 арт. 48 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь палітычныя партыі, іншыя грамадскія аб’яднанні, іншыя арганізацыі, грамадзяне Рэспублікі Беларусь не маюць права аказваць іншую матэрыяльную дапамогу пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, рэферэндума, акрамя ўнясення грашовых сродкаў у пазабюджэтны фонд і ў выбарчыя фонды кандыдатаў у дэпутаты.

Выкарыстанне асобай, якая вылучаецца ў якасці кандыдата ў дэпутаты грашовых сродкаў ці іншай матэрыяльнай дапамогі ў парушэнне дзеючага заканадаўства цягне адпаведна адмову ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў дэпутаты ці адмену рашэння аб рэгістрацыі.

Трэба адзначыць, што згодна з арт. 48.1 Выбарчага кодэкса выбарчыя фонды кандыдатаў у дэпутаты могуць стварацца толькі пасля рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў дэпутаты адпаведнай тэрытарыяльнай выбарчай камісіяй. Магчымаць аплаты выдаткаў па зборы подпісаў прадугледжваецца дзеючым заканадаўствам толькі пры вылучэнні ў якасці кандыдата ў прэзідэнты.

Акрамя таго ў дадзенай сітуацыі мае значэнне паходжанне абяцаных грошай для тых, каго запрашаюць «проста пастаяць у якасці сябраў ініцыятыўнай групы». Калі гэта сродкі арганізацыі БРСМ, можна казаць аб забароненым выкарыстанні адміністратыўнага рэсурсу. Арганізацыям, якія часткова ці цалкам фінансуюцца з дзяржаўнага бюджэта (БРСМ у дадзеным выпадку) наогул забаронена ўдзельнічаць у фінансаванні кандыдатаў.

Таксама парушэннем арт.61 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь будзе з’яўляцца і ажыцяўленне збору подпісаў асобамі, якія не з’яўляюцца сябрамі ініцыятыўных груп.

Па меркаваных фактах парушэнняў дзеючага заканадаўства будзе пададзеная адпаведная заява ў органы пракуратуры для дачы прававой ацэнкі і далейшага пракурорскага рэагавання.

Каментаваць