Пры фармаванні выбарчых камісій перавага аддавалася праўладным прадстаўнікам

Праваабаронцы прадставілі справаздачу па выніках назірання за фарміраваннем тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій.
Фота svaboda.org

Фота svaboda.org

У справаздачы адзначана, што доля прадстаўнікоў палітычных партый у складзе тэрытарыяльных і акруговых выбарчых камісій па-ранейшаму застаецца нязначнай (24,2% і 13,6% адпаведна) у параўнанні з доляй прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў (51% і 54,3% адпаведна). Пры гэтым асноўнымі арганізатарамі выбараў, як і раней, з’яўляюцца прадстаўнікі пяці найбуйнейшых праўладных грамадскіх аб’яднанняў – Белая Русь, БРСМ, Беларускі саюз жанчын, Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў, ФПБ. Сумарнае іх прадстаўніцтва ў ТВК і АВК склала 40% і 42,3% адпаведна.

А вось працэнт праходнасці ў склад камісій прадстаўнікоў апазіцыйных партый традыцыйна нізкі – 31,2 % ад вылучаных у тэрытарыяльныя (ТВК) і 19,4% ад вылучаных у акруговыя (АВК) камісіі. Агульны працэнт іх прадстаўнікоў у складзе ТВК і АВК нязначны (5,4% і 1,8%). Падчас парламенцкіх выбараў 2012 г. доля прадстаўнікоў апазіцыйных партый у складзе АВК складала 3%, на выбарах 2008 г. – 2,2%.

Назіранне ажыццяўляюць актывісты РПГА «Беларускі Хельсінкскі камітэт» і ПЦ «Вясна» ў рамках кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Цалкам справаздача выкладзена на сайце spring96.org

Каментаваць