Праваабаронцы прызналі Уладзіміра Кондруся палітычным зняволеным

Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці выступілі з заявай аб прызнанні крымінальнага пераследу Уладзіміра Кондруся палітычна матываваным і прызнанні яго палітычным зняволеным.
Фота ПЦ "Вясна"

Фота ПЦ "Вясна"

Праваабаронцы заявілі, "што змяшчэнне пад варту Уладзіміра Кондруся па абвінавачванні па арт. 293 КК па падзеях 19 снежня 2010 г. з’яўляецца адным з рэпрэсіўных дзеянняў уладаў, якія мусілі застацца ў мінулым.

Сам факт крымінальнага пераследу па дагэтуль не спыненай справе па падзеях 19 снежня 2010 г. стварае небяспеку арыштаў іншых удзельнікаў тых падзей, якія могуць дагэтуль знаходзіцца ў вышуку.

Мы яшчэ раз пацвярджаем сваю пазіцыю, якая заключаецца ў тым, што дзеянні У. Кондруся не могуць быць кваліфікаваныя па арт. 293 КК Рэспублікі Беларусь, а тэрмін даўніны па іншых артыкулах КК, па якіх яны маглі б быць кваліфікаваны, мінуў.

У сувязі з гэтым мы заяўляем, што расцэньваем крымінальны пераслед Уладзіміра Кондруся як палітычна матываваны, а самога Уладзіміра Кондруся лічым палітычным зняволеным.

Праваабаронцы патрабавалі ад уладаў:
– спыніць крымінальны пераслед па арт. 293 КК у дачыненні да Уладзіміра Кондруся і неадкладна вызваліць яго з-пад варты;
 – цалкам спыніць вытворчасць па крымінальнай справе па падзеях 19 снежня 2010 г., стварыўшы ўмовы для шырокай амністыі для ўсіх удзельнікаў тых падзей, у тым ліку для тых, хто дагэтуль вымушаны знаходзіцца за мяжой з-за магчымай пагрозы крымінальнага пераследу;
– прыняць рэальныя захады да рэабілітацыі раней асуджаных палітвязняў.

Заяву падпісалі Праваабарончы цэнтр “Вясна”, РПГА “Беларускі Хельсінкскі камітэт”, ПУ “Цэнтр прававой трансфармацыі”, Беларускі Дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, 
Беларускі дакументацыйны цэнтр, Камітэт абароны рэпрэсаваных "Салідарнасць", ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў".


Каментаваць