Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Праваабаронцы віншуюць: кніга і прэміі

Напярэдадні Сусветнага дня правоў чалавека беларускія праваабаронцы прэзентавалі кнігу пра Міхаіла Кукабаку і ўручылі нацыянальныя праваабарончыя прэміі.

Алесь Бяляцкі на прэзентацыі кнігі пра Міхаіла Кукабаку

Алесь Бяляцкі на прэзентацыі кнігі пра Міхаіла Кукабаку


Мерапрыемства прайшло ў кнігарні «Логвінаў».

Прэзентуючы кнігу пра самага вядомага беларускага дысідэнта, яе ўкладальніца Паліна Сцепаненка зазначыла, што ідэя выдання з’явілася паступова. Першым штуршком стаў ліст Алеся Бяляцкагга з турмы ў 2012 годзе. Менавіта Бяляцкі прапанаваў адшукаць Кукабаку і ўзяць у яго інтэрв’ю.

Гэтае інтэрв’ю зацягнулася на тры дні. «Калі мы ехалі ў Маскву — распавядае Сцепаненка, — мы думалі пабачыць там стомленага пенсіянера. На справе мы былі здзіўленыя: у спадара Міхася дома гантэлі, спартовыя прылады, ён актыўна карыстаецца інтэрнэтам. І тры дні ён нам распавядаў пра сваё жыццё».

Зразумела, у адзін матэрыял усё гэта не ўлезла. Давялося рабіць кнігу. Выданне складаецца з чатырох раздзелаў. Найперш, гэта аўтабіяграфія Міхася Кукабакі, які напісаў яе адмыслова для выдання. Другі раздзел — тое самае вялікае інтэрв’ю. Трэцім раздзелам сталі тэксты, якія пісаў Кукабака ў савецкія часы, і за якія яго вызнавалі дысідэнтам. І чацверты раздзел створаны даследчыцай беларускай эміграцыі Наталляй Гардзіенка. Бо звонку нябачная роля беларусаў замежжа ў жыцці самага вядомага беларускага савецкага палітвязня была даволі значнай. Менавіта эміграцыя распаўсюджвала яго творы, ладзіла акцыі пратэсту і салідарнасці ў ягоную падтрымку.

Паліна Сцепаненка распавядае пра стварэнне кнігі

Паліна Сцепаненка распавядае пра стварэнне кнігі


Кукабаку ёсць што распавесці. За свае перакананні і распаўсюд ідэй правоў чалавека ён правёў 17 год у зняволенні, быў у трох спецыялізаваных псіхіятрычных бальніцах, у сямі савецкіх лагерах. Ён увогуле можа лічыцца «апошнім палітзняволеным СССР», бо чарговы суд над ім прайшоў у 1985 годзе, калі пачыналася перабудова (што характэрна, асуджаны ён быў за «антысавецкую дзейнасць»), а вызвалены з пермскага лагеру быў толькі ў снежні 1988 года. У тыя часы творы Салжаніцына ўжо выдаваліся мільённымі тыражамі, друкаваліся ў часопісах усесаюзнага маштабу, — а Кукабака ўсё сядзеў за перадрук і распаўсюд таго ж Салжаніцына. Яго сябра і паплечнік Андрэй Сахараў ужо быў вернуты ў Маскву, больш за тое, быў ужо «выяздным» за мяжу, сустракаўся з Рональдам Рэйганам і Маргарэт Тэтчар — а Кукабака ўсё сядзеў…

Пагартаўшы кнігу і паразмаўляўшы са спадаром Міхасём, нават Алесь Бяляцкі, які сам адседзеў у беларускай турме за праваабарончую дзейнасць, раптам сказаў: «Займацца праваабаронай у сённяшнія часы лёгка, надзвычай лёгка». «Міхась Ігнатавіч распавёў пра той перыяд, і патлумачыць сённяшняму пакаленню гэта, мабыць, немагчыма. Трэба было жыць у Савецкім саюзе, ведаць, як можна было супраціўляцца гэтай сістэме, гэтай махіне, якая ўся была заточаная супраць чалавечай годнасці, супраць чалавека. Міхась Ігнатавіч з’яўляецца рэдкім прыкладам чалавека, які, пачаўшы гэтую справу, узяўшыся за яе, гэтую справу не спыніў — да самага апошняга дня. Ніякіх прашэнняў аб памілаванні, ніякіх просьбаў ад яго не было. І гэта прыклад для ўсіх нас», — сказаў Алесь Бяляцкі.

«Ён з’яўляецца прыкладам, сімвалам для нас, беларускіх праваабаронцаў, жывой легендай», — зазначыў Бяляцкі.

«Тое, што ўдалося выдаць такую кніжку, стварыць такі помнік пры жыцці — гэта вельмі важна. Усё, што раней было, было раскідана па перыёдыцы, па самвыдаце. Упершыню яго «Страчаную бацькаўшчыну» я пачуў яшчэ ў 80-х гадах, яе перыядычна транслявала радыё «Свабода». Гэта сапраўды класіка беларускай журналісцкай, дысідэнцкай публіцыстыкі. Гэта, можа быць, нешматлікія, але сапраўды залатыя тэксты», — зазначыў Бяляцкі.

Міхаіл Кукабака зусім не выглядае на свае 80

Міхаіл Кукабака зусім не выглядае на свае 80


Сам Кукабака распавядае, што яго лёс мог бы быць іншым. У 1969 годзе ён паспрабаваў выступіць у абарону пісьменніка Анатоля Кузняцова і пераправіць на Захад тэкст у яго падтрымку. Зразумела, ім занялося КДБ, і следчы, узамен на вызваленне, прапанаваў напісаць Кукабаку паклёп на іншага чалавека, нейкага нямецкага дыпламата. Кукабака гэта зрабіць адмовіўся катэгарычна. «Тады, — сказаў следчы, — мы зробім табе так, што ты ўсё жыццё каяцца будзеш».

Цікава, дзе зараз той следчы, і хто павінен каяцца?

Пасля прэзентацыі праваабаронцы ўручылі Нацыянальную прэмію ў галіне правоў чалавека. Раней у ёй былі тры намінацыі: «Праваабаронца году», «Журнаілст году» і «Адвакат году». Але, як паведаміла Таццяна Рэвяка, абраць адваката году па версіі праваабаронцаў сёлета не атрымалася. Бо тыя адвакаты, якія працуюць з праваабаронцамі, хаваюцца. Бо за гэтую супрацу іх могуць пазбавіць ліцэнзіі на адвакацкую дзейнасць. Таму пазіцыя «адвакат году» ператварылася ў пазіцыю «праваабарончая кампанія года».

Журналісцкую намінацыю сёлета падзялілі Адар’я Гуштын з інфармацыйнай кампаніі БелаПАН і Зміцер Дрозд — рэдактар сайта Беларускага дакументацыйнага цэнтра.



Праваабаронцам году быў абраны кіраўнік праваабарончай асветніцкай установы «Офіс па правах людзей з інваліднасцю» Сяргей Драздоўскі. Менавіта ён вывеў на нацыянальны ўзровень праблему інвалідаў не як праблему нейкіх «людзей з абмежаванымі магчымасцямі», а як праблему правоў чалавека.

Праваабарончую прэмію атрымаў часопіс «Имена». Гэта інфармацыйны інтэрнэт-праект з убудаваным сэрвісам дапамогі грамадска значным праектам. Уласна, мэта часопіса — распавядаць пра праблемы і даць інструменты для іх вырашэння. Напрыклад, менавіта «Имена» распавялі пра становішча ў мінскім доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, дзе дзяцей проста не кармілі належным чынам. З-за чаго дзеці выглядалі, як вязні Асвенцыма.


Каментаваць