Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Праваабаронцы заклікаюць, каб суд па справе аўтараў «Рэгнума» быў адкрыты

ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў», РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» і Праваабарончы цэнтр «Вясна» выступілі з сумеснай заявай у сувязі з перадачай справы супраць Юрыя Паўлаўца, Дзмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыпценкі у суд.

25 кастрычніка старшыня Следчага камітэта Іван Наскевіч паведаміў аб перадачы ў суд крымінальнай справы ў дачыненні да трох беларускіх аўтараў шэрагу расійскіх інфармацыйных рэсурсаў Юрыя Паўлаўца, Дзмітрыя Алімкіна і Сяргея Шыпценкі.

Усе яны былі затрыманыя ў снежні 2016 года і да цяперашняга часу — больш за 10 месяцаў — знаходзяцца пад вартай. Ім прад'яўленае абвінавачванне па ч. 3 арт. 130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь (наўмысныя дзеянні, учыненыя групай асоб, накіраваныя на распальванне нацыянальнай і іншай сацыяльнай варожасці, а таксама варожасці па прыкметах нацыянальнай, моўнай варожасці і іншай сацыяльнай прыналежнасці). Юрыю Паўлаўцу і Сяргею Шыпценку выстаўлены абвінавачанні таксама па ч. 1 арт. 233 (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць).

Гэтая крымінальная справа атрымала шырокі грамадскі рэзананс. Між тым, афіцыйная інфармацыя пра справу (напрыклад, якія менавіта артыкулы і выказванні кожнага з абвінавачаных паслужылі падставай для завядзення крымінальных спраў супраць іх, чаму гэтыя тры справы аб'яднаныя ў адну, што з'яўляецца падставай для абвінавачвання Ю. Паўлаўца і С. Шыпценкі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці і г. д.) практычна адсутнічала або выглядала супярэчлівай і выклікала абгрунтаваныя сумневы.

У сувязі з гэтым праваабаронцы заклікаюць улады Беларусі забяспечыць адкрытае судовае разбіральніцтва дадзенай крымінальнай справы ў адпаведнасці з прынцыпамі справядлівага судовага разбору, а таксама міжнародных стандартаў у галіне абароны свабоды слова і выказвання меркаванняў, паведамляе прэс-служба БАЖ.

 


Каментаваць