Праваабаронцы прэзентавалі даклад аб парушэнні працоўных правоў у Беларусі

У Міжнародны дзень правоў чалавека Міжнародная федэрацыя правоў чалавека (FIDH) і Праваабарончы цэнтр «Вясна» разам з іншымі калегамі прадставілі журналістам  даклад «Беларусь. Паўсюдныя парушэнні працоўных правоў і прымусовая праца ў Беларусі». Некаторыя прэзентанты заявілі, што ў нашай краіне апошнім часам нават патыхае рабаўладальніцтвам. 



Даклад даволі аб’емны — 80 старонак. У яго падрыхтоўцы прынялі ўдзел не толькі “вясноўцы”, але і прадстаўнікі іншых праваабарончых арганізацыяў — Беларускага Хельсінскага камітэта (БХК), “Платформ Інавэйшн”, а таксама Беларускага канкгрэса дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП), бо гэтая тэма таксама вельмі кранае незалежныя прафсаюзы.  
 
 
Справаздача канстатуе, што ў Беларусі існуе глыбокі крызіс у сацыяльна-эканамічнай сферы і паўсядзённыя парушэнні працоўных правоў грамадзянаў Беларусі. Па словах старшыні БКДП Аляксандра Ярашука, у краіне створаны істотныя перашкоды для стварэння незалежных прафсаюзных структураў, да таго ж чальцы незалежных прафзвязаў падпадаюць пад пастаянныя пераследы з боку ўладаў. 
 
 

Заганныя кантракты

 
 
Але, адзначае прафсаюзны лідар, самай заганнай з’яваю ёсць кароткатэрміновыя працоўныя кантракты. “Гэтая кантракты не проста супярэчаць палітыцы Міжнароднай арганізацыі працы, але і ставяць нашых працоўных у становішча, калі яны цалкам залежаць ад працадаўцы. Наша краіна ў гэтым плане робіцца вельмі адсталай”, — лічыць Ярашук. 
 
 
Кіраўнік БКДП нагадаў апошнія заявы афіцыйнага беларускага лідара, калі той падчас нядаўняга наведвання мінскага прадпрыемства “Керамін” фактычна загадаў перавесці ўсіх працаўнікоў на кантрактную сістэму. Маўляў, лайдакоў багата, таму ўсіх — на кантракт. Дарэчы, сёння ў Беларусі ўжо больш за 70% працоўных падпярэзаныя кароткатэрміновымі кантрактамі. “У Беларусі патыхае рабаўладальніцтвам”, — сказал лідар БКДП, згадаўшы і сумна вядлмы дэкрэт прэзідэнта, што да магчымасці звальненняў работнікаў у дрэваапрацоўчай галіне. Але пра гэта крызу пазней.  
 
 

Прымусовая праца

 
 
Прымусовая праца ў Беларусі, якая фактычна забароненая нават тутэйшай Канстытуцыяй, а не толькі міжнароднымі дакументамі, вельмі шырока распаўсюджана ў нашай краіне, адзначыў намеснік старшыні ПЦ “Вясна” Валянцін Стэфановіч. У прэзентаваным дакуменце, распавёў выступоўца, утрымліваецца вельмі шмат выказванняў не толькі прэзідэнта, але і іншых высокапастаўленых асобаў, якія фактычна выступаюць за прымусовую працу грамадзянаў, якая, што крыху пазней яшчэ раз падкрэсліў кіраўнік юрыдычнай камісіі  БХК Гары Паганяйла, катэгарычна забараняецца нават дзейным беларускім Асноўным законам. 
 
 
“Гэтыя асобы, як то старшыня Мінгарвыканкаму Мікалай Ладуцька, не саромеючыя выказваюцца за прыцягненне да прымусовых працаў асацыяльных элементаў, бяздомных. Гэта гаворыцца адкрыта, і гэта сведчыць, што грамадства ўспрымае ўсё гэта як нармальную з’яву”, — з сумам адзначае праваабаронца і дадае: “Людзі не разумеюць, што правы чалавека — паняцце ўніверсальнае, правы ёсць таксама і ў бяздомных, і ў “асацыяльных элементаў”. І парушаць гэтыя правы не мае права ніхто, у тым ліку і дзяржава, заявіў Валянцін Стэфановіч. 
 
 

Прымусовая праца за кратамі

 
 
Юрыст Павел Сапелка закрануў моманты парушэнняў такіх правоў ва ўстановах пенітэнцыярнай сістэмы Беларусі. Паводле яго, асобы, якія знаходзяцца ў следчых ізалятарах ці ўжо асуджаныя, яшчэ больш пазбаўленыя сваіх правоў параўнальна з грамадзянамі, што знаходзяцца на волі і якіх прыцягваюць да прымусовае працы. Таму што вязні не могуць страйкаваць, звальняцца, не маюць магчымасці падацца ў працоўную эміграцыю і нават не маюць магчымасці змяніць прэзідэнта і парламентарыяў, таму што пазбаўленыя права голасу.         
 
 
Прааналізваўшы матэр’ялы, якія паступілі аўтарам справаздачы, як адзначыў Павел Сапелка, юрысты прыйшлі да цікавай высновы: у месцах пазбаўлення волі не працуюць тыя, хто хоча працаваць, і ў той жа час прымушаюцца да працы тыя, хто не адпавядае ні кваліфікацыі, на ўмовам, ні стану здароўя. “Тут мы бачым два выйсця: гэта эканамічна ўзважаны падыход да вырашэння гэтае праблемы, а з іншага боку павінна быць рэформа заканадаўства, якая дазваляе на сённяшні дзень эксплуатаваць тых, хто знаходзіцца па іншы бок кратаў.
 
 
Прааналізаваўшы ўсе абставіны, мы прыйшлі да высновы, што ў пенітэнцыярнай сістэме Беларусі парушаюцца міжнародныя абавязацельствы краіны ў галіне абароны правоў чалавека і ў галіне працаўладкавання”, — падкрэсліў былы адвакат. Па сутнасці, гэтая сітуацыя легалізуе прымусовую працу і замацоўвае сітуацыю, якая парушае правы зняволеных, дадаў эксперт. 
 
 

І салдаты, і асацыялы

 
 
Па словах Валянціна Стэфановіча, прымусовая праца ўвогуле шырока распаўсюджана ў нашай краіне ў розных сектарах і разнастайных формах. Да прыкладу, памянёны вышэй дэкрэт Лукашэнкі № 9 “Аб дадатковых мерах па развіцці дрэваапрацоўчай прамысловасці” 2012 года пазбаўляе працоўных магчымасці звольніцца па ўласнай ініцыятыве. Апроч таго, пры нясенні вайсковай службы вайскоўцы прыцягваюцца да неаплатнай працы, не звязанай з выкананнем воінскага абавязку, “будуючы аб’екты для алігархаў”. А чаго вартыя толькі добраахвотна-прымушальныя суботнікі, ладжаныя рэспубліканскімі ці рэгіянальнмі ўладамі! 
 
 
Вялікую заклапочанасць выклікае ў праваабаронцаў “устойлівая дыскрымінацыя і стыгматызацыя асобаў з алкагольнай або наркатычнай залежнасцю і прыцягненне іх да прымусовай працы. У выпадку нявыплаты выдаткаў на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, бацькі (“абавязаныя асобы”) у судовым парадку падлягаюць прымусовай працы, пры гэтым аж да 70% іх заробку адбіраецца ў дзяржаўны бюджэт. За адмову ад такой працы прадугледжаная як адміністратыўная, так і крымінальная адказнасць.
 
 
“Гэтымі рэпрэсіўнымі метадамі дзяржава замяніла неабходныя меры па сацыяльнай рэабілітацыі ўразлівых группаў насельніцтва. Замест забеспячэння хворым людзям сур'ёзных дзяржаўных медыцынскіх праграмаў дзейнае заканадаўства сурова карае іх, звяртаючыся да недапушчальнай з пункту гледжання міжнародных нормаў арсеналу сродкаў, што не вядуць да таго ж да эфектыўнай барацьбы з алкагалізмам і наркаманіяй. Дзеючае заканадаўства і практыка таксама дыскрымінуюць так званых “асацыяльных элементаў”, — адзначаюць аўтары справаздачы. 
 
 

Студэнт — закладнік

 
 
Яшчэ адзін кранальна-балючы момант для вялікай колькасьці беларусаў. Так, выпускнікі дзяржаўных навучальных установаў размяркоўваюцца на працу пасля сканчэння вучобы да трох гадоў. Размеркаванне не падлягае абскарджанню, а пазбегнуць яго можна толькі вярнуўшы дзяржаве кошт навучання, прычым кошт налічваецца дзяржавай непразрыста і з улікам інфляцыі прыводзіць да сумаў, якія многія выпускнікі не ў стане выплаціць. 
 
 
Гары Пагяняйла звярнуў увагу: “Канстытуцыя Беларусі пры гэтым гарантуе ў артыкуле 49: “Сярэдняя спецыяльная і вышэйшая адукацыя даступная для ўсіх у адпаведнасці са здольнасцямі кожнага. Кожны можа на конкурснай аснове бясплатна атрымаць адпаведную адукацыю ў дзяржаўных навучальных установах”. Але, відаць, гэтыя пастулаты галоўнага закону краіны для ўладатрымцаў — пусты гук. 
 
 
Тым не менш, праваабаронцы не губляюць аптымізму. “Мы спадзяемся, што тыя рэкамендацыі, якія ўжо былі зробленыя структурамі ААН ураду Беларусі, будуць выкананыя, і наша краіна будзе прытрымлівацца тых міжнародных абавязацельстваў, якія яна на сябе ўзяла ў галіне сацыяльных і эканамічных правоў, як то і Пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, Канвенцыі Міжнароднай арганізацыі працы”, — сказаў на прыканцы сустрэчы з журналістамі Валянцін Стэфановіч.  

Каментаваць