Праваабаронцы просяць прызнаць Андрэя Бандарэнку палітвязнем

Шэраг грамадскіх актывістаў просяць міжнародныя арганізацыі прызнаць асуджаных праваабаронцаў, заснавальнікаў арганізацыі «Платформ Інавэйшн» вязнямі сумлення.



Фота: svaboda.org


Як паведаміў НЧ былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў, адпаведны зварот накіроўваецца ў расійскі цэнтр арганізацыі «Міжнародная амністыя», Сусветную арганізацыю супраць катаванняў, Вярхоўнаму камісару ААН па правах чалавека і ў прадстаўніцтва Еўрапейскага саюза ў Беларусі. У дакуменце адзначаецца, што крымінальныя справы супраць Бандарэнкі і Жамчужнага былі сфабрыкаваныя з мэтай спынення іх актыўнай дзейнасці і ліквідацыі створанай імі арганізацыі.

«Мне давялося наведаць шэраг судовых пасяджэнняў па справе Андрэя Бандарэнкі, якія доўжыліся з 29 ліпеня па 12 жніўні 2014 года, пазней — па ягонай просьбе, — вывучыць касацыйную скаргу, а потым — уступіць з ім у пастаянную перапіску. Гэта дазволіла мне паглыбіцца не толькі ў юрыдычныя нюансы яго справы, але і ў фактычныя акалічнасці. З усіх пунктаў гледжання атрымліваецца, што Андрэй Бандарэнка невінаваты ў тых эпізодах хуліганства, якія яму былі прыпісаныя. Я пераканаўся, што крымінальная справа супраць яго фальсіфікаваная ад пачатку і да канца: адна правакацыя на іншай, «падстаўныя» сведкі і пацярпелыя», — кажа Пастухоў.

Адпаведна, на ягоную думку, Бандарэнку ізалявалі, каб спыніць ягоную праваабарончую дзейнасць. Суд жа над Міхаілам Жамчужным, які супрацоўнічаў з Андрэем Бандарэнкам і пагадзіўся стаць заснавальнікам «Платформы інавэйшн», ад пачатку зрабілі закрытым, каб ніхто не здагадаўся, што вынайшаў Жамчужны, для чаго і навошта спатрэбілася даваць хабар міліцыянту, калі да гэтага ў абвінавачанага была судзімасць за эканамічнае злачынства. «Улічваючы, што Андрэя Бандарэнку і Міхаіла Жамчужнага аб’ядноўвае адна агульная справа — праваабарончая дзейнасць у рамках «Платформы інавэйшн», я ўпэўнена заяўляю, што яны сталі ахвярамі самавольства з боку органаў расследавання і суда і асуджаныя па палітычных матывах. Значыць, яны павінны быць прызнаныя палітвязнямі і неадкладна вызваленыя ад пакарання і рэабілітаваныя», — заяўляе Пастухоў.

Заяву падпісалі больш за 30 чалавек — палітыкі, грамадскія дзеячы, журналісты і былыя палітвязні, сярод якіх Мікола Статкевіч, Ігар Аліневіч, Зміцер Дашкевіч, Анатоль Лябедзька, Алег Волчак, Генадзь Фядыніч ды іншыя вядомыя ў краіне людзі.

Каментаваць