Правакатар падставіў «Народную Волю»

Аб гэтым заявіў ў інтэрвью карэспандэнту «Новага Часу» жыхар горада Бабруйск Магілёўскай вобласці Аляксандр Каваленка. 



Аляксандр Каваленка з жонкай Валянцінай


Паводле ягоных слоў, у кастрычніку мінулага году ён накіраваў ліст ў рэдакцыю «Народнай Волі» наконт адной публікацыі.

«Аднак праз паўгода пасля гэтага мяне нечакана выклікалі ва упраўленне ўнутраных спраў Бабруйскага гарвыканкаму. Следчы паведаміў, што па зместу майго ліста ў рэдакцыю газеты зацікаўленая асоба патрабуе ўзбуджэння супраць мяне крымінальнай справы. Паколькі я даў свае поўныя тлумачэнні, дык спадзяваўся, што праваахоўныя органы мяне больш не будуць турбаваць. Але я памыліўся. Другі раз мяне выклікаў ужо следчы з Магілёва, а трэці раз нас удваіх с жонкай Валянцінай дапытваў нават сталічны следчы. Я дамогся, каб следчыя паказалі мне матэрыялы, што сталі прычынай выклікаў у праваахоўныя органы. На маё здзіўленне, мне была прадастаўлена, у тым ліку, копія майго ліста галоўнаму рэдактару “Народнай Волі”. Прычым, копія была заверана круглай пячаткай газеты. Акрамя таго, у левым верхнім куце ліста стаяла віза “Волчаку”. На жаль, паколькі галоўны рэдактар газеты адмовіўся ад сустрэчы са мною, я быў вымушаны звярнуцца з заявай у камісію па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў. Лічу такія дзеянні газеты недапушчальнымі, бо у сваім лісце даволі карэктна і паважліва выклаў вядомую мне інфармацыю, а таксама сваё меркаванне пра публікацыю ў “Народнай Волі”,  распавёў Каваленка.  

5 верасня камісія па этыцы Беларускай асацыяцыі журналістаў разгледзела заяву  Каваленкі і прызнала «ненармальнай і непрафесійнай сітуацыю, калі ліст у рэдакцыю СМІ, які не ўтрымлівае ў сабе прадугледжаных заканадаўствам парушэнняў, наносіць шкоду аўтару». Ад імя журналісцкай супольнасці камісія прынесла свае прабачэнні Аляксандру Каваленку. Сваё прабачэнне яму прынес і галоўны рэдактар «Народнай Волі» Іосіф Сярэдзіч. 

«Дарэчы, на пасяджэнні камісіі ён заявіў пра тое, што не ведае, хто зрабіў і заверыў копію майго ліста ў рэдакцыю, а таксама перадаў гэты дакумент зацікаўленым асобам для накіравання ў праваахоўныя органы. Але галоўны рэдактар не выключае, што арыгінал майго ліста мог быць перададзены на кансультацыю праваабаронцу Алегу Волчаку. Хто б ні быў гэты чалавек, я лічу яго правакатарам, які прынёс шкоду не толькі мне, але і паважанай мною газеце. Такіх правакатараў трэба выяўляць, называць іх імёны, і, як кажуць у народе, не пускаць на парог», – падкрэсліў Аляксандр Каваленка.  

Ён у 2010 годзе быў рэабілітаваны пасля незаконнага прысуду, па якому правёў у папраўчай калоніі 3 гады і 2 месяцы. Зараз Аляксандр і Валянціна Каваленкі дамагаюцца ўзнаўлення парушаных правоў свайго сына, які ўжо дзясяты год адбывае пакаранне ў калоніі. 

Каментаваць