Правакатарку пераследаваць не збіраюцца

Правабаронцы Тамары Сяргей адмоўлена ў магчымасці крымінальна пераследаваць грамадзянку Тарасаву, якая ўзвяла паклёп на юрыстку, бо правакатарка, «згодна даведцы адрасна-даведачнага бюро, у Рэспубліцы Беларусь не значыцца».


Тамара Сяргей (у цэнтры) сярод актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры

Тамара Сяргей (у цэнтры) сярод актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры



Нагадаем, што 6 лістапада 2015 года ў дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі Тамара Сяргей была затрыманая на чыгуначным вакзале Мінска падчас сустрэчы з актывістамі Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконнасці ў судах і пракуратуры, каб разам паехаць да Палаца незалежнасці, дзе павінна была адбыцца цырымонія інаўгурацыі. Супрацоўнік Мінскага аддзела ўнутраных спраў (АУС) на транспарце, падпалкоўнік Сяргей Гаркавы ў прысутнасці старшага прапаршчыка Сяргея Махнача затрымаў юрыстку па абвінавачванні грамадзянкі Тарасавай у тым, што Тамара Сяргей адкрыта скрала ў гэтай жанчыны 300 долараў ЗША.  

У сувязі з гэтымі дзеяннямі, якія праваабаронца лічыць правакацыйнымі, Тамара Сяргей накіравала скаргі міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу і генеральнаму пракурору Аляксандру Канюку.  

Вынікам праверкі гэтых скаргаў стала выснова, што (на мове арыгіналу. — М.Г.) “нарушений законодательства в действиях сотрудников Минского ОВД на транспорте, а также в действиях Тарасовой Т.Н. не установлено”.

Засталіся безвыніковымі і ўсе спробы юрысткі атрымаць адказы на свае пытанні наконт затрымання. А пасля таго, як жанчыну прыняў намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Мельчанка, з ёй было спынена ліставанне і адмоўлена ў сустрэчы з кіраўніком МУС Ігарам Шуневічам.      

У сваю чаргу, суддзя суда Цэнтральнага раёна Мінска Іван Майсейчык адмовіўся распачынаць грамадзянскую справу па скарзе юрысткі, якая прасіла суд абавязаць МУС правесці праверку законнасці яе затрымання Сяргеем Гаркавым і Сяргеем Махначом,  адказаць на пытанні, а таксама абавязаць Міністэрства ўнутраных справаў пазнаёміць яе з матэрыяламі праверкі па заяве грамадзянкі Тарасавай. Пазіцыю Івана Майсейчыка падтрымала калегія па грамадзянскіх справах Мінгарсуда ў складзе Аляксея Бычко, Алены Крук і Іны Яблакавай (старшыня).

У сваёй заяве ў МУС аб узбуджэнні крымінальнай справы супраць грамадзянкі Тарасавай правабаронца падкрэсліла, што на яе быў узведзены паклёп у здзяйсненні асабліва цяжкага злачынства, за якое арт. 206 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь прадугледжана пакаранне да 13 гадоў зняволення.  

Згодна пастанове Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкаму, зацверджанай начальнікам міліцыі грамадскай бяспекі, палкоўнікам міліцыі Іванам Кубраковым, грамадзянка Тарасава пасля таго, як дала тлумачэнні, была адпушчаная з міліцэйскага пастарунку і “згодна даведцы адрасна-даведачнага бюро ў Рэспубліцы Беларусь не значыцца”. З гэтых абставінаў юрыстцы было адмоўлена ва ўзбуджэнні крымінальнай справы супраць грамадзянкі Тарасавай.

У каментары НЧ Тамара Сяргей падкрэсліла:

Адмова ва ўзбуджэнні крымінальнай справы па маёй заяве ў чарговы раз сведчыць, што супраць мяне была здзейснена правакацыя. І названая грамадзянка з’яўляецца непасрэднай дзеючай асобай гэтай правакацыі. Бо ва ўсіх дакументах гэтая жанчына праходзіць пад прозвішчам Тарасава з ініцыяламі Т.Н. Атрымоўваецца, што нават у міліцыі не ведаюць поўнае імя і імя па бацьку гэтай грамадзянкі. Такім чынам, без праверкі дакументаў для ўстанаўлення сапраўднай асобы жанчыны яна была адпушчаная і знікла ў невядомым накірунку, а мяне чатыры гадзіны трымалі ў пастарунку і абшуквалі па абвінавачванні ў асабліва цяжкім злачынстве.



Абмеркаванне:

  • КВМ
  • 2016-09-21 07:49:15
Я считаю, что прокуратуру и суды захватили опасные для общества люди, для которых закон не писан.

Каментаваць