Праваслаўны садок

Зло можа хавацца пад прыгожай абалонкай, а казачны Калабок прынёс сябе ў ахвяру, каб накарміць іншых. Гэтаму вучаць у праваслаўнай групе мінскага дзіцячага садку «Вясёлка». Малыя тут чытаюць перад сняданкам «Ойча наш», а па царкоўных святах ходзяць на прычасце. Яны ездзяць у паломніцтва, згадваюць у малітве бацькоў, ведаюць, што душа сыходзіць да Бога. «Святы Божа, Святы моцны, Святы несмяротны, памілуй нас!» — лапочуць малыя, стоячы перад абразамі.
 



Валянціна Працько


За кожнага — паклоны Богу

Над шафкамі распранальні, у куце, вісіць вялікі абраз. Тата, што прыйшоў за сынам, кланяецца яму, ахінаючы сябе хросным знакам. У асноўным бацькі, — людзі выцаркоўленыя. Існуе вялікая чарга ахвотнікаў уладкаваць сюды сваіх дзяцей. З кожным новым выпускам вызваляюцца месцы. Напярэдадні прыходу новага дзіцяці выхавальніца Валянціна Працько моліцца за яго і кладзе паклоны Богу. Менавіта яна стаяла ў вытокаў стварэння рознаўзроставай праваслаўнай групы 12 гадоў таму.

— Праваслаўнае выхаванне патрэбна дзецям як паветра, — пераканана Валянціна Канстанцінаўна. — Свяціцель Мікалай Сербскі казаў, што мы павінны пра Бога думаць часцей, чым дыхаць. А мы чамусьці лічым, што будзем гэта рабіць калі-небудзь, але не цяпер. Я дапусціла шмат памылак у выхаванні ўласных дзяцей, патрабаванні да дадзеных ім мірскіх ведаў былі такімі высокімі, што цяпер пажынаю гэтыя плады і разумею, наколькі шчаслівыя тыя бацькі, якія выхавалі дзіця ў праваслаўі, далі яму духоўна-маральную апору.

Мы чытаем Ойча наш перад сняданкам!



Пячатка для дзіцячага сэрца

— Як і ўвесь садок, мы працуем па базавай праграме «Пралеска». Але ў кожнай тэме распрацаваны духоўна-маральны аспект, — тлумачыць Працько.

Матэрыялы для заняткаў Валянціна Канстанцінаўна чэрпае ў святых айцоў. Яна паказвае мне цэлую бібліятэчку праваслаўнай літаратуры.

— Феафан Пустэльнік казаў: «Не пакідайце думку голай, апранайце яе ў выяву і даводзьце да пачуццяў». Мы спрабуем гэта рабіць, пакінуць пячатку на дзіцячым сэрцы, — распавядае выхавальніца.

«Чаму нас вучыць восень?» — назва аднаго з заняткаў. Ёсць плады зямныя, а ёсць — духоўныя, якія збірае душа. Для дзяцей намаляваны і тыя, і іншыя.

Валянціна Канстанцінаўна, калі распавядае дзецям пра Святую Тройцу, узгадвае словы роўнаапостальных Кірылы і Мяфодзія: «Гэта таямніца вялікая. Але мы толькі набліжаемся да гэтай таямніцы». І як прыклад трыадзінства прыводзіць Сонца: яно мае форму шара, нясе святло і цяпло. У адзіным — тры часткі.

Выхавальніца бярэ яблык, разразае яго і паказвае дзецям: «Што ў гэтым яблыку ёсць?» «Скурка, мякаць і зярняткі», — адказваюць яны. Зноў тры часткі. Што ж тут галоўнае? Некаторыя адказваюць: «Мякаць». Валянціна Канстанцінаўна тлумачыць малым: «Сапраўды, мякаць сілкуе цела, але таямніца, якую схаваў Бог, — у зярнятку, у ім закладзена ўся выява яблыні. Пасля гэтага тлумачэння яблык дзеляць на ўсіх і смакуюць.

Нас водзяць на прычасце

 

Пашкоджаная грахамі душа

На занятку пра душу Валянціна Канстанцінаўна бярэ талерку з надпісам «душа» і неспадзявана яе разбівае. Дзеці прапануюць яе склеіць. І робяць усё разам.

Але ці можна зараз есці з гэтай талеркі? Ці можа яна выконваць сваё прызначэнне? Не, таму што яна пашкоджана.

— Вось штосьці падобнае здараецца і з душой, калі яна пашкоджваецца грахом, — тлумачыць малым выхавальніца.

На дзіця ідзе вобразнае ўздзеянне. Дзесяць запаведзяў — гэта правілы руху душы па жыцці. Як паветра патрэбна для цела, так і намеры патрэбныя для душы.

Дзеткам таксама распавядаецца пра духоўнае адзенне, пра сорам, які адрознівае чалавека ад жывёлы, пра выгнанне людзей з Рая, пра ўстрыманне. Ідзе гаворка і пра смерць цела, але пра паветраныя пакуты душы малым ведаць пакуль рана.

Падарункі матулям да свята жонак-міраносіц

 

Маршак на праваслаўных рэйках

Тут практыкуюць і кнігі, якія размаўляюць. На ранішніках малыя глядзяць іх разам з бацькамі, а апошнія бяруць удзел у гэтых міні-імпрэзах. Напрыклад, з шасці старонак адной такой кнігі выходзяць жывыя персанажы. На першай старонцы — якраз прыказкі пра паслухмянства: «Адам Еву паслухаў і яблык з’еў», «Хто слухае бацьку з маці, той шчаслівы ў роднай хаце», «Свая воля завядзе ў няволю» і іншыя.

Затым — старонка святой гісторыі: намаляваны Эдэмскі сад, змей на дрэве, Адам і Ева. Гледзячы на малюнкі, дзеці распавядаюць, як здзейсніўся першы грэх.

«Казка пра дурное мышаня» савецкага дзіцячага пісьменніка Маршака таксама была пастаўлена тут на праваслаўныя рэйкі. Сэнс змененай казкі такі: нам прыгатаваны шлях да выратавання, які мы павінны прыняць, але мы чамусьці не жадаем.

— Як у прыказцы: «Не жадаю ў вароты, разбірай плот!» — кажа Валянціна Канстанцінаўна. — Таму казка адрасавана, у першую чаргу, бацькам.

Цікава, што дзецям тлумачаць нават тое, што зло можа мець вельмі прывабную абалонку. Напрыклад, усе персанажы «Казкі пра дурное мышаня» ў новым прачытанні працуюць, і толькі адна котачка, прыбраная ў футра і золата, круціцца перад люстэркам.

— Ёсць прыгажосць вульгарная, якая адштурхвае, а ёсць такая, якую мы можам памылкова прыняць за сапраўдную прыгажосць, — тлумачыць Валянціна Канстанцінаўна. — Гэтая котка выклікае захапленне ў дзяцей да таго моманту, пакуль… не з’ядае мышаня.

Нават казачны Калабок прапушчаны праз прызму хрысціянства: у фінале казкі ён ахвяруе сабой — частуе сабой усіх, па кавалачку…

Валянціна Працько з дзецьмi. У праваслаўную групу ходзяць дзеткі ад 3 да 7 гадоў

 

Таямніца лічбаў у Бібліі як аснова матэматыкі

«Считай и запомни: когда подрастешь, четыре Евангелия вместе прочтешь!» — вучаць дзеткі лічбу «чатыры» на занятку па матэматыцы. Лічбу «сем» — па каляровых ілюстрацыях Сусветнага патопу, малююць над Ноевым каўчэгам вясёлку. І не проста вясёлку, а падзячную ахвяру, прынесеную Богу. Гэтыя дзеткі ведаюць, што да Патопу не было вясёлкі. Ведаюць і тое, што вясёлка («радуга») адбылася ад слова «радость», і што ёсць абраз Божай Маці «Утеха». Шматлікія малыя прыкладваліся да яе, а адзін хлопчык узгадаў, як яго расцалаваў у шчокі плябан Ватапедскага манастыра архімандрыт Яфрэм (патрапіў пад ягонае блаславенне).

— У аснове свету ляжыць крыж — гэты лічба «чатыры», лічба Бога — «тры», а ў лічбе «сем» Бог злучыўся са светам, — тлумачыць дзецям Валянціна Канстанцінаўна. — Шэсць дзён мы працуем, а адзін адпачываем, гэты дзень прысвячаецца Богу. Таму што справы свету павінны вяртацца Богу і асвячацца, свет злучаецца з Богам, тварэнне — з Творцам.

Паслухмянства і прычасце

Дзеці бяруць паслухмянства на час посту: кожны дзень тыдня — новае паслухмянства. Напрыклад, не размаўляць за трапезай, дапамагаць малодшым апранацца на шпацыр, не парушаць дысцыпліну на занятках, не біцца на цацачных мячах.

На прычасце выхавальніца водзіць дзяцей па дванадзясятых святах — на раннюю літургію, каб паспець прывесці іх назад да сняданку і ўліцца ў рэжым. У такія дні бацькі вязуць дзіця адразу ў храм, а не ў садок.

Калі з набожнымі бацькамі ўсё зразумела, то чаму агностыкі ды атэісты аддаюць у незвычайную групу дзяцей? Аргументуюць тым, што тут дзеці не хварэюць. Другі варыянт адказу: дзіця на летніх вакацыях некіраванае, а пры наведванні групы становіцца паслухмяным і спакойным.

— Бог навучае, і часам праз гэтых дзяцей вучыць і мяне, сівую, — кажа выхавальніца. — Бацька Васіль са Свята-Пакроўскай царквы, што ў Крупках, бывае ў нас на ранішніках. Дык вось, ён неяк звярнуўся да бацькоў: «Не пускайце дзяцей наперад сябе, інакш вы іх страціце»…

Многія з дзяцей чытаюць малітвы не толькі ў групе, але і дома. Малыя ездзяць і ў паломніцтва, і на экскурсіі — у Жыровіцкі манастыр, у полацкую Сафію, у Свята-Елісавецінскі манастыр у Навінках.

 «Я ніколі не забудуся на Бога!»

— Парасткі кінутага вамі ў дзіцячую свядомасць насення праваслаўя ўжо бачныя? — пытаюся ў Валянціны Канстанцінаўны.

— Мне здаецца, гэтую ўнутраную працу праводзіць і бачыць толькі Бог. Мы выключна накіроўваем. Але, несумнеўна, дзеці цешаць — адказамі і ўчынкамі, якія ідуць не ад розуму, а ад сэрца. Напрыклад, тое, як адхілены сябрамі хлопчык пераносіць адзіноту, мне — павучанне. Толькі Бог можа абараніць сцяной, якая агароджвае ад хваравітых наступстваў і пакрыўджанага, і таго, хто крыўдзіць. Яшчэ прыклад: уся група праходзіць па калідоры, а адно дзіця вяртаецца, каб паправіць за ўсімі дыванок, змяты мноствам ног. Хоць яму ніхто не даваў такога задання…

Што чакае дзяцей пасля выхаду з гэтых сцен? Бо ў звычайнай школе — зусім іншае жыццё.

Цешыць адказ выхаванца Валянціны Канстанцінаўны: «Я ніколі не забудуся на Бога, таму што бабуля за мяне моліцца».

— Гэта ўзровень сардэчнай сувязі, — пераканана выхавальніца. — Тата хлопчыка ў царкву не хадзіў, мама — зрэдку, а вось бабуля малілася. Менавіта яна і прывяла да нас унука.

За 12 гадоў — 12 выпускаў. А галоўнае пажаданне выпускнікам: «Вучыся, маліся і не лянуйся!»

Меркаванні бацькоў

Святлана Ліхалап, мама Федзі Ліхалапа распавяла:

— Фёдар — наша чацвёртае дзіця. Калі б ён з такім жа задавальненнем, як сюды, хадзіў у танцавальны гуртоккружок, я была б шчаслівая. Гэту групу нам параіла хросная Федзі, сюды хадзілі яе дзеці. Мы наведалі калядны ранішнік, нам вельмі спадабалася тутэйшая атмасфера. Акрамя таго, у сына былі праблемы з маўленнем, ён запінаўся. Цяпер гэтага няма, дзякуючы спакойнаму, сямейнаму становішчу групы. Бо ўсё робіцца тут з малітвай. Сам Федзя ведае «Ойча наш», «Багародзіцу» і «Знак веры».



Яўген Хурсін, тата Міхася Хурсіна, адзначыў:

— Міхась — сярэдні з трох маіх сыноў. Чаму мы тут? Мы — вернікі, праваслаўныя хрысціяне. Вельмі хацелі патрапіць у гэты дзіцячы садок, хоць жывем у іншым раёне горада. Дзве дачкі хроснай маці Міхася наведвалі гэтую групу. Калі мы даведаліся пра тое, то прыехалі, папрасілі ўзяць нас. Міхасю вельмі падабаецца. Спадзяюся, мой малодшы сын Глеб, калі падгадуецца, таксама пойдзе сюды.
 

Каментаваць