Нашы правы — наша багацце: Прававы статус асобы

Пасля азнаямлення з Канстытуцыяй 1994 года і зместам паправак, якія былі ўнесеныя ў яе шляхам рэферэндумаў, засяродзім увагу на самым важным раздзеле Асноўнага закону: «Асоба, грамадства, дзяржава». У ім замацаваны асноўныя правы, свабоды і абавязкі грамадзян, а таксама гарантыі іх забеспячэння і абароны.



Гэта неабходна ведаць любому грамадзяніну, які хоць раз у жыцці спасылаўся на «канстытуцыйныя правы».

Фундаментальнае значэнне маюць артыкулы 21, 22 і 23 Канстытуцыі. Менавіта яны вызначаюць чатыры асноўныя рэчы: забяспечанасць правоў і свабод; паўнату нададзеных правоў і свабод; роўнасць усіх перад законам; законнасць і абгрунтаванасць абмежавання правоў і свабодаў.

Усё для грамадзяніна

Згодна з часткай 1 артыкула 21 Канстытуцыі, забеспячэнне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь з’яўляецца вышэйшай мэтай дзяржавы. З гэтай нормы вынікае, што для дзяржавы і ўсіх яе органаў няма больш важнай задачы, чым стварэнне ўмоў, спрыяльных для рэалізацыі правоў і свабод грамадзян.

Такая стратэгічная мэта пазначаная і ў першых артыкулах Канстытуцыі, у якіх Рэспубліка Беларусь абвяшчаецца дэмакратычнай, сацыяльнай і прававой дзяржавай, а чалавек, яго правы і свабоды — вышэйшай каштоўнасцю дзяржавы і грамадства (артыкулы 1 і 2).

Больш за тое, на дзяржаву ўскладаецца абавязак «прымаць усе даступныя ёй меры для стварэння ўнутранага і міжнароднага ладу, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй» (частка 1 артыкула 59). Усе дзяржаўныя органы, службовыя і іншыя асобы, якім даверана выкананне дзяржаўных функцыяў, у тым ліку кіраўнік краіны, абавязаны ў межах сваёй кампетэнцыі прымаць неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабод асобы (частка 2 арт. 59).

Вось так. Усё — для нас, усё — для грамадзян. Найпершы клопат усіх дзяржаўных органаў і службовых асоб — думаць і дбаць пра сваіх грамадзян, зрабіць для іх дабрабыту ўсё магчымае. Не парушаць іх правоў і свабод, не падвяргаць іх абмежаванням, нават калі грамадзяне крытыкуюць уладу, патрабуюць рэформаў, і нават змены ўлады.

У тых выпадках, калі правы грамадзян парушаюцца, грамадзяне павінны мець эфектыўныя сродкі абароны. Такіх сродкаў павінна быць дастаткова — пачынаючы ад незалежнага і бесстаронняга суда і заканчваючы парламенцкім ўпаўнаважаным па правах чалавека.

Што маем на практыцы? З аднаго боку, заканадаўства фармальна замацоўвае правы і свабоды грамадзян, а з іншага — немагчыма рэалізаваць абвешчаныя правы і свабоды. Гэтая сітуацыя перадвызначаецца як істотнымі абмежаваннямі правоў і свабод, так і складанай працэдурай іх ажыццяўлення. Акрамя таго, дзяржаўныя органы і службовыя асобы не прымаюць «неабходныя меры для ажыццяўлення і абароны правоў і свабодаў асобы».

Напрыклад, дэкларуецца, што кожны мае права на свабоду сходаў. Але рэалізаваць гэта права для шараговага грамадзяніна амаль немагчыма. Чаму? Па-першае, улады часцяком не даюць дазволу на мерапрыемства, а па-другое, трэба вырашыць шэраг «працэдурных пытанняў». Так, для правядзення сходу, пікету альбо мітынгу загадзя трэба заплаціць немалую суму: заключыць дамову з міліцыяй на ахову парадку, з медыкамі — на магчымае аказанне ўдзельнікам сходу медычнай дапамогі, з камунальшчыкамі — на прыборку тэрыторыі пасля мерапрыемства. Гэта вялікія грошы, якія не ў кожнага знойдуцца. Хаця за ўсё гэта, насамрэч, ужо заплачана: і міліцыя, і камунальшчыкі, і медыкі атрымліваюць грошы з бюджэту, а значыць — з нашых з вамі падаткаў.

Правы і свабоды — напоўніцу?

У адпаведнасці з часткай 3 артыкула 21 Канстытуцыі, «дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы».

З гэтай нормы вынікае, што грамадзяне могуць разлічваць на тое, што ўсе правы і свабоды, пра якія ідзе гаворка ў Канстытуцыі і іншых законах краіны, можна выкарыстоўваць. Пры гэтым не важна, якія гэта правы: грамадзянскія, палітычныя, эканамічныя, сацыяльныя ці культурныя. Любыя! Па сваім жаданні! Заўсёды!

Дзяржава таксама павінна стварыць умовы для рэалізацыі правоў і свабод, прадугледжаных і ў ратыфікаваных міжнародных дамовах. Нормы міжнародных дамоваў павінны дзейнічаць на тэрыторыі краіны, і на іх можна наўпрост спасылацца як на нормы беларускага заканадаўства.

А калі прадстаўнікі ўлады не выконваюць сваіх абавязацельстваў перад грамадзянамі? У такім выпадку яны, па сутнасці, абкрадаюць грамадзян, паколькі не дазваляюць карыстацца іх «багаццем» — правамі і свабодамі. Улада ператварае людзей у бедных, залежных і бяспраўных, што прыводзіць да сацыяльных катаклізмаў.

Некаторыя “больш роўныя”?

Артыкул 22 Канстытуцыі прадугледжвае, што ўсе роўныя перад законам і маюць права без усякай дыскрымінацыі на роўную абарону правоў і законных інтарэсаў.

Гэта — прызнанне пастулату Дэкларацыі правоў і свабод чалавека і грамадзяніна 1789 года, галоўнага дакумента Вялікай Французскай рэвалюцыі: «Усе нараджаюцца свабоднымі і роўнымі ў сваёй годнасці» (артыкул 1).

Так і павінна быць у дэмакратычнай прававой дзяржаве. Калі парушаецца гэты прынцып, то грамадства перастае быць справядлівым. Яно пачынае дзяліцца на прывілеяванае  саслоўе і людзей, пазбаўленых правоў. Па агульным прынцыпе, улада займае бок прывілеяваных і ўціскае абяздоленых.

Нешта падобнае назіраецца ў Беларусі. Чаму такое адбылося і што стала адпраўной кропкай?

Хутчэй за ўсё, прычынай стала ўсёдазволенасць кіраўніка дзяржавы, у тым ліку неабмежаваныя паўнамоцтвы і права на бестэрміновае знаходжанне на вышэйшай пасадзе. Прыклад «першай асобы» пацягнуў за сабой ланцуговую рэакцыю ніжэйшых службовых асоб. Яны паступова прысабечвалі ўсё новыя і новыя ільготы і перавагі. Сярод іх нават права на вызваленне ад адказнасці за парушэнне законаў. Так, у адпаведнасці з папраўкамі у Крымінальна-працэсуальны кодэкс, пытанне аб прыцягненні да крымінальнай адказнасці асоб, якія ўваходзяць у кадравы рэестр кіраўніка дзяржавы, вырашаецца толькі з ягонай згоды.

Адначасова з неабгрунтаванымі ільготамі і перавагамі для адных асоб дапускаецца дыскрымінацыя ў дачыненні да іншых катэгорый грамадзян, перш за ўсё, палітычных апанентаў дзеючай улады. Прыкладаў таму — мноства.

І тое, і іншае недапушчальна з пазіцыі Канстытуцыі. Але ў нашым выпадку Канстытуцыя, як гаворыцца, «адпачывае».

Абмежаванне як выключэнне

Згодна з артыкулам 23 Канстытуцыі, абмежаванне правоў і свабод дапускаецца толькі ў выпадках, прадугледжаных законам, у інтарэсах нацыянальнай бяспекі, грамадскага парадку, абароны маралі, здароўя насельніцтва, правоў і свабод іншых асоб.

Вядома, пэўныя абмежаванні ў рэалізацыі правоў і свабод могуць мець месца. Трэба ж неяк затрымліваць асоб, якія падазраюцца ў здзяйсненні злачынстваў, рабіць ператрусы і выемкі па расследуемым справах і г.д. Нейкія абмежаванні могуць быць у сферы свабоды выказвання меркаванняў, распаўсюджвання інфармацыі, пры правядзенні мітынгаў, сходаў, шэсцяў. Напрыклад, каб не дапусціць распальвання міжнацыянальнай варожасці. Магчымыя абмежаванні пры стварэнні палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў, каб забараніць відавочна экстрэмісцкія і тэрарыстычныя арганізацыі.

Аднак гэтыя абмежаванні павінны быць разумнымі і насіць выключны характар. Зыходзячы з сэнсу артыкула 23 Канстытуцыі, абмежаванні правоў і свабод грамадзян могуць дапускацца пры наяўнасці дзвюх умоў: яны павінны ўсталёўвацца законам і прымяняцца толькі ў неабходных выпадках. Ніякіх «адвольных» забаронаў і абмежаванняў быць не павінна.

Лічыцца, што закон павінен выказваць грамадскую патрэбу, а не  інтарэсы ўладных структур. Ён павінен прымацца вышэйшым прадстаўнічым органам улады ў выніку галоснага  абмеркавання. Па сэнсе дадзенай канстытуцыйнай нормы не дапускаецца ўвядзенне абмежаванняў правоў і свабод грамадзян прэзідэнцкімі дэкрэтамі і ўказамі, пастановамі ўрада, ведамаснымі актамі. Калі такое адбываецца, то дадзеныя акты павінны прызнавацца супрацьпраўнымі і, значыць, не маючымі юрыдычнай сілы, а асобы, вінаватыя ў іх выданні, павінны падлягаць адказнасці.

Абмежаванні павінны быць неабходнымі. Напрыклад, у мэтах абароны нацыянальных інтарэсаў спецслужбам можна дазволіць ажыццяўляць кантроль за асобамі, падазраванымі ў шпіёнскай дзейнасці, але зусім не за палітычнымі апанентамі ўлады. Так, праваахоўныя органы маюць права прымаць меры для спынення злачыннай дзейнасці, але не павінны выкарыстоўвацца для разгону мірных акцый пратэсту. Грамадзяніна можна затрымаць па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства, але нельга ператвараць у раба ці «паддоследную жывёлу» на перыяд знаходжання ў месцы папярэдняга зняволення.

Галоўнае, што мэты, якія пераследуюцца пры абмежаванні свабодаў, павінны быць прадыктаваныя інтарэсамі грамадства, а не інтарэсамі асобы альбо групы асоб, хай гэтая «група» на дадзены момант і знаходзіцца ва ўладзе. Мэты абмежавання свабодаў не павінны трактавацца больш шырока або аднабакова. Інакш гэта будзе замаскіраванай формай замаху на правы і свабоды грамадзян, якія ахоўваюцца законам.

Вітаем у рэальнасці!

Як мы бачым, артыкулы 21, 22 і 23 Канстытуцыі, як і ўся Канстытуцыя ў цэлым, зараз не выконваюцца. Прадстаўнікі ўлады не прымаюць належных мер па забеспячэнні абвешчаных у Канстытуцыі правоў і свабод грамадзян. Прынцып роўнасці ўсіх перад законам носіць фармальны характар. Цэлыя пласты грамадства (чыноўнікі, суддзі, пракуроры, прадстаўнікі сілавых ведамстваў і інш.) маюць неабгрунтаваныя льготы і перавагі. Абмежаванне правоў і свабод грамадзян усталёўваецца адвольна і не толькі на ўзроўні законаў, але і падзаконных актаў.

Што з гэтым рабіць і як змяніць сітуацыю? Мы прымаем прапановы!

Паважаныя чытачы! Свае пытанні па абароне правоў чалавека вы можаце задаць Міхаілу Пастухову, даслаўшы іх у рэдакцыю, альбо ў каментарах пад артыкулам на сайце novychas.info.

Каментаваць