Правы спажыўца

Да нас у газету ад грамадзян прыходзіць шмат лістоў, мы вырашылі аб’яднаць іх у рубрыку «Правы спажыўца». Адказы на пытанні чытачоў падрыхтаваў праваабаронца ПЦ «Прававая дапамога насельніцтву» (Кіеў, Украіна) з Мастоў Зміцер Кухлей.

- Два месяцы таму ў краме набыў тэлевізар «Гарызонт». Прайшло 4 тыдні, і тэлевізар зламаўся. Знахо­дзіцца ў рамонце больш за месяц, і калі бу­дзе гатовы, не вядома. Што рабіць?



Да нас у газету ад грамадзян прыходзіць шмат лістоў, мы вырашылі аб’яднаць іх у рубрыку «Правы спажыўца». Адказы на пытанні чытачоў падрыхтаваў праваабаронца ПЦ «Прававая дапамога насельніцтву» (Кіеў, Украіна) з Мастоў Зміцер Кухлей.

- Два месяцы таму ў краме набыў тэлевізар «Гарызонт». Прайшло 4 тыдні, і тэлевізар зламаўся. Знахо­дзіцца ў рамонце больш за месяц, і калі бу­дзе гатовы, не вядома. Што рабіць?

Гарантыйны рамонт павінен быць зроблены на працягу 14 дзён з моманту звароту спажыўца ў сервісны цэнтр. У гэтай сітуацыі спажывец мае права адмовіцца ад далейшага правядзення рамонту, таму што ліквідацыя недахопу патрабуе вялікіх выдаткаў часу, і патрабаваць у прадаўца вярнуць грошы за няякасны тавар.

- Набыў білет на аўтобус, які ідзе па маршруту «Мінск—Масты». У дарозе аўтобус зламаўся. Давялося дабірацца папутным транспартам, таму што на працягу 30 хвілін іншы аўтобус так і не падалі. Якія прэтэнзіі можна прад’явіць аўтавакзалу?


Пасажыры маюць права патрабаваць кампенсацыі кошту квітка і кампенсацыі маральнай шкоды.

- У пакупніка была прэтэнзія да мяккай мэблі, мэблю замянілі на новую з пратэрміноўкай у тры месяцы. Пакупнік пасля замены мэблі напісаў распіску: матэрыяльных і маральных прэтэнзій не маю. Зараз пакупнік пагражае судом, патрабуе добраахвотна задаволіць яго прэтэнзіі па выплаце няўстойкі за несвоечасовае закрыццё прэтэнзіі і маральную шкоду. На што ў гэтым выпадку мае права пакупнік?

Калі дамовай была прадугледжана няўстойка, тады ён можа звярнуцца ў суд, у выпадку парушэння тэрмінаў ліквідацыі недахопаў. Суд будзе ацэньваць у сукупнасці ўсе доказы, у тым ліку і распіску.

- Здаваў у рамонт DVD плэер, таму што не чыталіся дыскі. Вельмі доўга ўсё рабілі, давялося ездзіць два разы і прыспешваць. Праз пару тыдняў пасля таго, як забраў плэер з рамонту, праблема зноў паўтарылася, і зараз плэер не працуе. Рамонт рабіўся па гарантыі ў сервісным цэнтры. Што вы можаце параіць у гэтай сітуацыі?


У адпаведнасці з артыкулам 20 Закона «Аб абароне правоў спажыўцоў», асобе, якой прадалі тавар неналежнай якасці, калі яго недахопы не былі абгавораны прадаўцом, прадастаўляюцца магчымасці на свой выбар патрабаваць:

1.1. замены няякаснага тавару таварам належнай якасці;

1.2. суразмернага змяншэння пакупніцкай цаны тавару;

1.3. неадкладнай бескаштоўнай ліквідацыі недахопаў тавару;

1.4. кампенсацыі выдаткаў па ліквідацыі недахопаў тавару.

У выпадку выяўлення недахопаў тавару, якасці якога не дазваляюць ліквідаваць гэтыя недахопы (харчовыя прадукты, тавары бытавой хіміі і інш.), спажывец мае права па свайму выбару запатрабаваць замены такога тавару таварам належнай якасці або суразмернага змяншэння пакупной цаны.

- Збіраюся набыць у краме дарагі свяцільнік. Ці магу я (калі так, то ў які тэрмін) вярнуць пакупку і атрымаць грошы ці абмяняць, калі не падыдзе колер або мадэль?

Можаце вярнуць на працягу 14 дзён. Патрабаванне спажыўца аб абмене або вяртанні тавару павінна быць выканана, калі тавар не быў у спажыванні, захаваны яго спажывецкія якасці і маюцца доказы набыцця яго ў гэтага прадаўца. Адзінае, калі на свяцільнік будзе гарантыя, папрасіце не ставіць адзнаку крамы аб продажы ў пашпарце (або дакуменце, які яго замяняе), таму што ў гэтым выпадку свяцільнік не можа быць вернуты.

- Два тыдні таму набыў скураную курту. Куртка афарбоўвае рэчы, якія апрануты пад ёй. Якія патрабаванні можна прад’явіць і каму, прадаўцу ці вытворцу?

Няўстойлівасць фарбавальніка з’яўляецца хібай вытворчага характару. Спажывец мае права па свайму жаданню прад’явіць патрабаванні прадаўцу або вытворцу аб скасаванні дамовы куплі-продажу і пакрыцці страт, якія былі прынесены яму няякасным таварам.

- Набыў набор рондаляў з тэфлонавым пакрыццём. Гарантыйны тэрмін — 6 месяцаў. Пасля эксплуатацыі на працягу 2 месяцаў усе рондалі сталі непрыдатнымі да ўжывання. Прадавец адмовіўся задаволіць маё патрабаванне аб замене. Што рабіць?

Спажыўцу неабходна звярнуцца з пісьмовай заявай на імя прадаўца з указаннем недахопаў у тавары і канкрэтнага патрабавання. На працягу 14 дзён з моманту атрымання заявы прадавец абавязаны зрабіць за свой кошт незалежную экспертызу. Па выніках праведзенай экспертызы або задаволіць патрабаванні спажыўца або адмовіць у задавальненні яго патрабаванняў. Спажывец мае права прысутнічаць пры правядзенні экспертызы, пра месца і час якой прадавец павінен паведаміць спажыўцу.

- Боты аддалі ў майстэрню для таго, каб паставілі новыя набіванкі. У выніку рамонту пашкодзілі абцас. Што рабіць?

Спажывец мае права заявіць патрабаванне аб замене абцаса. У выпадку немагчымасці ліквідаваць недахоп — патрабаваць прадастаўлення аналагічнай мадэлі абутку або пакрыцця кошту абутку.

- У снежні 2008 года набыў электрасушылку для абутку. 13 мая 2009 года па гарантыі бясплатна адрамантаваў. У лютым гэтага года яна зноў зламалася. На сушылку гарантыя 1 год, тэрмін эксплуатацыі 5 год. Скажыце, калі ласка, ці магу я зараз вярнуць два разы зламаную сушылку назад у крамы або абмяняць яе на такую ж або забраць грошы? Чэк і дакументы ёсць.

У выпадку бескаштоўнай ліквідацыі недахопаў тавару гарантыйны тэрмін на яго працягваецца на перыяд, на працягу якога тавар не выкарыстоўваўся, то бок на той перыяд часу, калі сушылка знаходзілася ў рамонце з даты звароту ў майстэрню да даты вяртання адрамантаванай сушылкі. Калі з улікам гэтага тэрміну гарантыйны тэрмін не скончыўся, вы маеце права звяртацца ў краму з патрабаваннем аб замене тавару або вяртанні грошай. А патрабаваць у прадаўца адрамантаваць тавар вы можаце на працягу двух гадоў з моманту набыцця сушылкі паводле ч. 3 арт. 14 Закона «Аб абароне правоў спажыўцоў», дзе зазначана, што прадавец забяспечвае магчымасць тэхнічнага абслугоўвання і рамонту тавару на працягу гарантыйнага тэрміну, а калі гарантыйны тэрмін не ўстаноўлены або складае меней за два гады, — на працягу двух гадоў з дня рэалізацыі спажыўцу тавару, калі больш працяглыя тэрміны не ўстаноўлены заканадаўствам і (або) дамовай. Гэта значыць, што вы маеце права на працягу двух гадоў звяртацца да прадаўца, а той, у сваю чаргу, арганізаваць вам рамонт тавару, у тым ліку і скіраваць вас у адпаведную рамонтную майстэрню. Пры гэтым рамонт павінен быць зроблены бясплатна.

- Ці з’яўляецца правамоцным, што прадавец прадстаўляе гарантыйны тэрмін на халадзільнік на 1 год, калі ў пашпарце вытворцы пазначаны гарантыйны тэрмін 2 гады?

Паводле артыкула 13 пункта 5 Закон «Аб абароне правоў спажыўцоў», прадавец абавязаны вызначыць на тавар гарантыйны тэрмін, калі вытворца (пастаўшчык) не выканаў прадугледжаны заканадаўствам абавязак па яго вызначэнню або выканаў яго неналежным чынам. Прадавец мае права вызначаць на тавар дадатковы гарантыйны тэрмін, большы за гарантыйны тэрмін, які прадугледжаны заканадаўствам і (або) вызначанага вытворцам (пастаўшчыком), а таксама гарантыйны тэрмін на тавар, на які гарантыйны тэрмін вытворцам (пастаўшчыком) не вызначаны і абавязак па вызначэнню якога не прадугледжаны заканадаўствам. Прадавец не мае права вызначаць або аб’яўляць гарантыйны тэрмін на тавар меней за гарантыйны тэрмін, які вызначаны вытворцам (пастаўшчыком).

Каментаваць