Праз рэха цішыні

У Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстава дзіцячых карцін “Рэха цішыні. У жыцці іх аўтараў, выхаванцаў творчай майстэрні “Фарба, няма гукаў. Гэта дзеці з цяжкімі парушэннямі слыху. Свой унутраны свет і пачуцці яны ўвасобілі ў маляўнічых вобразах.



У Нацыянальным мастацкім музеі адкрылася выстава дзіцячых карцін “Рэха цішыні. У жыцці іх аўтараў, выхаванцаў творчай майстэрні “Фарба, няма гукаў. Гэта дзеці з цяжкімі парушэннямі слыху. Свой унутраны свет і пачуцці яны ўвасобілі ў маляўнічых вобразах.

Разам з малюнкамі на выставе прадстаўлены і фотаздымкі іх аўтараў, якія зрабіла Марына Бацюкова. Яна паказала юных мастакоў у звыклай для іх абстаноўцы, падчас творчай працы і зносін паміж сабой. Перапэцканых фарбамі, задумлівых, радасных, здзіўленых, гарэзлівых. “Мне б хацелася, каб гэта было сугучна і цікава ўсім, — сказала фатограф. — Хтосьці, можа, нават часам не заўважае такіх людзей побач. І хочацца фотаздымкамі паказаць, які багаты свет у гэтых дзетак, які ён розны, рознакаляровы, колькі святла яны выпраменьваюць. Гэта галоўнае. Я думаю, што ўсім нам не дастае дабра і святла ў гэтым жыцці.

У карцінах дзяцей пераважае абстрактны жывапіс. І, як лічаць адмыслоўцы, гэта не толькі таму, што кіраўнік майстэрні “Фарба Дзмітрый Ярмілаў з’яўляецца прыхільнікам наватарскага мастацтва. Але ў саміх дзяцей ёсць цяга да абстрактнага жывапісу, які ім бліжэй. Як адчуваюць, так яны і адлюстроўваюць. І актыўна выкарыстоўваюць святло і экспрэсію ў сваёй творчасці. “Я думаю, Ярмілаў таксама нездарма задае ім менавіта гэту галіну накіраванасці, — лічыць куратар праекта, мастацтвазнаўца Наталля Сяліцкая.

 “Малюнкі глуханямых дзяцей вельмі адрозніваюцца ад звычайных, — сказала яна. — Нейкай унутранай напружанасцю, унутранай экспрэсіяй. Вельмі часта яны ўжываюць цёмныя тоны, могуць спакойна выкарыстоўваць чорную фарбу. Чалавек, які хоць крышку ў гэтым разумее, адчуе, што іх малюнкі вельмі напружаныя. У звычайных дзяцей яны ўсё-такі больш мяккія.



Творчая майстэрня “Фарба існуе пры мінскай спецыяльнай школе № 14 для дзяцей з цяжкімі парушэннямі слыху. Магчыма, кажа Наталля Сяліцкая, творчасць дапамагае ім унутрана. Акрамя асноўнай, мастацкай задачы, ініцыятары выставы хацелі б сваім праектам стварыць культурную прастору, у якой бы гэтыя дзеці камфортна сябе адчувалі. І маглі самарэалізавацца адэкватна сваім магчымасцям. “У гэтым праекце ёсць і мастацкія вартасці, і сацыяльныя асновы. Таму мы зараз бярэм тэндэнцыю рабіць сацыяльна-мастацкія праекты, дзе ёсць і тое, і другое, — зазначыла мастацтвазнаўца.



У Нацыянальным мастацкім музеі гэта ўжо другая падобная выстава. У 2005 годзе пад назвай “Свет іншымі вачыма дэманстравалася экспазіцыя выхаванцаў гэтай жа творчай майстэрні. Выстава “Рэха цішыні будзе праходзіць да 27 кастрычніка.

“Такія выставы цікавыя самі па сабе, — мяркуе Наталля Сяліцкая. — Яны не збітыя. І ў такіх праектах мы якраз збіраемся адыходзіць ад выбівання слязы. Гэта нікому не трэба. Мы папросту хочам паказаць, што гэта такія ж нармальныя людзі, якія могуць таксама ствараць цікавыя рэчы. Але яны ствараюць іх асобна, а мы ўжо зверху спрабуем надаць гэтаму праекту густ і стыль. Мы адзін аднаму патрэбны.

Каментаваць