Прэтэндэнтаў у прэзідэнты ўсё больш

Хутка ў Беларусі, відаць, не застанецца ніводнай палітычнай структуры, сябры якой не заявілі б пра свой намер паўдзельнічаць у кампаніі па выбарах прэзідэнта краіны.

Сярод тых, хто збіраецца стаць кандыдатам на пасаду кіраўніка дзяржавы, — як ужо вядомыя людзі, такі і новыя асобы, пра якіх амаль нічога не было чутно літаральна да апошняга часу.



Хутка ў Беларусі, відаць, не застанецца ніводнай палітычнай структуры, сябры якой не заявілі б пра свой намер паўдзельнічаць у кампаніі па выбарах прэзідэнта краіны.

Сярод тых, хто збіраецца стаць кандыдатам на пасаду кіраўніка дзяржавы, — як ужо вядомыя людзі, такі і новыя асобы, пра якіх амаль нічога не было чутно літаральна да апошняга часу.

Яшчэ раней пра свой удзел у прэзідэнцкай кампаніі афіцыйна заявілі кіраўнік Руху “За свабоду Аляксандр Мілінкевіч, лідэр “Еўрапейскай Беларусі Андрэй Саннікаў, былы паплечнік Аляксандра Мілінкевіча і экс-намеснік старшыні Партыі БНФ, а цяпер беспрацоўны Алесь Міхалевіч. Дарэчы, гэты малады дзеяч умудрыўся зладзіць уласную прэзентацыю не абы дзе, а ў сталічнай Ратушы. Першы раз, дарэчы, Міхалевіч заявіў журналістам пра свае прэзідэнцкія амбіцыі… у Мінскім планетарыі.

У суботу, 29 мая, свайго патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты вылучыла Партыя БНФ. У гэты дзень адбыўся пазачарговы з’езд гэтай палітычнай арганізацыі. Аднак мерапрыемства праігнаравалі большасць ветэранаў-фронтаўцаў — Лявон Баршчэўскі, Віктар Івашкевіч, Вінцук Вячорка, Валянцін Голубеў, Пётра Садоўскі, іншыя вядомыя дзеячы, не згодныя з палітыкай цяперашняга фронтаўскага кіраўніцтва.

Варта адзначыць, што яшчэ ў сваю бытнасць старшынёй ПБНФ пра намер балатавацца на прэзідэнцкіх выбарах заяўляў Лявон Баршчэўскі, і ён, гледзячы па ўсім, ад таго свайго намеру не адмовіўся. Таму можа скласціся сітуацыя, калі ў спісе прэтэндэнтаў у кандыдаты ў прэзідэнты можа аказацца не толькі афіцыйна вылучаны на з’ездзе намеснік старшыні Партыі БНФ Рыгор Костусеў, але і Лявон Баршчэўскі.

Яшчэ адна адметнасць. Вельмі вялікая частка цяперашняга актыву Партыі БНФ з’яўляецца адначасова і актывам грамадскага аб’яднання, узначаленага Аляксандрам Мілінкевічам, які збіраецца ўжо ў другі раз кінуць выклік цяперашняму кіраўніку Беларусі. Вось толькі як будуць дзейнічаць сябры БНФ, калі фактычна давядзецца рабіць выбар паміж Мілінкевічам і Костусевым, цяжка сказаць. А калі яшчэ і Баршчэўскі…

У панядзелак пра свой удзел у выбарчай кампаніі абвясціў намеснік старшыні Беларускай партыі “Зялёныя Юры Глушакоў. У параўнанні з іншымі патэнцыйнымі кандыдатамі, пра гэтага палітыка вядома вельмі мала.

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль Ляўковіч паведаміў інфармацыйнаму агенцтву БелаПАН, што генеральны сакратар БСДП(Г) Мечыслаў Грыб і намеснік старшыні партыі Валеры Фралоў (генерал, былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу) таксама заявілі пра гатоўнасць удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах. Паводле Ляўковіча, яшчэ ў леташнім жніўні прэзідыум партыі прыняў рашэнне пра намер БСДП узяць актыўны ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі. Ужо тады, апрача Грыба і Фралова, у якасці прэтэндэнтаў у кандыдаты называліся актывісты партыі Іван Анташкевіч і Ігар Маслоўскі.

І зноў жа ў панядзелак, 31 мая, свайго прэтэндэнта ў кандыдаты на выбары назвала Аб’яднаная грамадзянская партыя. Ад АГП у прэзідэнцкіх выбарах мае намер узяць удзел эканаміст, кіраўнік Навукова-даследчага цэнтра Мізеса, намеснік старшыні партыі Яраслаў Раманчук. Але тут асаблівасцю ёсць той момант, што Яраслаў Раманчук пойдзе на выбары ў звязцы з лідэрам АГП Анатолем Лябедзькам, які, у выпадку перамогі Раманчука на выбарах, можа заняць месца кіраўніка беларускага ўраду. Дарэчы, АГП прэзентавала сваю перадвыбарчую даволі амбітную праграму “Тысяча новых працоўных месцаў для Беларусі, з якой кандыдат ад партыі пойдзе на выбары.

Сярод іншых патэнцыйных кандыдатаў у прэзідэнты ўжо называюць імёны сустаршыні незарэгістраванай Партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя Віталя Рымашэўскага, лідэра Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука, нядаўняга палітычнага вязня, удзель­ніка папярэдніх прэзідэнцкіх выбараў прафесара Аляксандра Казуліна, нават былога міністра замежных спраў Беларусі Пятра Краўчанкі. Хутчэй за ўсё, пойдзе на выбары і галоўны ліберал-дэмакрат краіны Сяргей Гайдукевіч, а ў тым, што сярод прэтэндэнтаў будзе імя і цяперашняга прэзідэнта, ніхто нават не сумняваецца.

На пытанне “Новага часу, чаму зноў столькі прадстаўнікоў апазіцыйнага лагера заяўляюць пра свой намер удзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах, палітолаг Аляксандр Класкоўскі адказаў: “З аднаго боку, гэта можа радаваць у тым сэнсе, што апазіцыя яшчэ жывая, і, аказваецца, ёсць вельмі шмат такіх разнастайных цікавых персаналій са сваімі амбіцыямі. Але гэта калі казаць паўжартам. Насамрэч уся гэта мітусня сведчыць пра тое, што ў апазіцыі няма моцнага сцэнару і няма сапраўднай надзеі на перамогу ў гэтых выбарах. Тут не варта драконіць апазіцыю, таму што пры жорсткім аўтарытарным рэжыме апрыёры не можа быць моцнай апазіцыі, у гэтай сістэме ёй папросту не адведзена месца. За паўтара дзесяцігоддзі апазіцыю перамалолі жорны сістэмы, калі ўлада столькі гадоў мэтанакіравана працуе на яе расцярушванне пры дапамозе прапаганды, сілавых структур, спецслужб. Такі вынік варты жалю, бо сёння апазіцыя сапраўды ў вельмі расцярушаным і небаяздольным стане. Таму на гэтай кампаніі шэраг розных персаналій спрабуюць вырашыць свае прыватныя пытанні, як самараскрутка, прыцягненне нейкіх рэсурсаў. Моцнай стратэгіІ і моцнай фігуры, якая б сапраўды была здольная рэалізаваць пераможную стратэгію, пакуль што не бачна.

Тым не менш, некаторыя прадстаўнікі апазіцыйнага лагера яшчэ не пакідаюць надзеі на вылучэнне адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл на прэзідэнцкія выбары. Толькі часу на гэта застаецца ўсё меней.

Каментаваць