Прэзідэнцкая ласка горш за прыгоннае права

Калі было прыгоннае права, то былі паны, якім належылі сяляне і іншыя работныя людзі. Прыкладам, дзеўкі-пакаёўкі, конюхі з панскай стайні ці нават актрысы прыгонных тэатраў.



Характэрна, што ў адносінах да прыгонных, паны мелі права прымаць адрозны ад дзяржаўнага ўласны закон, і, прабачце за таўталогію, уласнае права. У прыватнасці, лічылася што пан, сапраўдны бацька свайго халопа, разбярэцца з ім лепей, чым суддзя. І насамрэч прыгонных саджалі ў турму, ці адпраўлялі на катаргу толькі ў выключным выпадку. Прыкладам, за забойства, за ўцёкі ад пана.

Не паспелі сяляне свабодна ўздыхнуць  пасля скасавання прыгоннага права, як трапілі пад махавік калектывізацыі, у новы калгасна-саўгасны прыгон. Зноўку без права выхаду. Дырэктары саўгасаў ды старшыні калгасаў, якіх празвалі “чырвонымі панамі”, цягнуліся кулаком да пысы парушальніка. Нават такі прагрэсіўны дзеяч, гісторык і эканаміст, як колішні дырэктар саўгаса “Гарадзец”.

Той, хто ў школе “праходзіў” паэму “Мёртвыя душы” Мікалая Гогаля і рагатаў над Чычыкавым, Сабакевічам, Наздровым, Плюшкіным, не мог заўважыць, што пісьменнік, паміж іншым, зрабіў дакладны сацыяльна-эканамічны і маральны малюнак прыгонніцтва.  Калі улічыць што сама казна мела сваіх прыгонных,  што сам цар быў прыгоннікам, што паны мелі у маёмасці  і па тусячы душ, што амаль усё насельніцтва краіны жыло ў вёсцы, то кожны быў ці прыгонным, ці панам. Над панам стаялі большыя паны, пад імі – меньшыя, і над усімі галоўны прыгоннік — пан-імператар.

Таму, як кажуць, у імперыі, у кожны ўзяты адвольны момант, ці хто каго лупіў, ці хто падстаўляў сваю задніцу пад панскі бізун.

Літаральна гогалеўскі твор на беларускую мову можна перакласці як “Нябожчыкі”. За гэтым стаіць нейкая цьмяная метафізіка, якая, тым не менш, дае амаль абсалютную карціну тагачаснага сацыяльнага існавання. Галоўны герой, прайдзісвет Чычыкаў, спрабуе купіць сабе мужыкоў-нябожчыкаў, якія фармальна з’яўляцца жывымі і будуць жыць да той пары, пакуль аб іх смерці не напішуць у “рэвізскай казцы”. З аднаго воку, яны ужо вярнуліся да Бога, але не пазбавіліся сваіх абавязкаў перад чычыкавымі.

З часам, чычыкавы павыходзілі “у людзі”, пабагацелі, пазаймалі высокія пасады, а прыгонныя, хаця цяжка працавалі, і геройскі ваявалі, для сябе нічога не здабылі. Ні багацця, ні свабоды-волі. Куды не кінеш вока, паўсюль чычыкавы. Нарком — Чычыкаў, камісар — Чычыкаў, дырэктар Чычыкаў, нават генсек — Чычыкаў, а зараз Чычыкаў прэзідэнт. Які лічыць, што для падвышэння выніковасці аграпрамысловага комплекса (што гэта такое, ніхто не ведае, і ніколі з першага дня свайго існавання “аграпром” вынікова не працаваў), трэба вярнуць губернатарам “прыгоннае права”.

Над царскімі губернатарамі адукаваная публіка рагатала, ды пасылала іх па вядомаму адрасу, які вызначыў яшчэ Салтыкоў-Шчадрын. Губернская канцылярыя лічылася самай нялюдскай “вертыкаллю”, якую толькі магла стварыць бюракратыя, пры якой чынавенства атрымала безліч магчымасцей займацца канвертацыяй службовых абавязкаў ва ўласныя прывілеі.

У сучаснай Беларусі на самой справе няма ні губерні, ні губернатараў, няма і магнтаў, якія мелі тысячы душ. Вёска не жыве, а дажывае. Бо яе насельніцтва большай часткай збегла, куды вочы глядзяць. Астатнія хто чакае пенсіі, хто блізкай ужо смерці.  

Вось такое хараство, якое не радуе, а палохае тых, хто яшчэ розум не страціў. Хто моліцца, каб абмінула прэзідэнцкая ласка, хто нават днём выходзіць на вуліцу с ліхтарыкам. Каб выпадкова не сустрэць абяцанае ім шчасце сам-насам, каб паспець перабегчы на другі бок вуліцы.

Каментаваць