Прыціснула?

Здаецца, беларускага правадыра прыціснула эканамічная сітуацыя ў Беларусі. Прыціснула настолькі, што ён вымушаны прымаць не толькі эканамічныя, але і палітычныя захады для стабілізацыі сітуацыі.



Здаецца, беларускага правадыра прыціснула эканамічная сітуацыя ў Беларусі. Прыціснула настолькі, што ён вымушаны прымаць не толькі эканамічныя, але і палітычныя захады для стабілізацыі сітуацыі.

Рыначны курс беларускага рубля будзе вызначаны ў сярэдзіне верасня на дадатковай сесіі таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы, заявіў Аляксандр Лукашэнка 30 жніўня на нарадзе па пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця. «Усім, хто жадае купіць валюту, — ад чаго аж стогне наша насельніцтва, асабліва ў Мінску, — такая магчымасць будзе дадзеная», — заявіў Лукашэнка.

Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, ён згадзіўся з прапановай Нацыянальнага банка аб адкрыцці з сярэдзіны верасня дадатковай сесіі таргоў на валютнай біржы, на якой можна будзе свабодна купіць і прадаць долары, еўра, расійскія рублі і іншую валюту. Увесь валютны попыт і прапановы будуць сканцэнтраваныя на валютнай біржы», — сказаў Лукашэнка.

Ён даручыў ураду і Нацбанку «самым жорсткім чынам» узяць пад кантроль работу валютна-фондавай біржы.

На асноўнай сесіі валюта будзе прадавацца толькі для аплаты за пастаўлены прыродны газ, электраэнергію і іншыя неадкладныя плацяжы, з тым, каб гэта было стрымліваючым фактарам росту цэн.

«Усе абменныя пункты банкаў пасля адкрыцця дадатковай сесіі абавязаныя праводзіць свабодны продаж валюты па рыначным курсе», — падкрэсліў Лукашэнка.

Ён таксама заявіў, што ўлады не маюць намеру штучна падтрымліваць курс нацыянальнай валюты. «Курс беларускага рубля будзе вызначацца попытам і прапановай, як любы тавар», — запэўніў кіраўнік дзяржавы. У той жа час, адзначыў ён, камітэт Дзяржкантролю і праваахоўныя органы павінны паставіць жорсткую заслону спекулянтам, якія цяпер «штучна нагнятаюць абстаноўку». «Гэта тычыцца і сродкаў масавай інфармацыі, за гэта адказвае Адміністрацыя прэзідэнта», — падкрэсліў Лукашэнка. Нацбанк павінен штодня адсочваць сітуацыю, пры неабходнасці ўмешвацца, збіваючы спекулятыўныя напады.

Каб гэта было штучна, не трэба было б прымаць і больш радыкальныя захады. Прыкладам, Аляксандр Лукашэнка заклікае бізнэс і насельніцтва «падставіць плячо дзяржаве».

«Бізнэс, прадпрыемствы і фізічныя асобы, якія паспяхова працуюць, павінны разумець, што цяпер дзяржаве трэба падставіць плячо. Мы маем беспрэцэдэнтны рост цэн», — заявіў ён.

Ён таксама заявіў, што як мінімум да канца года адмяняе «дзеянне ўсякіх указаў і нарматыўных актаў па забароне КДК і праваахоўным органам праводзіць кантрольныя праверкі там, дзе палічаць патрэбным кіраўнікі гэтых кантрольных органаў, з мэтай стабілізацыі фінансавага становішча».

Так што бізнэс чакае чарговае «раскулачванне». А што чакае насельніцтва? Не пазней за кастрычнік валюту пачнуць прадаваць толькі па пашпарце. Гэтая электронная сістэма будзе збіраць інфармацыю пра кожнага беларуса — пакупніка валюты.

Больш за тое, у Беларусі 1 верасня будуць павышаны тарыфы на некаторыя паслугі жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў №1153 ад 30 жніўня, тэкст якой размешчаны на сайце Нацыянальнага цэнтра прававой інфармацыі.

Згодна з дакументам, тарыф на паслугі па тэхнічным абслугоўванні жылых дамоў павялічыцца ў параўнанні з ранейшым на 10% — з 309 да 340 рублёў у месяц за 1 квадратны метр агульнай плошчы жылога памяшкання.

Тарыф на халоднае водазабеспячэнне вырасце на 25,1% — з 467,5 да 585 рублёў за 1 кубаметр.

Акрамя гэтага, на 26% павялічваецца тарыф на каналізацыю — з 242 да 305 рублёў за 1 кубаметр.

Тарыф за карыстанне ліфтам будзе павялічаны на 19,6% — з 1421 да 1700 рублёў з аднаго жыхара ў месяц.

29 жніўня Аляксандр Лукашэнка на нарадзе педагагічнага актыву ў Мінску прапанаваў «усім людзям цвярозага розуму, якія любяць сваю краіну, да якога б палітычнага лагера яны ні належалі, сесці за круглы стол, паглядзець адзін аднаму ў вочы і рэальна ацаніць, хто чаго варты і што можна зрабіць для эфектыўнага паляпшэння сітуацыі ў краіне». «Хочаце змагацца — калі ласка: змагайцеся ў адкрытай дыскусіі, даказвайце, што маеце рацыю, адстойвайце свой пункт гледжання», — дадаў Лукашэнка.

Ах, колькі ўжо было гэтых перамоваў! І рада пры АБСЕ, дзе тады старшыняваў Ханс-Георг Вік, і Кансультацыйны савет пры Адміністрацыі прэзідэнта! І ўсё безвынікова. Таму зусім не дзіва, што апазіцыя пайшла «на прынцып». Без вызвалення палітзняволеных перамовы з уладай немагчымыя — такое адзінае меркаванне лідараў апазіцыйных партый і рухаў, якія абмеркавалі на сустрэчы 30 жніўня ў Мінску фармат магчымага дыялогу з уладамі. «Усе пагадзіліся з тым, што фармат любога дыялогу немагчымы без вызвалення палітзняволеных», — паведаміў БелаПАН адзін з удзельнікаў сустрэчы, сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» і былы кандыдат у прэзідэнты Віталь Рымашэўскі.

У сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўнікі АГП, Партыі БНФ, Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», рухаў «За Свабоду» і «Гавары праўду!», аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя», каб абмеркаваць магчымасці дыялогу з уладамі.

У сваю чаргу, старшыня АГП Анатоль Лябедзька дадаў, што апазіцыя гатова да перамоў з уладай на аснове «жорсткага парадку дня і фіксаванага па часе выканання дасягнутых дамоўленасцяў». Першачарговае патрабаванне, без якога такія перамовы немагчымыя, вызваленне палітзняволеных. Сярод пытанняў, якія ў ліку асноўных павінны быць вынесены на абмеркаванне, лідары апазіцыі назвалі выбарчае заканадаўства і выхад Беларусі з крызісу.

А тым часам, неяк незаўважна прайшла ў Беларусі вельмі важная дата — святкаванне 20-х угодкаў таго, як 25 жніўня Дэкларацыі аб незалежнасці Беларусі быў нададзены статус канстутыцыйнага закона. У той час, як у суседняй Украіне гэтае свята вельмі шырока адзначалася як дзяржаўнымі, так і недзяржаўнымі арганізацыямі. Узгадвалі пра свята толькі палітычныя партыі і недзяржаўныя арганізацыі. БНФ з гэтай нагоды зладзіў прэзентацыю новага офіса, Таварыства беларускай мовы — сустрэчы з дэпутатамі Вярхоўнага савета, якія спрычыніліся да прыняцця Дэкларацыі аб незалежнасці, КХП — БНФ правяла з’езд.  А дзяржава ад святкавання сваёй жа дзяржаўнасці неяк ухілілася.
 

Каментаваць