Прынада для «зялёнага» турыста

Паўночная Беларусь — край дзікі і малавядомы нават беларусам. На памежнай з Расіяй Віцебшчыне знаходзіцца зона паўднёвай тайгі, то бок прыродны пераход да шыракалістых лясоў. А на лясной сцежцы тут можна сустрэць і мядзведзя, і рысь. Уласна, гэтыя адметнасці і прывабліваюць на Расоншчыну «зялёных» турыстаў як з самой Беларусі, так і з акультуранай Еўропы.



Паўночная Беларусь — край дзікі і малавядомы нават беларусам. На памежнай з Расіяй Віцебшчыне знаходзіцца зона паўднёвай тайгі, то бок прыродны пераход да шыракалістых лясоў. А на лясной сцежцы тут можна сустрэць і мядзведзя, і рысь. Уласна, гэтыя адметнасці і прывабліваюць на Расоншчыну «зялёных» турыстаў як з самой Беларусі, так і з акультуранай Еўропы.

(Дзмітрый Шамовіч. Фота Алёны Садоўскай)


На самай поўначы Беларусі на тэрыторыі Расонскага раёна месцяцца два заказнікі рэспубліканскага значэння «Чырвоны бор» і «Сіньша». Але не толькі падлікам птушак займаюцца супрацоўнікі створанай на базе заказнікаў дзяржаўнай прыродаахоўнай установы «Эка-Росы», але і развіццём зялёнага турызму. Магчыма, варта было б пакінуць гэту дзейнасць прыватным структурам, але зацікаўленых у прэзентацыі дзікіх куткоў Беларусі пакуль не назіраецца.

«Кухня» айчыннага экатурызму

«У Расонскім раёне шчыльнасць насельніцтва адна з самых нізкіх у рэспубліцы. Але на прыродным патэнцыяле рэгіёна гэта адбіваецца пазітыўна, — расказвае спецыяліст ДПУ «Эка-Росы» Дзмітрый Шамовіч. — Адна з нашых задач — развіццё экалагічнага турызму. Паколькі мы — прыродаахоўная арганізацыя, то наш турызм зялёны, экалагічны. Але, як паказаў досвед, зрабіць экалагічны турызм рэнтабельным толькі на адной прыродаахоўнай тэрыторыі немагчыма. Таму «Эка-Росы» імкнецца супрацоўнічаць з рознымі ахоўваемымі прыроднымі тэрыторыямі Беларусі, найперш з Бярэзінскім біясферным запаведнікам і Прыпяцкім рэгіёнам. З апошнім зараз ствараем агульны турыстычны прадукт, з дапамогай якога будзем спрабаваць прасоўваць экатурызм на поўдні Беларусі».

Пачатак размовы пра экалагічны турызм на Паўночнай Беларусі быў на пазітыўных нотках, але выявілася, што справа гэта трымаецца не на прамысловай плыні, а на прыватных кантактах.

 «У нас ёсць турыстычная ліцэнзія, каб прадаваць свой прадукт унутры краіны і за яе межамі. Але цяпер адначасова мы можам абслугоўваць толькі адну групу турыстаў, бо працуе толькі адзін спецыяліст такога профілю. Праблема ў тым, што для арганізацыі экалагічнага турызму патрэбныя адмыслоўцы, а ў нас пакуль толькі адна штатная адзінка, якая можа гэтым займацца, — расказвае Шамовіч пра «кухню» экатурызму. — Да таго ж тэрыторыя заказніка — гэта не заапарк, ёсць абмежаванні па сезоне. Самыя гарачыя сезоны па наведвальнасці турыстаў — вясна, пачатак лета, а таксама ранняя восень. Можна было б пашырыць гэты сезон, але існуе шэраг аб’ектыўных цяжкасцяў. Напрыклад, у нас ёсць магчымасць арганізаваць назіранні за бурым мядзведзем. На тэрыторыі заказнікаў «Сіньша» і «Чырвоны Бор» ёсць пэўная папуляцыя гэтага звера, можа і не такая ўжо вялікая, але існуюць методыкі, якія дазваляюць прывабліваць мядзведзя, ладзіць назіранне за ім. Такі бізнес добра наладжаны ў Скандынавіі, Балгарыі, Румыніі, Эстоніі. Існуе методыка, якая дазваляе прыцягваць мядзведзя ў вызначаную кропку ў лесе за кошт, напрыклад, штотыднёвага выкладвання прынады. Мы б таксама маглі яе выкарыстаць, але ў прынаду часта ўваходзяць мясныя адыходы. Паводле ж нашага прыродаахоўнага заканадаўства і правілаў вядзення паляўнічай гаспадаркі, іх прымяненне забаронена. Мы спрабавалі ўзгадніць гэта пытанне з Мінпрыроды і нават спачатку атрымалі згоду, але потым нам адмовілі. Так што наконт мядзведзя мары пакуль застаюцца нерэалізаванымі».

Яшчэ адна мара спецыяліста з паўночных лясоў Беларусі — паказаць цікаўным людзям рысь. На тэрыторыі Расонскага раёна, па дадзеных Акадэміі навук, жыве каля 45 асобінаў рысі. У Еўропе гэту жывёлу ніхто не паказвае аматарам экалагічнага турызму, бо гэта майстэрства вышэйшага пілатажу, і зладзіць сустрэчу з ёй праблематычна. Рысь — актыўны драпежнік, яна харчуецца толькі свежым мясам, таму выкладваць ёй прынады малаэфектыўна. Але ў той жа Канадзе ёсць методыкі, якія вельмі паспяхова ўжываюць мясцовыя паляўнічыя. З найбольш простых — выкарыстанне радыёперадатчыкаў. Калі рысь так пазначыць, то яе прасцей знайсці. «Думаю, што ў будучым мы зможам прапанаваць такія туры па назіранню за лясной коткай», — цешыць свае амбіцыі Дзмітрый Шамовіч.

І адразу тлумачыць, што арганізатары «зялёных» маршрутаў сутыкаюцца не толькі з заканадаўчымі абмежаваннямі па тыпу «класці мяса на прынаду зверу ці не», але і арганізацыйнымі. Заказнік знаходзіцца ў падпарадкаванні розных устаноў, якія пераследуюць свае мэты. Землеўласнікам, да прыкладу, з’яўляецца лясгаз, шэраг азёраў арэндуецца рознымі арганізацыямі. І з-за такога перакрыжаванага падпарадкавання ўзнікаюць супярэчнасці, бо кожны мае свае інтарэсы.

На асабістых знаёмствах

«У нас асабістыя сувязі, кантакты з тураператарамі. Іх прадстаўнікі былі тут, усё бачылі на свае вочы, — раскрывае асаблівасці турызму ў дзікія краі спецыяліст. — Усё найперш трымаецца на асабістых кантактах з замежнымі тураператарамі. Калі б з’явілася магчымасць, працавалі б з кліентамі наўпрост, без пасярэднікаў. Але пакуль гэта наўрад магчыма, бо ўзнікаюць пытанні з аплатай, ды і тураператару значна прасцей арганізаваць групу ў сваёй краіне, чым нам каардынаваць з Расоншчыны дзеянні людзей».

Апошнім часам ініцыятары экатурызму працавалі над стварэннем фотатураў па поўдні Беларусі. Традыцыйна да нас прыязджаюць людзі, якіх цікавяць птушкі — совы, дзятлы, дзённыя драпежнікі — беркут, арлан-белахвост, змеяед, скапа, малы і вялікі падворлікі, а таксама глушцы, некалькі відаў дробных вераб’іных. У наступным годзе чакаюць групу прафесійных фатографаў з Галандыі.

Дарэчы, Беларуссю зацікавіўся і вядомы натураліст Найджэл Марвін, які працуе на ВВС ды здымае яркія стужкі пра прыроду Зямнога шару. Ёсць верагоднасць, што ў наступным годзе Найджэл Марвін пачне здымкі на тэрыторыі заказнікаў «Сіньша» і «Чырвоны Бор». Дзмітрый Шамовіч гаворыць, што калі б гэты фільм выйшаў, то зялёны турызм займеў бы падтрымку — было б што паказваць патэнцыйным турыстам, усё ж узровень стужак ВВС вельмі высокі.

Цывілізацыя ад ПРААН

Сустрэча з Дзмітрыем Шамовічам была акурат у дзень, калі ў вёсцы Забор’е Расонскага раёна адчыняўся інфармацыйны пункт па ўстойліваму развіццю і экалагічнаму турызму. Ініцыятыву гэту падтрымаў мясцовы выканкам, а таксама ПРААН, з фінансавай дапамогай якога ў лясны край прыйшлі сучасныя падыходы да арганізацыі экалагічнага турызму. Праўда, Шамовіч прызнаўся, што досведу працы падобнай установы пакуль бракуе, таму і цяжка ўявіць, як гэта будзе садзейнічаць развіццю экатурызму.

«Яшчэ думаю, што дзяржаўнае прыродаахоўнае прадпрыемства не мусіць займацца зялёным турызмам. Турыстычны бізнес мусіць быць прыватным, гнуткім. Напрыклад, у такой галіне няма жорсткага працоўнага дня. Калі мне трэба ўбачыць глушца — давядзецца падняцца ў тры гадзіны ночы, а працоўны працэс арганізоўваецца па іншай сістэме», — рэзюмуе спецыяліст «Эка-Росаў».

Кіраўніца «Эка-Росаў» Ала Хорань з’яўляецца адной з пачынальнікаў вясковага турызму на Расоншчыне. Таму да адкрыцця інфармацыйнага цэнтру ў Забор’і паставілася аптымістычна. «У адбудаваным доме будзе некалькі пакояў для валанцёраў, людзей, якія па справах сюды прыедуць. Вёска не з’яўляецца аграгарадком, таму інфацэнтр будзе аказваць паслугі кшталту перадаць факс, скарыстацца інтэрнэтам. Праз паўгода інфармацыйны цэнтр мусіць перайсці на самаакупальнасць, — расказвае пра працоўныя планы Ала Мікалаеўна. — Летась аграсядзібы прыцягнулі за кошт сваёй дзейнасці 185 мільёнаў рублёў. Невялікія грошы ў маштабах раёна, але паказчык добры. Сёлета з наведвальнасцю не густа, думаю, што звязана гэта з эканамічным крызісам. Як ва ўсіх, так і ў нас».

Дзмітрый Шамовіч, разважаючы пра ўзровень мясцовага побыту ды сэрвісу, гаворыць, што інфраструктуру ў раёне не зашкодзіла б падцягнуць. Цяпер тут дзейнічае каля дваццаці аграсядзіб, але ўзровень сэрвісу ў іх мог бы быць лепшым. «З іншага боку, добра, што хоць бы такія ёсць. Галава не баліць, дзе размясціць турыстаў, чым іх накарміць. Мясцовае насельніцтва пакуль не вельмі актыўна працуе ў сферы экатурызму, бо не бачыць выгоды. Расоншчына — лясны край. Кожны пяты жыхар працуе ў структуры лясгаса, частка насельніцтва занятая ў паляўнічай гаспадарцы. Сітуацыя зменіцца толькі тады, калі з’явяцца відавочныя перавагі ад працы на ніве экалагічнага турызму», — дзеліцца сваімі назіраннямі Шамовіч.

А вось інфармацыя для цікаўных: замежніку прыехаць на фотапаляванне на Расоншчыну каштуе ад 60 да 100 еўра за суткі з чалавека. Сюды ўваходзяць транспарт, візавая падрыхтоўка, дапамога ў назіраннях за жывёламі. Беларусу такая паслуга будзе больш танная. Можна і ўвогуле дзікуном паехаць, тым самым зэканоміць грошы, але да спецыялістаў за кансультацыяй усё ж варта звярнуцца. І месцы добрыя пакажуць, і парады карысныя дадуць. Тым больш, што людзі на сваім месцы — справу любяць, Расоншчыну ведаюць.


Цікава, што Дзмітрый Шамовіч раней жыў у Мінску, вучыўся ў аспірантуры НАН Беларусі. А пасля з’ехаў у глухі край, і на лёс не скардзіцца. «Лепш не бывае — менш народу, больш кіслароду. Сталіцу я, канечне, наведваю, але тут добра», — рэзюмуе піянер зялёнага турызму на Поўначы Беларусі.
 

Каментаваць