Пры чым тут Мядзведзеў?

Нешта задорага сталі абыходзіцца нам візіты першых асобаў Расійскай Федэрацыі. Не ў матэрыяльным, канешне, плане, а ў чалавечым. Можа, сапраўды іх больш сюды не запрашаць? Шмат нерваў зэканомім, дый адносіны да самой Расіі ў нас будуць значна лепшымі.
 

Ну, па-першае, не будуць перакрывацца дарогі. Па-другое, не будуць загружаныя суды. Па-трэцяе, міліцыя зоймецца сваёй справай. Кожны здольны дадаць сваё «па-чацвёртае» і «па-пятае».

Не паспела беларуская апазіцыя ачуняць ад візіту Пуціна, як гэтым разам яе «ашчаслівіў» Мядзведзеў. Падчас прыезду Пуціна і напярэдадні яго прэвентыўныя затрыманні тычыліся ўсіх патэнцыйных «антырасійцаў». Патрапіла тады ў пастарункі Бог ведае колькі людзей, самыя «агрэсіўныя антырасійцы» атрымалі суткі адміністрацыйнага арышту, не паспеўшы нічога зрабіць. Нават нацыянал-бальшавікі таксама селі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, што, дарэчы, не перашкодзіла іх калегам вывесіць на шляху Пуціна расцяжку з пасыланнем старага-новага расійскага прэзідэнта на тры літары.

Зараз прыляцеў Мядзведзеў. Ізноў напярэдадні — пасадкі. За два дні, 17 і 18 ліпеня, затрымана было каля дзясятка актывістаў. Месца нацболаў гэтым разам занялі эколагі са сваімі петыцыямі супраць будаўніцтва АЭС.

Ну і чаго дамагліся праваахоўныя органы? Замест адной петыцыі Мя­дзведзеў атрымаў дзве. Адну, як і планавалася, ад эколагаў. Даведаўшыся пра тое, што іх масава арыштоўваюць, каб яны не патрапілі да расійскага пасольства, экалагісты выслалі заяву па факсе. «Мы патрабуем адмяніць падпісанне генеральнага кантракта аб будаўніцтве беларускай АЭС. У выпадку невыканання нашага патрабавання мы пакідаем за сабой права інфармавання міжнародных структур, такіх, як ААН і МАГАТЭ, аб узгаданых парушэннях, а таксама права ініцыявання судовых разбораў, у тым ліку ў наднацыянальных структурах па фактах парушэнняў», — гаворыцца ў звароце.

Як вынік, судовыя разбіральніцтвы пойдуць у ААН не толькі па фактах парушэнняў пры будаўніцтве АЭС, а і па фактах парушэння правоў чалавека і адвольных затрыманняў. І калі б тое тычылася толькі АЭС, гэта была б адна справа. А вось затрыманні, зразумела, дадаюць негатыўнага фону самой АЭС. Нават у беларусаў можа ўзнікнуць пытанне: калі АЭС такая карысная, чаму з-за яе людзей саджаюць?

А вось як ААН выкліча ў межах гэтай справы сведкам Мядзведзева?

Тут яшчэ дадалі копаці сябры «Маладога фронту». І слушна дадалі — няма чаго затрымліваць перад прыездам Мядзведзева актывістаў. «У мінулы прыезд спадара Пуціна моладзевым актывістам давялося адседзець больш за 20 сутак у турме ў перыяд да ягонага знаходжання, падчас і нават пасля яго. У нас склалася ўражанне, што Вамі заахвочаны (маральна і фінансава) спадар Лукашэнка робіць усё, каб беларуская дэмакратычная супольнасць, мякка кажучы, была не рада Вашаму прыезду, і нават — адважымся Вам сказаць — пачынала крыху ненавідзець гэтыя візіты. Як бы ён зноў не стаў палохаць Вас другой Чачнёй, што ўжо мела месца быць у адносінах да вашай Саюзнай дзяржавы», — заяўляе МФ.

Арганізацыя нагадала Мядзведзеву, што пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі ў 2010 годзе ён выказаў занепакоенасць масавымі затрыманнямі і нематываванымі рэпрэсіямі з боку беларускіх улад. «Беларусы былі глыбока расчуленыя тады ўвагай з Вашага боку. Зараз жа парадокс заключаецца ў тым, што, самі таго не жадаючы, Вы сталі прычынай з’яўлення новых палітзняволеных», — цісне на сумленне Мядзведзева МФ.

«Просім Вас як чалавека прагрэсіўнага і цывілізаванага ўмяшацца ў сітуацыю і спрыяць вызваленню гэтых грамадзян, каб надалей не ствараць вакол сваіх прыездаў злавеснага арэолу бессэнсоўных затрыманняў, грукату дубінак і казематнай сырасці. Просім растлумачыць гэту сітуацыю ў гутарцы з кіраўніцтвам Беларусі і папрасіць яго не псаваць імідж кіраўнікоў Расійскай Федэрацыі ў нашай краіне», — падкрэслівае моладзь.

Сапраўды, моладзь слушна падкрэсліла. Аднойчы адседзеўшы «за Мядзведзева» ці «за Пуціна» ў турме, хто будзе іх любіць? Адседзеўшы двойчы, іх пачнуць ненавідзець. А ў трэці раз, калі заторы на дарогах узнікнуць з-за прыезду нейкай Матвіенкі ці Зюганава, яшчэ адным прыхільнікам стане больш у КХП — БНФ, якая ў кожным кроку бачыць «маскальска-імперскую змову кадэбістаў для вынішчэння беларускай нацыі».

З аднаго боку, менавіта да гэтага павінны імкнуцца сябры МФ. Але ж яны наадварот крычаць: «Хопіць дыскрэдытаваць Беларусь у вачах Мядзведзева!» Ну якому кіраўніку краіны будзе прыемна, калі з-за яго пасадзілі людзей, якія яму нічога не зрабілі, і якіх ні ён, ні яны яго ўвогуле не ведаюць.

Не, канешне, яны ведаюць, хто такі Мядзведзеў. Але я больш чым упэўнены, што да «пасадкі» ўсім актывістам «Маладога фронту» гэты візіт быў «да лямпачкі». У іх сваіх праблемаў хапае.

У дачыненні да лідара міжнароднай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія) Дзмітрыя Дашкевіча распачата новая крымінальная справа. Справа распачатая Глыбоцкім раённым аддзелам Следчага камітэта па матэрыялах праверкі, што паступілі з калоніі. Дашкевіч абвінавачваецца ў «злосным непадпарадкаванні патрабаванням адміністрацыі калоніі» (арт. 411 КК), яму пагражае яшчэ адзін год пазбаўлення волі.

У СК падкрэслілі, што падчас праверкі дакладна правяралася інфармацыя аб тым, ці былі з боку Дашкевіча факты адмовы ад выканання правілаў і абавязкаў, а таксама наколькі гэтыя адмовы былі абгрунтаваныя. Для праваахоўных органаў «не мае значэння, які статус меў асуджаны па-за месцамі пазбаўлення волі», дадаў прадстаўнік камітэта.

Затое гэта мае значэнне для сябраў МФ, праваабаронцаў і палітыкаў, якія зараз пачынаюць новую кампанію па абароне Дашкевіча. «Міжнародная амністыя» ўжо да яе далучылася.

Што цікава, дык тое, што пра новую крымінальную справу Дашкевіча абвясцілі па тэлебачанні ў дзень прыезду Мядзведзева. Здавалася б, пры чым тут Мядзведзеў?

Але ні пра аднаго палітвязня так не паведамлялася — у «прайм-тайм» па першым канале тэлебачання, прычым не пра суд, а проста пра распачацце справы (якая, магчыма, ляснецца за недаказанасцю). Пераважна, «палітычныя» не згадваюца, нават па імёнах, нават калі ім вынесеныя жорсткія прысуды. А тут — такая ўвага. Увага да МФ, да Дашкевіча, да ўсяго. І ўсё гэта ніяк не звязана з Мя­дзведзевым? Нешта не верыцца.

Каментаваць