Прычына смерці Ігара Барбашынскага ў Жодзінскай турме будзе вядома толькі праз месяц

Сёння у Слуцку пахаваюць Ігара Барбашынскага, які 20 верасня раптоўна памёр у турме №8 Жодзіна. Прычыну смерці пакуль так і не высветлілі.

Ігар Барбашынскі

Маці Ігара атрымала на рукі пасведчанне аб смерці, у якім напісана: «причина смерти устанавливается».

Падчас тэлефоннай размовы начальнік аддзела судова-медыцынскай экспертызы Вячаслаў Эдуардавіч Давыдзенкаў паведаміў, што прычыны смерці будуць устаноўлены на працягу месяца.

Забраны ўсе неабходныя матэрыялы і адпраўлены для даследавання ў лабараторыі Мінска. На працягу месяца будуць праведзены дадатковыя даследаванні, і мыдыкі ўстановяць дыягназ. На ўсе астатнія пытанні без прысутнасці следчага я не магу адказваць”, — адзначыў судмедэксперт.



Галіна Барбашынская, маці Ігара, распавяла што ўскрыццё цела сына праводзілася вельмі доўга, і забіралі яны яго з морга не ў прызначаны час.


Маці з жахам углядаецца ў схуднелы твар свайго сына, гаворыць з ім, не зважаючы на прысутных:

Божачкі, што з табой там у турме здарылася, сынок? Ты ж яшчэ 9-га верасня напісаў нам пісьмо, што ўсё будзе добра, каб мы не клапаціліся, што хутка сустрэнемся ў судзе. Заўсёды быў такі здаровы, за ўсё жыццё хварэў толькі на прастуду.


Сапраўды, у медыцынскай картцы, заведзенай у слуцкай паліклініцы ў 2009 годзе, з удакладнёных захворванняў пазначаны толькі адзін — вострае рэспіратарнае захворванне.

Яшчэ ёсць запіс пра зварот да лекара па прычыне кашля падчас прастуды.



Застаецца толькі дзівіцца раптоўнай смерці нестарога чалавека, былога ваенннага, не алкаголіка, не наркамана, пад пільным наглядам турэмных наглядчыкаў, турэмных лекараў, у асяроддзі людзей.

Як такое магло здарыцца? Пакуль на гэтыя пытанні ніхто не адказвае. Але, спадзяемся, дзякуючы пільнай увазе грамадскасці да гэтай справы, адказы будуць.

Пахаванне Ігара Барбашынскаага адбудзецца ў Слуцку сёння, 22 верасня. Брата Івана, які праходзіць па гэтай жа справе і да вырака знаходзіцца ў гэтай жа турме, на пахаванні, хутчэй за ўсё, не будзе. Падследчага могуць адпусціць толькі суд (але суддзя сказала, што справа знаходзіцца ўжо ў Мінску, таму яна гэта зрабіць не можа) ці міліцыя...


Каментаваць