Прыгоды «шведкі» ў Мінску

Ці ведае беларуская моладзь замежныя мовы ці можа вольна камунікаваць з іншаземцамі? Каб адказаць на гэта пытанне, я вырашыла правесці эксперымент і пераўвасобілася ў вобраз маладой шведкі, якая паступіла ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт і прыехала ў беларускую сталіцу вучыцца.



Спачатку я вырашыла запытацца пра дарогу да Галоўнага корпуса БДУ ля факультэта міжнародны адносін. Студэнты трапляліся занятыя і напружаныя. Кожны другі казаў: «Прабачце, я спяшаюся» або паказваў рукой да будынка галоўнага корпуса: «Вунь там». Праўда, па-англійску.

Пасля гадзіны блукання па тэрыторыі Галоўнага корпусу хацелася паесці і пагрэцца, і я ўжо марыла скончыць эксперымент. І тут да мяне падышоў студэнт. Паліто, шалік, акуляры, сур’ёзны выгляд — усё як мае быць. Было відаць, што ён з зацікаўленасцю слухаў, як я размаўляла са студэнтамі, бо без ніякіх замінак ён наблізіўся і спытаў:

— А адкуль ты?

— Я са Швецыі, горад Кальмар. (У 2014 годзе я сапраўды вучылася і працавала ў гэтым невялічкім горадзе на поўдні Швецыі, таму расказала б шмат чаго цікавага).

— А, вось чаму мне англійская твая дзіўнай падалася... А па якой ты праграме сюды прыехала?

— Па «Erasmus плюс» для магістрантаў.

— Дзіўна. Я чуў аб абмене для беларускіх студэнтаў. Аб шведах ніякай інфармацыі не было. А то ведаеш, у нас на сайце заўсёды з’яўляецца навіна, што патрабуецца куратар для замежных студэнтаў. Разбіраюць іх як гарачыя піражкі.

— «Як гарачыя піражкі?» — раблю дурны твар і перапытваю я.

— А, ну ў сэнсе, вельмі гэта цікава для студэнтаў беларускіх. Пазнаёміцца са студэнтамі, пасябраваць, а яшчэ плюс для ўніверсітэту і для цябе невялікая надбаўка да стыпендыі.

Таму і цікавяцца такія студэнты праграмай некрэдытнай мабільнасці «Erasmus плюс», дарэчы, першай для студэнтаў БДУ ў Беларусі.

У «Erasmus плюс» было прадугледжана 12 месцаў для студэнтаў, 15 — для магістрантаў, 3 — для аспірантаў і 22 месцы для супрацоўнікаў і выкладчыкаў БДУ. Толькі ад студэнтаў было пададзена 106 заявак. Прапаноўваліся месцы ва ўніверсітэтах Румыніі, Іспаніі, Эстоніі, Польшчы, Славакіі, Чэхіі, Германіі, Швецыі, Францыі.

Фаіна Наканечная

Але вернемся да эксперыменту. Наступным пунктам, дзе я спрабавала запытацца пра дарогу да галоўнага корпусу БДУ быў раён станцый метро Кастрычніцкая–Купалаўская.

Студэнты ж трапляліся розныя. У асноўным, спачуваючыя і разумеючыя. Адны малявалі карту, іншыя адчынялі гугл-перакладчык. Так што ў прынцыпе дарогу знайсці было магчыма.

Пасля з тым жа пытаннем я пайшла да студэнцкіх інтэрнатаў, што каля станцыі метро Першамайская.

«Я вучуся ў каледжы, і ў мяне нямецкая мова. Выбачайце», — вінавата адказала па-руску дзяўчына, якая паліла каля інтэрната №6.

«Мы ж таксама замежныя студэнты!» — гаварылі па-братэрску кітайцы і афрыканцы і дзяліліся ўражаннямі ад жыцця ў Беларусі.

— Ведаеш, нават цяжка кудысьці паехаць і пабачыць Беларусь, — дзеліцца цемнаскурая дзяўчына.

— А чаму так? — пытаюся, бо мне сапраўды цікава.

— Нікому не магу па­тэлефанаваць з групы, бо ўсе з Мінску, і мяне ніхто не разумее. Нават хатняе заданне цяжка запытаць.

Дык чаму ж значная частка маладзёнаў не ведае замежных моў? Такое пытанне я задала Іллі Карусейчыку, аднаму з заснавальнікаў размоўнага клуба Student English Club.

«Я меў зносіны з людзьмі з дзясяткаў еўрапейскіх краін, і мала дзе колькасць гадзін англійскай мовы ў школах значна больш, чым у нас. Мабыць, вінаватая састарэлая савецкая методыка навучання, у прыватнасці, недахоп гутарковай практыкі. Мне цяжка меркаваць, як вырашыць гэтую праблему, але яе наяўнасць відавочная», — разважае Ілля.

Што атрымліваецца? Замежных студэнтаў хапае, міжнародныя праграмы накшталт «Erasmus плюс» дзейнічаюць. У 2016 годзе ў Мінску будуць працаваць не менш чым 20 размоўных клубаў для аматараў толькі адной англійскай мовы. Але чамусьці беларускіх студэнтаў, якія ведаюць замежную мову, не становіцца больш. Чаму?

Каментаваць