Прыгонная мадэрнізацыя

Вышэйшыя беларускія ўлады не стамляюцца здзіўляць разнастайнымі перламі ў выглядзе ўказаў, распараджэнняў, дэкрэтаў, загадаў ды іншых актаў. Тое, што выдаў нядаўна ў Барысаве кіраўнік дзяржавы, выклікае, мякка кажучы, здзіўленне.



Аляксандр Лукашэнка, які наведаў Адкрытае акцыянернае таварыства «Барысаўдрэў», запатрабаваў з 1 снежня ўвесці забарону на звальненні супрацоўнікаў дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў канцэрну «Беллеспаперпрам» да канца іх мадэрнізацыі. Правадыр нават загадаў тэрмінова падрыхтаваць праект адпаведнага дакумента. «Падрыхтуйце дэкрэт. Да завяршэння мадэрнізацыі і рэканструкцыі забараняецца звальненне работнікаў. Работнік не можа звольніцца з гэтага прадпрыемства без дазволу кіраўніка, — у звыклай катэгарычнай форме заявіў Лукашэнка. — Не адпусцілі — павінен працаваць. За парушэнне — на прымусовыя работы».

Некаторыя эксперты ўжо назвалі гэткія захады беларускага кіраўніцтва вяртаннем у рабства. «Гэта вяртанне да рабаўладальніцкага ладу, — адзначае былы міністр працы Беларусі Аляксандр Сасноў. — Такое рашэнне выклікана цяжкасцямі, якія Лукашэнка не можа вырашыць у рамках закону. Таму ён і загадвае падрыхтаваць дэкрэт, які фактычна плюе на закон, а ўсе астатнія дзяржаўныя органы, якія павінны абараняць закон, будуць сядзець і маўчаць. Што да саміх шараговых рабочых, то яны мусяць плюнуць на ўсё і з’язджаць з гэтай краіны, кінуўшы працоўныя кніжкі, — гэты перажытак савецкіх часоў».

Ні для каго не сакрэт, што працоўныя людзі, не кажучы ўжо пра навукоўцаў, пра таленавітую моладзь, і так ужо валам валяць за межы Сінявокай у пошуках лепшае долі. Заробкі нават у нашых не самых багатых суседзяў на тых жа спецыяльнасцях вышэйшыя, чым прапаноўвае тутэйшаму чалавеку «ўнікальная беларуская эканамічная мадэль». Таму і ўзнікае ў дзяржавы жаданне любым чынам прывязаць рабочага да свайго працоўнага месца, калі нават дзеля гэтага даводзіцца ісці на прамое парушэнне Асноўнага закону.

Такога меркавання, прынамсі, прытрымліваецца старшыня Беларускага Хельсінскага камітэт Алег Гулак. «Такія заявы кіраўніка дзяржавы не стасуюцца ні з правамі працоўных, ні з правамі прэзідэнта выдаваць дэкрэты, якія вырашаюць такога кшталту пытанні, што абмяжоўваюць правы чалавека. Увядзенне прыгоннага права не можа быць апраўдана ніякімі мадэрнізацыямі ці рэканструкцыямі», — упэўнены праваабаронца.

Калісьці за савецкімі часамі было ўведзена сапраўднае прыгоннае права для сялян, якім нават не выдавалі пашпартоў, каб яны не маглі пакінуць свае вёскі, свае абрыдлыя калгасы з саўгасамі, дзе людзі былі змушаныя працаваць не за рэальныя грошы, няхай і мізэрныя, а за так званыя працадні. Цяпер, калі ў краіне бракуе сродкаў, каб забяспечыць працоўнаму люду больш-менш годнае існаванне, прыгонныя метады спрабуюць скарыстаць і дзеючыя ўлады, гвалтам прывязваючы беларусаў да месца працы. Цяжка ўявіць, што такія захады робяцца ў ХХІ стагоддзі!

Кіраўнік Аб’яднанай грама­дзянскай партыі Анатоль Лябе­дзька лічыць, што такія дзеянні ўладаў цалкам упісваюцца ў айчынную сістэму каардынат. «Бо спачатку Аляксандр Лукашэнка фактычна і юрыдычна забараніў мяняць месца працы чалавеку, які выконвае функцыі прэзідэнта Беларусі. Прэцэдэнт створаны, дык чаму яго не распаўсюдзіць на асобныя катэгорыя працоўных? А з пункту гледжання заканадаўства, як беларускага, так і міжнароднага, гэта можа быць скандал агульнаеўрапейскага маштабу з верагоднымі эканамічнымі санкцыямі не на словах, а на справе», — мяркуе палітык.

Дарэчы, што да «мадэрнізацыі і рэканструкцыі», то добра вядома, колькі гэта можа працягвацца. Як на асобных прадпрыемствах, гэтак і ў краіне ў цэлым. У сістэме, дзе дагэтуль выкарыстоўваецца метад «закату сонца ўручную», імклівых зменаў чакаць не даводзіцца. А працаваць, забяспечваць рост ВУП, выконваць рашэнні «Усебеларускага народнага сходу» і прагнозныя паказчыкі камусьці трэба. Вось і спрабуюць улады на чале з першым і нязменным гарантам вылузвацца, як толькі можна. Няхай і такім сумнеўным чынам.

Цяжка сказаць, наколькі «ўзрадаваныя» такой ініцыятывай галоўнага чыноўніка будуць людзі, якія працуюць у сістэме прадпрыемстваў канцэрну «Беллеспаперпрам». І як яны ўспрымуць свой новы статус. Але можна з вялікай імавернасцю меркаваць, што на пратэсты «новыя прыгонныя» не пойдуць. Адвучылі іх за васямнаццаць гадоў адстойваць свае правы, адвучылі думаць і ацэньваць учынкі і загады начальства.

А ўвогуле, у Беларусі, як той казаў, «то панос, то залатуха». То ўводзяць кантрактную сістэму, у адпаведнасці з якой любы працаўнік можа вылецець з працы нават без тлумачэння прычынаў па завяршэнні кантракту, то ўказамі галоўнага чыноўніка намёртва прывязваюць рабочага да станка ці чагосьці іншага. Каб не збег. Вось яна, свабода, вось яны, правы чалавека па-беларуску! «У нас не выконваюцца многія законы, і калі гэты дэкрэт у выпадку яго прыняцця не будзе выконвацца, гэта будзе адзіны выпадак, калі я гатовы падтрымаць невыкананне», — рэзюмуе старшыня БХК Алег Гулак.

Калі ж забарона на звальненні пачне дзейнічаць, то, па словах праваабаронцы, змагацца з гэтым у беларускіх варунках будзе вельмі складана.
 

Каментаваць