Прыйшлі маразы. Як дажыць да вясны?

Сіноптыкі папярэджваюць, што ў бліжэйшыя дні нас чакаюць моцныя маразы. Слупок тэрмометра апусціцца да адзнакі ў мінус 25 градусаў. Па прагнозах, холадна будзе да канца месяца. Нашы парады дапамогуць вам дачакацца цяпла ў адносным камфорце.

Перад выхадам на вуліцу забяспечце арганізам палівам — паешце. Лепей за ўсё штосьці гарачае. Можна ўзяць з сабой тэрмас ці тэрмакубак з гарбатай.

А вось ад алкаголю лепей адмовіцца: цеплааддача адбываецца значна хутчэй, а чалавек да таго ж губляе здольнасць адэкватна ацэньваць свой стан. Таксама на марозе лепей не паліць: курэнне памяншае перыферыйную цыркуляцыю крыві, што робіць канечнасці больш уразлівымі да абмаражэння.


Галоўнае — цёпла апрануцца. Лепш, калі апранутыя вы будзеце па прынцыпе «капусты» (паміж слаямі адзення ўтвараецца паветраная праслойка, што ўтрымлівае цяпло) — у 3-4 слоя. Дапаможа і тэрмабялізна. Абутак павінен быць свабодны і непрамакальны. Шкарпэткі і вусцілкі абавязковыя!


На вуліцы трэба дыхаць праз нос, так паветра лепш саграваецца. У першую чаргу гэта тычыцца тых, хто пакутуе на сардэчна-сасудзістыя захворванні — так нашмат менш рызыка справакаваць прыступ холадавай стэнакардыі. 

На марозе рухайцеся (гэта паляпшае кровазварот) і хавайцеся ад ветру, каб пазбегнуць абмаражэння.

У выпадку абмаражэння нельга моцна церці хворае месца, у тым ліку снегам і гарэлкай (або любымі іншымі алкагольнымі напоямі), хадзіць, калі адмарожаны ступні, грэцца з дапамогай гарачай вады ці «сухога цяпла» (напрыклад, фена).


Адмарожанае месца трэба змясціць у цёплую ваду. Кісці можна грэць пад пахамі. Звычайна праз 15-30 хвілін сітуацыя прыходзіць у норму.

Але калі скура белая і цвёрдая, лепш звярнуцца да ўрача.

Не насіце металічныя ўпрыгажэнні. Яны астываюць хутчэй цела і пачынаюць «прыліпаць» да скуры.


У суровыя маразы пажылым людзям і малым на вуліцу лепш не выходзіць. А людзям сярэдняга ўзросту лекары раяць знаходзіцца на марозе не больш за 30 хвілін і пастаянна правяраць адчувальнасць пальцаў на руках і нагах. Калі з'явілася паколванне, хваравітасць — неадкладна адпраўляцца ў цёплае памяшканне (краму, пад'езд).

Паклапаціцеся пра хатніх жывёл, асабліва гэты тычыцца сабак, якіх хоць пару разоў на дзень, але вывесці на вуліцу трэба! Пры неабходнасці апранайце іх у адмысловыя камізэлькі.


Будзьце ўважлівымі да сябе і да іншых. Не заставайцеся абыякавымі да тых, каму патрэбна дапамога: пажылым, дзецям, беспрытульным людзям ці жывёлам!  


Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць