Прытулак Амстэрдама. Як да жывёл, так і да людзей...

Тыя, хто ўпершыню трапляе ў такія краіны, як, напрыклад, Нямеччына, Аўстрыя ці Чэхія, адразу заўважаюць іншае стаўленне да хатніх гадаванцаў: на вуліцах няма бадзяжных жывёлаў, а адказныя гаспадары (з пакецікамі, натуральна), маюць магчымасць гуляць са сваімі любімцамі дзе заўгодна. Котак і сабак можна сустрэць у крамах і кавярнях, вакзалах і аэрапортах, нават у офісах. Ніякай агрэсіі, нерваў, спрэчак.



Сустрэўшы за дастатковы тэрмін жыцця на вуліцах Амстэрдаму толькі парачку катоў, дый тых з ашыйнікамі, я вырашыла даведацца, чаму ў краіне цюльпанаў няма бадзяжных жывёлаў.
 

Вырашэннем гэтай праблемы галандцы заняліся больш за сто гадоў таму. У 1901 краіна была прыблізна на тым сама ўзроўні, на якім цяпер знаходзіцца Беларусь: існавала месца, куды прывозілі жывёлаў з вуліцы. Тых, хто не знайшоў гаспадароў, – забівалі. За год праз гэтае месца праходзіла каля тысячы жывёлаў. У 1907 годзе ветэрынарныя клінікі прапанавалі свае бясплатныя паслугі гэтаму часоваму прытулку. А праз сто гадоў, у 2007, у Амстэрдаме быў пабудаваны галоўны прытулак для бяздомнікаў. Тут ужо даўно не забіваюць, колькасць гадаванцаў адносна невялікая, і бальшыня без праблемаў знаходзіць новы дом. А сам будынак прытулку ўваходзіць у лік турыстычных атракцыяў.
 



 

Канечне, за гэтыя сто гадоў галандцы прайшлі доўгі шлях, у першую чаргу, — у змене свядомасці і стаўлення да братоў нашых меншых. Кожны там абавязаны паведаміць, калі знойдзе жывёлу, якой патрэбная дапамога, на спецыяльны нумар гарачай лініі. Выкінуць свайго гадаванца — гэта злачынства, як і адмова ад стэрылізацыі. У Галандыі існуе адмысловы дэпартамент паліцыі, які змагаецца супраць кепскага абыходжання з жывёламі. Да што там казаць, нават “Партыя для жывёлаў” (http://www.partyfortheanimals.nl/) ёсць! Галандыя стала першай краінай свету, дзе такая партыя патрапіла ў парламент.
 

Але вернемся да галоўнага амстэрдамскага прытулку Dierenopvangcentrum Amsterdam (DOA). Як напісаў на адным форуме наведнік з Малдовы, “я б душу д’яблу прадаў, каб працаваць у такім месцы”. Новы будынак прытулак Амстэрдама атрымаў 3-га кастрычніка 2007 года. Сваю місію супрацоўнікі прытулка сфармулявалі так: "Мы — вядучы прытулак для сабак і катоў. Нашая спецыялізацыя — наладжванне адпаведнай і устойлівай сувязі паміж людзьмі і жывёламі. Мы засяроджваемся на дабрабыце нашых падапечных, і нам належыць вядучая роля сярод арганізацыяў, якія займаюцца ўладкаваннем жывёл у Амстэрдаме. Мы факусуемся на рэабілітацыі жывёлаў і адукацыі чалавека. Мы празрыстыя з усіх бакоў".


 


Гэты сучасны комплекс разлічаны на адначасовае ўтрыманне 180 сабак і 480 катоў, а за год праз яго дзверы праходзіць каля дзвюх тысячаў жывёлаў. Прытулак не муніцыпальны! Ён з’яўляецца незалежнай установай, якая ўзнікла пасьля аб’яднанння з яшчэ адным прытулкам. У штаце тут працуе 40 чалавек і каля сотні валанцёраў. Выдаткі пакрываюцца з трох крыніцаў: 25% забяспечвае грант ад гораду, астатняе – за кошт платных паслугаў і ахвяраванняў.

Рэцэпцыя



Жывёлаў тут усыпляюць у самым скрайнім выпадку — з-за невылечнай хваробы ці небясьпечнай непапраўнай агрэсіі, але такімі прызнаюцца зусім нямногія.
 

Апроч уласна прытулку, у будынку DOA месціцца гатэль для жывёлаў “Pet and breakfast”.
 




Ёсць нават своеасаблівы “сабачы садок з прадлёнкай”: калі вы працуеце ўвесь дзень і вашаму сабаку самотна дома, можна прывесці яго сюды пагуляцца з 7.30 да 18.00. Даставіць вашага пітомца ў DOA можа адмысловае таксі для жывёлаў.


 

 
Тут таксама працуе грумінг-цэнтр – салон прыгажосці для вашых любімцаў; аказваюцца паслугі па фізіятэрапіі, гідратэрапіі і карэкцыі паводзінаў.
 

Для гадаванцаў прытулку створаны сучасны мэдычны цэнтр з аддзяленнем рэанімацыі.
 

Цырульня

У кабінеце фізіатэрапіі
Аперацыйная
Пакой валанцёраў

Узяць жывёлку з прытулку будзе каштаваць вам досыць заўважную суму. Але нягледзячы на тое, ахвотныя ёсць заўсёды. Дарослы сабака каштуе 150 эўра, шчанюк — 175. Дарослы кот — 100 эўра, кацянё — 125. За гэты кошт вам гарантуюць, што жывёла агледжаная ветэрынарам, мае пашпарт з усімі прышчэпкамі, апрацаваная ад паразітаў і чыпаваная. Яшчэ месяц жывёлы могуць бясплатна абслуговаўцца ў клініцы цэнтру, а старыя жывёлы — 2 месяцы.
 

Цягам трох месяцаў можна вярнуць узятую жывёлу назад у прытулак, але грошы ўжо не аддадуць. Проста выкінуць на вуліцу, натуральна, забараняецца. Увогуле адмовіцца ад свайго гадаванца ў Галандыі бясплатна не атрымаецца. А праз тое, што ўсе жывёлы абавязкова чыпуюцца, парушальніка лёгка будзе знайсці. Здаць у прытулак сабаку каштуе 100 эўра ці 50 за шчанюка, за катоў адпаведна 70 і 35. Плюс 15 эўра адмінстрацыйны ўнёсак, а яшчэ дадатковая аплата чыпа – калі няма, і прышчэпак – калі пратэрмінаваныя.  

 

Ну і пра ўласныя адчуванні. Канечне, будынак адразу захапляе сваімі памерамі і аптымістычнымі колерамі. Спраектаваны ён так, што гул ідзе ўнутр двара, да і знаходзіцца ў полі, таму не перашкаджае навакольным жыхарам. На рэцэпцыі сустракае ветлівы персанал, на крэсьле сядзіць маленькі руды сабачка, яшчэ адзін нясецца на сустрач з бытоўкі.
 

 


Супрацоўнікі прыходзяць на працу са сваімі любімцамі. Усе, хто мне сустрэліся, ахвотна дзяліліся інфармацыяй. Распаўсюджаныя дні адчыненых дзвярэй, бо тут вераць, што чым больш людзі ведаюць пра жывёлаў, тым лепш яны да іх ставяцца.
 

Прытулак і гатэль выглядаюць аднолькава — шэраг клетак, усё сціпла, але практычна. Кожная клетка мае выхад як у калідор, так і на двор. Пляцоўкі для гасцей і гадаванцаў размежаваныя, але абсталяваныя ўсім неабходным, каб сабакенам было дзе разгуляцца.
 


Сабак на прыстройства было няшмат, з большага усе вялікія, кшталту стафаў, адзін лабрадор. На рэцэпцыі ляжыць каталог з фоткамі і апісаннем характару сабакі, гасцям прапануюць спачатку праглядзець каталог, і ім выведуць на знаёмства сабак, якія спадабаюцца, каб не траўміраваць пастаяльцаў экскурсіямі па вальерах. Хутчэй разыходзяцца маленькія сабакі. Чорных разьбіраюць неактыўна.
 


Сярод котак большай папулярнасцю карыстаюцца рудыя. А вось чорных бяруць неахвотна.
 

Шарлота, якая там працуе, распавяла, што многія з тых, хто бярэ ў іх катоў, потым ахвяруе прытулку грошы. А некаторыя людзі нават пакідаюць у спадчыну хаты, аўтамабілі, іншую маёмасць. Пры мне дзве мілыя пары прыйшлі выбіраць сабе любімцаў. У выніку адна з іх так і не змагла вызначыцца паміж абранымі фаварытамі... і забрала абодвух.
 

Тэрыторыя для котак складаецца з двух пакояў: у адным прасторныя клеткі, а ў іншым — гульнёвая зона з рознымі цацкамі, домікамі, кіпцядзёркамі і г.д.
 




Рэкляма прытулку на фургоне


У Галандыі шмат і іншых прытулкаў, некаторыя з іх, нават, прыцягваюць турыстаў. Напрыклад, прытулак-баржа для котак, ці адмыслова распрацаваны для дзетак, ці, для разнастайнасці, прытулак для цюленяў.
 

Мяркую, што кожнаму нашаму валанцёру, які б наведаў прытулак у Амстэрдаме, прыйшла б у галаву адна і тая ж думка: як моцна мы адстаем ад Галандыі, і як бы хацелася працаваць у такіх умовах. Але мы жывем тут і цяпер, і ў нашых руках змяніць сітуацыю ў Беларусі: галоўнае, каб нам хапіла сілаў і імпэту.
 


Дар'я Слабчанка для mesto-pod-solncem.org Фотаздымкі аўтаркі і з dierenasielamsterdam.nl

Каментаваць