Прыватызацыя па-беларуску

Як толькі Лукашэнка з’ехаў у Сочы на кароткатэрміновы адпачынак, у Беларусь адразу зляцеліся жадаючыя прыдбаць што-небудзь беларускае па добрым кошце. Нібыта для таго, каб узгадніць чарговы транш крэдыту для Беларусі.



Аднак яны, як крумкачы, праляцелі па асноўных беларускіх прадпрыемствах: «Гомсельмаш», «Гродна Азот», «Беларуськалій», МАЗ і шэраг прадпрыемстваў мікраэлектронікі. І адразу пасыпаліся заявы пра продаж «фамільнага беларускага срэбра».

Па-першае, стала вядома, за колькі прадаюць 25% акцый бровара «Крыніца». Кіраўнік Дзяржкаммаёмасці РБ Георгій Кузняцоў сказаў, што гэты пакет «зацягне» на 15 мільёнаў долараў. Але пра такі «дзіўны» продаж мы ўжо пісалі — умовай пакупкі акцый ёсць пагашэнне ўсіх абавязацельстваў прадпрыемства. То бок, «заплаціце нам за тое, што вы заплаціце яшчэ больш».

На фініш выйшаў, як высветлілася, яшчэ адзін інвестыцыйны праект: продаж ААТ «Белгіпс» расійскай кампаніі «Волма». Кошт прадпрыемства — каля 5 мільёнаў долараў. А ўмовы цягнуць яшчэ на 100 мільёнаў: укласці інвестыцыі не менш за 40 мільёнаў еўра ў мадэрнізацыю існуючага завода, плюс пабудаваць новы завод пад Мінскам — гэта яшчэ каля 40 мільёнаў долараў.

Яшчэ адна навіна: на фоне абмеркавання холдынгу МАЗ — КАМАЗ усе забыліся пра Мінскі завод колавых цягачоў. Гэта прадпрыемства — адзін з надзейных вырабнікаў цягачоў для ваеннай тэхнікі. Дык вось, Кузняцоў паведаміў, што продаж ААТ «МЗКЦ» расійскім інвестарам абмяркоўваўся ў ходзе нядаўняга візіту Дварковіча.

«Былі яшчэ пытанні да МЗКЦ. Вы ведаеце, што гэты завод рыхтуе, вырабляе і разумееце, што асноўны рынак збыту прадукцыі гэтага завода — Расія, — растлумачыў Кузняцоў. — Але там ёсць заканадаўства, што на «абаронку» працуюць толькі расійскія прадпрыемствы». Маўляў, выбару няма — толькі Расіі прадацца.

Даведаліся мы і пра тое, што беларускія ўлады гатовыя прадаць блокпакет акцый ААТ «Гродна Азот», як мяркуецца, расійскаму ААТ «Еўрахім». «Ёсць прапанова па продажы «Гродна Азота» 25% +1 акцыя... Гады два ці тры абгаворваюць правесці мадэрнізацыю гэтага завода. Інфраструктура створана, газаправод падведзены... Але трэба там, напэўна, больш за мільярд долараў на гэты праект. Сёння ў Беларусі такіх грошай няма», — сказаў кіраўнік ДКМ.

Пачуўшы ўсё гэта, нацыянальна-дэмакратычныя сілы схапіліся за галаву: усё цікавае, усё такое «смачнае» — і толькі Расіі! Кіраўнік Партыі БНФ Аляксей Янукевіч нават з заявай выступіў пра тое, што «фактычная здача «Гродна Азота» расійскім манаполіям і здача кантрольнага пакета акцыяў МАЗа яшчэ раз сведчаць, што сапраўдныя глыбінныя прычыны ды негатыўныя наступствы крызісу сённяшняе кіраўніцтва краіны не збіраецца пераадольваць на аснове нацыянальных інтарэсаў: рэжым не прызнае сістэмных памылак у кіраванні краінай, ён толькі ратуе сябе і сваю неканкурэнтаздольную сацыяльна-эканамічную мадэль датацыйнай гаспадаркі».

Янукевіч выказаўся за тое, каб у распродажы ўдзельнічалі, па-першае, еўрапейцы, па-другое, каб гэты працэс быў празрыстым і, па-трэцяе, каб дапусціць да «прыватызацыі» нацыянальны беларускі капітал. Але тут — няма дурных. І не тое, каб у беларусаў не было такіх грошай альбо еўрапейцам хтосьці перашкаджае прапанаваць свае грошы для Беларусі. Проста еўрапейцы не такія наіўныя, каб купіць абавязацельствы і пазыкі «Крыніцы» за 15 мільёнаў долараў альбо «заплаціць за права заплаціць яшчэ раз», укласці 5 мільёнаў долараў у «Белгіпс», каб потым укласці яшчэ сто.

Гэта толькі ачмурэлым ад нафтавых грошай маскалікам здаецца, што калі ёсць грошы, яны тут усё і вырашаюць. А насамрэч, ім тактоўна ніхто не нагадвае: больш за 20 умоваў прыватызацыі, выпрацаваных яшчэ напачатку 2000-х гадоў, у тым ліку захаванне працоўных месцаў, захаванне і ўтрыманне сацыяльнай сферы, і іншае — ніхто не адмяняў. Не здолелі «падняць сацыялку» — няма чаго вам рабіць і на прадпрыемстве.

Калісьці ў інтэрнэце з’явіўся забаўны дакумент — вытрымка з дамовы аб крэдытаванні аднаго з банкаў. Там было напісана, што банк не нясе адказнасці за складанасці, звязаныя з форс-мажорнымі абставінамі, — навадненнямі, землятрусамі, а таксама «нарматыўнымі дакументамі беларускіх уладных органаў». Усе смяяліся з гэтых «форс-мажорных абставін», а дарма. Перш, чым інвестарам укладацца ў нашы прадпрыемствы, трэба было б уключыць у дамовы і такі пункт.

Паводле слоў таго ж Кузняцова, беларускія ўлады маюць намер у красавіку перадаць на разгляд парламента папраўкі ў заканадаўства, якія дазволяць дэ-юрэ ўводзіць аналаг «залатой акцыі» на любым прыватызаваным прадпрыемстве нават незалежна ад наяўнасці ў дзяржавы долі ў гэтым прадпрыемстве! Усе прыватызаваныя хоць і на 100% (як «Белтрансгаз», выкуплены «Газпрамам» у 2011 годзе) прадпрыемствы будуць падлягаць так званаму «ўладальніцкаму нагляду». Гэты законапраект ужо ўзгоднены з Лукашэнкам і накіраваны ў Саўмін.

Нават тыя прадпрыемствы, дзе няма долі дзяржавы, ствараліся ў працэсе прыватызацыі або на базе арэндных прадпрыемстваў. «Там акцыі маюць нашы грамадзяне. Вось з мэтай абароны інтарэсаў гэтых грамадзян там будуць прызначацца губернатарамі прадстаўнікі дзяржавы. Якраз яны і будуць блакаваць дзесьці рашэнні, калі парушаюцца інтарэсы акцыянераў — нашых грамадзян», — удакладніў сутнасць паправак кіраўнік Дзяржкаммаёмасці.

Разам з тым, паводле Кузняцова, ліквідуецца такая структура, як Назіральны савет у тых акцыянерных таварыствах і прадпрыемствах, дзе доля дзяржавы большая за 50%.

Падводзім вынік на прыкладзе той жа «Крыніцы». Нейкі дабрадзей за 15 мільёнаў долараў выкупае 25% акцый прадпрыемства і сплачвае ўсе яго пазыкі. Акрамя рашэння аддаць свае грошы, ніякіх рашэнняў ён не прымае (больш за 50% акцый у дзяржавы) і паўплываць на палітыку прадпрыемства і прыняцце рашэнняў ён таксама не можа (Назіральнага савета няма). Улада атрымлівае «чысценькае», без пазыкаў, прадпрыемства, і можа рабіць з ім, што хоча. Можа мадэрнізаваць, можа зноў у пазыкі ўлезці, а можа і збанкруціць.

Як вам такая прыватызацыя, спадары інвестары?

Каментаваць