Прывітанне, валютны крызіс!

У пагоні «за мадэрнізацыяй» беларускія фінансавыя колы прымаюць дзіўныя рашэнні, якія ў хуткім часе могуць вярнуць у краіну стан 2011 года — валютны крызіс і дэвальвацыю. Але ў Нацбанка ёсць яшчэ шанец для манеўру



Менавіта так спецыялісты расцэньваюць тое, што з 1 лютага Нацбанк часткова адмяніў уведзенае ў канцы лістапада 2012 года абмежаванне на прадстаўленне валютных крэдытаў юрыдычным асобам — рэзідэнтам Беларусі. Зараз валютныя крэдыты на тэрмін звыш года беларускія банкі змогуць выдаць без якіх-небудзь абмежаванняў. А абмежаванне распаўсюджваецца толькі на кароткатэрміновыя крэдыты.

Нагадаем, што ранейшае рашэнне Нацбанка па абмежаванні валютнага крэдытавання было пазітыўна ўспрынятае адмыслоўцамі. Сутнасць абмежавання заключалася ў тым, каб прадпрыемства афармляла валютны крэдыт у беларускім банку толькі пры наяўнасці разліковых дакументаў: плацежнага даручэння альбо патрабавання, акрэдытыву і гэтак далей. Дэ-факта прадпрыемства не атрымлівала гэты крэдыт — сума замест залічэння на рахунак суб’екта гаспадарання пералічвалася банкам па рэквізітах, названых у разліковых дакументах, замежнаму пастаўшчыку тавараў або паслуг.

Зараз краіна вярнулася да ранейшай крэдытнай палітыкі. Чым гэта пагражае? Найперш тым, што гэта «развяжа рукі нядобрасумленным прадпрыемствам», лічыць эканаміст Антон Болтачка. Зараз прадпрыемствы пад відам «мадэрнізацыі» пачнуць браць валютныя крэдыты. Але з-за таго, што стаўка па крэдыту ў валюце значна меншая за стаўку па крэдыту ў беларускіх рублях, грошы можна зрабіць «з паветра» — перавесці валюту ў беларускія рублі, пакласці гэтыя беларускія рублі ў банк пад вышэйшыя працэнты і ні пра што не клапаціцца.

Зразумела, валюту будзе скупаць і Нацбанк, тым самым укінуўшы дадатковыя «надрукаваныя» беларускія грошы на рынак. У сваю чаргу, гэта прывядзе да рэзкага падзення працэнтных ставак па рублёвых укладах, у выніку чаго насельніцтва будзе забіраць уклады з банкаў і на гэтыя грошы скупляць больш надзейную валюту. Вынік вядомы — нястача валюты, як у 2011 годзе, інфляцыя і, магчыма, новая дэвальвацыя беларускага рубля.

Але не толькі ў гэтым Антон Болтачка бачыць пагрозу новага рашэння Нацбанка. Па ягоных словах, дазволам на валютнае крэдытаванне Нацбанк увагнаў сябе ў «вілку» паміж «яшчэ горшым і зусім дрэнным» шляхам развіцця падзей.

Ёсць варыянт, паводле Болтачкі, калі крэдыты сапраўды пойдуць «на мадэрнізацыю», — то бок, прадпрыемствы, якія атрымалі валютны крэдыт, сапраўды закупяць на яго неабходнае абсталяванне за мяжой. Але ж прадукцыю, якую вырабяць на сваім прадпрыемстве, яны будуць прадаваць тут, у Беларусі. У выніку, каб аддаць крэдыт, прадпрыемства звернецца да валютнага рынку, і пачнецца скупка валюты, што таксама прывядзе да дэфіцыту валюты. Тут ужо Нацбанку трэба будзе праводзіць валютныя інтэрвенцыі, каб забяспечыць попыт на валюту, што прывядзе да скарачэння золатавалютных рэзерваў. Гэта не дэвальвацыя, але таксама непрыемна.

Куды ні кінь — паўсюль клін. Для чаго ж Нацбанк гэта зрабіў?

Эканамісту здаецца, што такое рашэнне было прынятае ў барацьбе паміж дзвюма групоўкамі ва ўладзе: «мадэрнізацыйнай», на чале з кіраўніком урада Міхаілам Мясніковічам, якая зараз, з прыходам «наглядальніка за мадэрнізацыяй» Пятра Пракаповіча, стала больш моцнай, і «эканамічна-фінансавай» на чале са старшынёй Нацбанка Надзеяй Ермаковай. Пакуль што выйграў «мадэрнізацыйны» клан з ягоным дэвізам «мадэрнізацыя любым коштам».

Але іншы эканаміст, Сяргей Балыкін, лічыць, што не ўсё так кепска, як магло б быць. Ён адразу ж задаўся пытаннем: а хто гэтыя валютныя крэдыты будзе выдаваць? Калі гэта крэдытаванне будуць ажыццяўляць камерцыйныя банкі па камерцыйных стаўках крэдыту, то прадпрыемствы пяць разоў падумаюць, браць такі крэдыт або не.

Праблема палягае ў тым, што валютны крэдыт «каштуе» значна меней, чым рублёвы. З-за гэтага валюту пераводзілі ў беларускія рублі і «жылі на працэнты». Калі зараз валютныя крэдыты не будуць ільготнымі, то шанец на тое, што іх перавядуць у рублі, будуць мінімальныя. Бо калі з рублямі праблемаў амаль няма, то набыць валюту, каб разлічыцца за крэдыт, усё ж такі больш складана.

Сённяшнія стаўкі па рублёвых укладах знаходзяцца на высокім ўзроўні — каля 60% за год. У той жа час валютная стаўка — 7%. Варта толькі ліквідаваць такі разрыў — і схема атрымання грошай з паветра, толькі на банкаўскіх працэнтах, перастане існаваць.

Яшчэ Нацбанк можа адказаць «мадэрнізацыяністам» тым, што абмяжуе прапановы па продажу беларускага рубля. То бок, не стане скупаць валюту незабяспечанымі грашыма і не будзе ўключаць станок для друкавання грошай. «Трэба абмежаваць прапанову беларускага рубля і не накачваць эканоміку «дутымі» грашыма. Тады Нацбанк здолее стрымаць стабільны курс беларускага рубля», — упэўнены Балыкін.

Карацей, у Нацбанка ёсць яшчэ шанец для манеўру. Але ці здолее ён ім скарыстацца? Наперадзе пасяўная, калі традыцыйна грошы «закопваюцца» ў сельскую гаспадарку. Ад таго, колькі грошай укінуць у эканоміку ў гэты перыяд, будзе залежыць, наколькі нам спатрэбіцца новая дэвальвацыя.

Каментаваць