Прызначана сустрэча па сітуацыі з «Бульбаш-холам»

На 13 лютага прызначана сустрэча прадстаўнікоў грамадскай ініцыятывы «За ўратаванне мемарыяла «Курапаты» з намеснікам старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксандрам Юшкевічам па сітуацыі з будаўніцтвам рэстаранна-забаўляльнага комплексу «Бульбаш-хол».

 



Пра гэта 30 студзеня ў Мінску на пасяджэнні працоўнай групы ініцыятывы паведаміла яе каардынатар Ганна Шапуцька. Неабходнасць правядзення такой сустрэчы яна матывавала тым, што аказалася амаль безвыніковай папярэдняя сустрэча па сітуацыі вакол Курапатаў прадстаўнікоў грамадскасці з чыноўнікам Мінаблвыканкама, што адбылася 24 студзеня.

Удзельнікі пасяджэння з дапамогай юрыста прааналізавалі заканадаўства ў галіне аховы спадчыны, архітэктуры, горадабудаўніцтва і вырашылі накіраваць лісты ў Міністэрства культуры і Мінскі аблвыканкам.

Сярод праблем, якія мяркуецца адлюстраваць у лістах, — неабходнасць уліку меркаванняў грамадскасці ці мажлівы ўдзел яе прадстаўнікоў у распрацоўцы праекту дэталёвага плану тэрыторыі, якая адносіцца да народнага мемарыялу, з устанаўленнем «актуальных», па вызначэнню чыноўнікаў, межаў гісторыка-культурнай каштоўнасці міжнароднага значэння «Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій 1930-1940-х гадоў ва ўрочышчы Курапаты» і яе зонаў — ахоўнай і  рэгулюемай забудовы. Акрамя таго, чыноўнікам будзе заяўлена пра неабходнасць правядзення грамадскага абмеркавання праекта дэталёвага плану тэрыторыі каля Курапатаў, увядзення ў склад  адмысловай камісіі прадстаўнікоў ініцыятывы, а таксама своечасовага інфармавання яе сябраў пра перыяд правядзення грамадскага абмеркавання.

На 12.00 6 лютага ў сталічнай сядзібе Партыі БНФ прызначана чарговае пасяджэнне ініцыятывы, на якім, між іншым, мяркуецца абмеркаваць і зацвердзіць праекты лістоў да Мінкультуры і Мінаблвыканкама, канцэпцыю кампаніі «Гавары праўду» па папулярызацыі Курапатаў і праграму навукова-практычнай канферэнцыі па праблемах увекавечвання памяці ахвяраў сталінізму на Беларусі, якая запланаваная на канец лютага ў сталіцы.

Каментаваць