Прызначана дата суда над чалавекам, які перашкаджаў амапаўцам затрымліваць людзей

Суд Маскоўскага раёна Мінска 15 лютага пачне разгляд крымінальнай справы Святаслава Барановіча, якога вінавацяць ва ўжыванні гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў.
Святаслаў Барановіч. Фота: nn.by

Святаслаў Барановіч. Фота: nn.by


Справу будзе разглядаць суддзя Святлана Бандарэнка. Пачатак судовага пасяджэння — 14-00.

Паводле артыкула 364 Крымінальнага кодэксу, Барановічу можа пагражаць арышт на тэрмін ад трох да шасці месяцаў, ці абмежаванне волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўленне волі на тэрмін да шасці гадоў.

Падставай для крымінальнага пераследу паслужыла тое, што 15 сакавіка 2017 года пасля санкцыянаванага “Маршу недармаедаў” у Мінску ён быў сярод людзей, якія перашкаджалі брутальным затрыманням дэманстрантаў на прыпынку грамадскага транспарту “Плошча Бангалор”.

http://spring96.org


Святаслаў Барановіч быў затрыманы 3 кастрычніка і ад таго часу знаходзіцца пад вартаю ў Следчым ізалятары №1 Мінска.

Па інфармацыі праваабаронцаў, першапачаткова справа была распачатая паводле артыкула 339 Крымінальнага кодэкса (“Хуліганства”), а пазней абвінавачванне перакваліфікавалі на артыкул 364 (“Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў”).

Праваабаронцы “Вясны” сочаць за гэтай крымінальнай справай і будуць ажыццяўляць маніторынг судовага працэсу.

Нагадаем, Святаслаў Барановіч – адзін з пакараных удзельнікаў акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў выбараў 19 снежня 2010 г. у Менску (Плошча-2010).

Хочаце ведаць больш? Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram і Facebook!

Каментаваць