Patryjoty 1200 100 2e1c7308a3a48a13db21bf292e831989ae0299303b01379966627b13afde24a1

Прызыў–2017: як не трапіць у войска?

Тое, што апошнім часам стала вядома пра беларускую армію, не дадае жаданні ісці служыць. А між тым зараз у самым разгары прызыўная кампанія. Калі вы не спяшаецеся ў войска, ёсць некаторыя легальныя магчымасці не служыць увогуле або атрымаць адтэрміноўку. Глядзіш, за гэты час парадку ў арміі стане больш...

Кадр з фільма "Жыве Беларусь"

Амаль усю Беларусь скаланула смерць у Печах 21-гадовага Аляксандра Коржыча. Родныя і сваякі нябожчыка кажуць пра жудасную дзедаўшчыну ў вайсковай частцы. Варта дадаць, што за год гэта не адзіны такі выпадак. 31 сакавіка там жа, у Печах, скончыў жыццё самагубствам 25-гадовы салдат тэрміновай службы. Хлопец не раз скардзіўся сваім бацькам на дзедаўшчыну, родныя паведамілі пра гэта камандаванню часткі. Але тое не дапамагло. Шмат што ўсплыла наогул пра дзедаўшчыну ў іншых частках.

Зараз у Беларусі ў самым разгары прызыўная кампанія. Пад яе трапляюць мужчыны ад 18 да 26 гадоў уключна. Штогод у нашай краіне праходзяць дзве такія кампаніі: у лютым-маі і жніўні-лістападзе. Толькі ў гэты час хлопцаў могуць адправіць на службу.

Зважаючы на трагічныя выпадкі ў нашым войску, «Новы Час» разам з праваабарончай кампаніяй «Цэнтр правоў прызыўніка» вырашыў распавесці, як легальна атрымаць адтэрміноўку або зусім не трапіць у армію.

Навучанне

Кожнаму навучэнцу прафесійна-тэхнічнай установы, а таксама студэнтам дзённай формы сярэдне-спецыяльнай адукацыі і ВНУ (першая ступень, бакалаўрыят) павінны даць адтэрміноўку. То бок, не істотна, колькі разоў і ў якім парадку вы навучаецеся. Галоўнае, каб вас не адлічылі па ініцыятыве навучальнай установы, напрыклад, па прычыне непаспяховасці ці неаплачанага навучання. З магістратурай і аспірантурай крыху прасцей. Калі паступіць у беларускія ВНУ — як на дзённую, так і на завочную формы — пад прызыў не патрапіш. Але магістрантам завочнай формы, якія навучаюцца за мяжой, давядзецца служыць у войску.

Каб не трапіць у войска, абітурыент, які ў год выпуску з сярэдняй школы не паступіў у ВНУ, можа запісацца на курсы даўніверсітэцкага навучання. У гэтым выпадку ён атрымае на час вучобы і паступлення адтэрміноўку ад прызыву.

Студэнты, якія два гады паспяхова навучаліся на ваеннай кафедры, атрымліваюць званне афіцэра і залічваюцца ў запас. Прызыву яны падлягаюць толькі ў выпадку прыняцця кіраўніком дзяржавы асобнага ўказу, што за апошнія 23 гады здаралася толькі пяць разоў.

Сямейнае становішча

Не «абуваюць у боты» хлопцаў, якія маюць жонку з цяжарнасцю ці інваліднасцю І або II групы (калі шлюб зарэгістраваны), або бацькоў з двума і болей дзецьмі на ўтрыманні. Прызыву не падлягаюць бацькі з адным дзіцём, якому яшчэ не споўнілася тры гады ці якія гадуюць дзяцей з інваліднасцю або без маці.

Кадр з фільма "Жыве Беларусь"

Таксама можна атрымаць адтэрміноўкі паводле сямейнага становішча пры адной з наступных умоваў:

  • Непрацаздольныя бацькі (якія дасягнулі пенсійнага ўзросту або з’яўляюцца інвалідамі I ці II групы), што не маюць іншых працаздольных дзяцей, якія пражываюць у Беларусі. Калі бацькі разведзеныя і хаця б адзін з іх не знаходзіцца ў законным шлюбе з працаздольнай асобай, гэтую адтэрміноўку можна атрымаць пры непрацаздольнасці аднаго з бацькоў, пры гэтым і адсутнасць іншых працаздольных дзяцей у Беларусі трэба вызначаць менавіта для гэтага з бацькоў (калі ў прызыўніка ёсць зводныя браты ці сёстры).
  • Калі ў бацькоў ёсць толькі два сыны і абодвух прызываюць адначасова, адтэрміноўку па заяве бацькоў могуць даць аднаму з сыноў.
  • Адзін з бацькоў, які не знаходзіцца ў законным шлюбе і не мае іншых працаздольных дзяцей, але мае адно дзіця да трох гадоў, або двух і болей дзяцей да 18 гадоў, або дзіця-інваліда да 18 гадоў, або поўнагадовае дзіця з інваліднасцю I ці II групы.
  • Маці з тэрмінам цяжарнасці 28 тыдняў ці болей, якая не знаходзіцца ў законным шлюбе і не мае іншых працаздольных дзяцей.
  • Аднаго і болей родных братоў і сёстраў, якія атрымліваюць агульную сярэднюю, прафесіянальна-тэхнічную ці сярэднюю спецыяльную адукацыю або маюць інваліднасць I ці II групы (пры адсутнасці асоб, якія маглі б узяць іх на ўтрыманне).
  • Іншы чалец сям’і, які мае адмысловае заключэнне МРЭК аб неабходнасці пастаяннага старонняга догляду і не знаходзіцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні (пры адсутнасці іншых асоб, якія пражываюць у Беларусі і законам абавязаныя клапаціцца пра гэтых членаў сям’і і ўтрымліваць іх).

Пры атрыманні пашпарта для сталага пражывання за мяжой (серыі PP) прызыўніка здымаюць з уліку ў ваенкамаце (пры наяўнасці дазволу камісарыята). Але гэты тып дакумента мае свае недахопы: напрыклад, з ім нельга афіцыйна працаваць і здзяйсняць іншыя дзеянні, якія патрабуюць мець пастаянную рэгістрацыю.

Здароўе

Калі няма адтэрміноўкі ні па навучанні, ні па сямейных абставінах, то давядзецца ісці ў ваенкамат на медкамісію. Разабрацца ў гэтым пытанні нам дапамог прадстаўнік «Цэнтра правоў прызыўніка» Кірыл Пятрэнка.

Кадр з фільма "Жыве Беларусь"

Звычайна, у медкамісію ўваходзяць акуліст, ЛОР, стаматолаг, дэрматолаг, неўролаг, хірург-траўматолаг, псіхіятр і тэрапеўт. «Калі лічыць па зваротах на наш сайт, то адносна часта прызнаюць нягоднымі па ўсіх гэтых лекарах — акрамя стаматолага, ЛОРа (калі не лічыць алергіі) і, у меншай ступені, па неўролагу і псіхіятру», — кажа праваабаронца.

Яшчэ да даты медкамісіі прызыўнікам патрэбна прынесці вынікі аналізаў, кардыяграмы і выпіску з амбулаторнай карткі. Чым больш захворванняў будзе ў ёй, тым верагодней атрымаць накіраванне на абследаванне. Поўны спіс захворванняў можна паглядзець на сайце povestka.by. Звычайным прызыўнікам трэба глядзець катэгорыю годнасці па графе I, афіцэрам запасу — па графе III.

Пры праходжанні медкамісіі першым варта ісці да таго лекара, ад каго існуе самая верагодная прычына атрымаць нягоднасць. Лекар у ваенкамаце праводзіць стандартны агляд у сваёй галіне, але не праводзіць абследаванні і не ставіць дыягназы. Трэба абавязкова распавесці гісторыю захворванняў і прад’явіць выпіску з дыягназамі. Калі хвароба з дакумента падыходзіць пад нягоднасць, прызыўніка павінны адправіць на абследаванне. Менавіта там паставяць дыягназ. Напрыклад, калі вы пакутуеце на скаліёз, дык вас спачатку накіруюць у паліклініку на рэнтгенаграфію, а потым у бальніцу. І толькі там паставяць канчатковы дыягназ.

Пры праблеме са зрокам нават пры нізкай міяпіі прызыўніка могуць адправіць на даследаванне, а пасля зрабіць, напрыклад, бясплатную лазерную карэкцыю. Калі накіраванне ад ваенкамата не далі, то яе можна зрабіць і ў прыватным цэнтры. Пры аперацыі на зрок даецца адтэрміноўка як мінімум на паўгода.

Кадр з фільма "Жыве Беларусь"

Апошнім варта прайсці псіхіятра. Ён можа задаць шэраг пытанняў: ад снагаварэння да сексуальнай арыентацыі.

«Гомасексуальнасць у Беларусі не з’яўляецца хваробай і не перашкаджае служыць у войску. Але, калі прызыўнік у ваенкамаце цвёрда выказвае сваю нязгоду з «правільным» светапоглядам па такіх пытаннях, як жыццёвыя прыярытэты, палітычная сітуацыя ў краіне, псіхіятр можа накіраваць на даследаванне ў стацыянары, каб потым паставіць хлопцу непрызыўны артыкул (як правіла, гэта «разлад асобы»), і пусціць яго гуляць на волю, але з «белым» ваенным білетам. Фактычна ідзе гаворка пра фальсіфікацыю дыягназу», — распавядае Кірыл Пятрэнка.

«Белы білет» — гэта звычайны ваенны білет з запісам аб вызваленні ад вайсковай службы па стане здароўя з указаннем нумароў псіхіятрычных артыкулаў. Але такія запісы робяцца ва ўсіх выпадках прызнання нягодным: нават з іншымі артыкуламі ў ваенным білеце могуць быць цяжкасці ў жыцці. На шчасце, заканадаўчых абмежаванняў для ўладальнікаў «белых білетаў» вельмі мала, на практыцы больш адыгрывае ролю неадэкватнае стаўленне асобных службоўцаў пры працаўладкаванні. Але ў такіх выпадках гэта можа быць заснавана нават на банальным «не служыў — не мужык», — тлумачыць праваабаронца.

За траплянне ў міліцыю ды адміністратыўныя спагнанні лекар можа нават накіраваць у псіхіятрычны дыспансер. Лячэнне ў стацыянары дае магчымасць стаць часова нягодным або зусім развітацца з войскам.

Пры праходжанні медкамісіі катэгорыю годнасці выносіць яе кіраўнік: годны да ўсіх відаў войскаў, з абмежаваннямі, часова нягодны, нягодны ў мірны час, нягодны з выключэннем з вайсковага ўліку. Гэта не канчатковае рашэнне, яно павінна быць пацверджана на пасяджэнні прызыўной камісіі, што, звычайна, адбываецца праз месяц. Адпаведна, рашэнне раённай прызыўной камісіі можа быць абскарджана ў вышэйстаячай камісіі ці ў судзе, а рашэнне вышэйстаячай камісіі — толькі ў судзе. Калі прызыўніка прызнаюць нягодным у мірны час, гэта азначае залічэнне ў запас: яму выдаюць ваенны білет, нярэдка з абавязковым медыцынскім аглядам праз тры гады.

Альтэрнатыўная служба

Калі вы не можаце служыць у арміі па маральных ці рэлігійных прычынах, ёсць альтэрнатыўная грамадзянская служба (АГС). У ліпені 2016-га набыў моц закон «Аб альтэрнатыўнай службе».

Згодна закону, служба ў войску замяняецца на працу ў медычнай, сацыяльнай, жыллёва-камунальнай сферы, сельскай і лясной гаспадарцы, а таксама ў арганізацыях, якія займаюцца добраўпарадкаваннем тэрыторый, будаўніцтвам і рамонтам дарог і чыгуначных шляхоў. Акрамя таго, такія грамадзяне могуць прыцягвацца да ўдзелу ў ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару.

Служыць тады давядзецца ў два разы больш, адпаведна наяўнасці ці адсутнасці вышэйшай адукацыі.

Значныя абмежаванні закладзеныя ў самім законе — заяву могуць падаць толькі прызыўнікі з рэлігійнымі перакананнямі, якія перашкаджаюць вайсковай службе, таму хлопцы з адпаведнымі палітычнымі ці філасофскімі перакананнямі праходзіць АГС не могуць, — тлумачыць Кірыл Пятрэнка. — Але на практыцы дадаецца патрабаванне прад’явіць ваенкамату даведку з той рэлігійнай арганізацыі, чальцом якой прызыўнік з’яўляцца. Натуральна, зарэгістраванай. То бок, чальцы незарэгістраваных рэлігійных суполак ці проста прызыўнікі, якія вызнаюць сваю рэлігію індывідуальна, рызыкуюць не атрымаць накіраванне на альтэрнатыўную службу. У апошнім выпадку гэта яшчэ і ўскоснае парушэнне свабоды сумлення.

Пасля ўступлення ў сілу закона і адначасова правядзення ў 2016 годзе восеньскага прызыву, на АГС было накіравана каля 50 чалавек.

Як бачым, калі вы не імкняцеся ў войска, ёсць некаторыя легальныя магчымасці не служыць або атрымаць адтэрміноўку. Глядзіш, за гэты час ці парадку ў арміі зробіцца больш, ці наогул армія стане прафесійнай і служыць у ёй будуць толькі тыя, хто сапраўды гэтага прагне.



Абмеркаванне:

  • Василий
  • 2017-10-23 19:55:51
Статья в стиле "вредные советы". А с такой информацией что нужно делать? Прочитать и сделать с точночтью до наоборот, ведь за уклонение от мероприятий призыва на воинскую службу наказывается уголовной ответственностью.
  • Гражданский
  • 2017-10-23 21:44:49
Собирать историю болезни нужно начинать еще до того, как прилетит первая повестка. Жаловаться, планомерно собирать справки. Только по линии психиатора лучше не идти. Если подойти с умом, то все у Вас получится! Успехов в этом нелегком мероприятии!
Долой призывное рабство!
  • ,солдат ссср
  • 2017-10-28 18:11:17
Тебя надо забрать в рекруты в гренадеры на всю жить или на галеры

Каментаваць