Рада беларускай інтэлігенцыі занепакоеная дзейнасцю мілітарных суполак "рускага свету"

У парадку дня Рады беларускай інтэлігенцыі: помнік Васілю Быкаву ў Мінску і актывізацыя прарасійскіх структураў у краіне.



На наступных пасяджэннях Рада беларускай інтэлігенцыі выкажа свае адносіны да праекту помніка Васілю Быкаву ў Мінску, а таксама да праблемы актывізацыі прарасійскіх структураў у Беларусі. Такое рашэнне было прынятае вечарам 27 лістапада ў Мінску на чарговым пасяджэнні гэтай грамадзянскай ініцыятывы пад старшынствам вядомага беларускага кінарэжысёра і педагога Уладзіміра Коласа.

Нагадаем, што паводле інфармацыі беларускіх СМІ, у Мінску каля ад Дома літаратара неўзабаве можа з’явіцца помнік Васілю Быкаву з чырвонай зоркай. Скульптар Аляксандр Батвінёнак і архітэктар Армен Сардараў ужо зрабілі макет помніка. Аўтары адлюстравалі народнага пісьменніка Беларусі за чырвоным сталом у выглядзе пяціканцовай зоркі. Аднак у публікацыях звяртаецца ўвага на тое, што Васіль Быкаў не любіў савецкую сімволіку.

Сябры рады лічаць неабходным абмеркаваць гэта пытанне разам з кіраўніцтвам Саюзу беларускіх пісьменнікаў, Беларускага саюзу мастакоў і аўтарамі праекту помніка — Аляксандрам Батвінёнкам і Арменам Сардаравым.

Апроч таго, удзельнікі пасяджэння ўзгадалі: у прэсе з’явілася інфармацыя пра тое, што пасля адкрыцця “Рассупрацоўніцтвам” расійскіх цэнтраў навукі і культуры спачатку ў Мінску ў 2010 годзе, а затым і ў Брэсце ў 2014-м, у Беларусі, як грыбы пасля дажджу пачалі з’яўляцца прарасійскія арганізацыі, у тым ліку мілітарызаваныя дзіцячыя і юнацкія суполкі.

Прычым, адпаведную ідэалагічную апрацоўку сяброў гэтых ваенізаваных суполак праводзяць святары Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы. Аўтары публікацый не выключаюць, што мэтай вайсковай падрыхтоўкі патэнцыйных баявікоў “рускага свету” на тэрыторыі Беларусі можа быць адпрацаваны ва ўкраінскім Данбасе сцэнар па дэстабілізацыі сітуацыі ў краіне з мэтай падаўлення магчымага супраціву прабеларускіх сілавікоў і наменклатуры.

Сябры рады выказалі сваю занепакоенасць такой дзейнасцю, якую апякае праваслаўная царква, і лічаць неабходным падрыхтаваць адпаведныя запыты ў Генеральную пракуратуру і Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь. Апроч таго, гэтая праблема будзе прапанаваная для абмеркавання ўдзельнікам чарговай сесіі Усебеларускага кангрэсу за незалежнасць.  

Абмеркаванне:

  • ВР
  • 2015-11-29 03:26:13
Наконт помніка - можа, карэспандэнт "НЧ" узяў бы інтэрв'ю ў нашчадкаў Быкава, спытаўся б, як яны ставяцца да праекта?

Каментаваць