Рада беларускай інтэлігенцыі асудзіла дзеянні Расіі ва Украіне

З асуджэннем дзеянняў Расіі ва Украіне выступілі сябры грамадскай ініцыятывы “Рада беларускай інтэлігенцыі” (РБІ). На сваім пасяджэнні, што адбылося ў Мінску 27 лютага, сябры РБІ прынялі заяву з нагоды падзеяў на Украіне.



Ля будынка Вярхоўнай Рады Крыма. 26 лютага.Фото: Reuters


У заяве, між іншым, зазначаецца, што падзеі, якія адбываюцца сёння на Украіне, з’яўляюцца лёсавызначальнымі не толькі для народу гэтай краіны, яны, безумоўна, зробяць важкі ўплыў на сітуацыю ў Еўропе і ва ўсім свеце.

“Але мы выказваем сваю падтрымку перадусім украінскаму народу, які паўстаў супраць несправядлівасці, крывадушнасці і злоўжыванняў сваёй уладнай сістэмы. Кіеўскі Майдан з’яўляецца грозным папярэджаннем усім аўтакратычным рэжымам, якія ўсталяваліся ў краінах постсавецкай прасторы”, — падкрэсліваецца ў заяве.

Як дасягненне Кіеўскага Майдану сябры рады расцэньваюць пазіцыю, з якой простыя грамадзяне Украіны падыходзяць да вырашэння найбольш важных праблем, іхняе нежаданне надалей верыць сумнеўным абяцанкам дэмагогаў і папулістаў ад палітыкі, што выкарыстоўваюць дэмакратычныя лозунгі для дасягнення асабістых мэтаў.

Апошнія падзеі ў Крыме яскрава дэманструюць спланаваны характар дзеянняў прарасійскіх сепаратыстаў пад патранажам крамлёўскага кіраўніцтва, якое, афіцыйна ўстрымліваючыся ад ацэнкі  прамежкавых вынікаў украінскай рэвалюцыі, разгарнула адкрытую антыўкраінскую імперскую прапаганду ў дзяржаўных СМІ, у Думе і шавіністычных грамадскіх арганізацыях, гаворыцца ў заяве.

Яе аўтары звяртаюць увагу на тое, што падзеі ва Украіне паказваюць бесперспектыўнасць "рэальнай палітыкі" Еўрапейскага Саюза, якая грунтуецца на спадзяваннях трансфармацыі дыктатарскіх рэжымаў постсавецкіх рэспублік пры пасярэдніцтве аўтарытарнага расійскага кіраўніцтва. Патуранне сепаратызму і размяшчэнню вайсковых базаў, як тое бачна з кансервавання грузінскага прэцэдэнту або дыслакацыі расійскай авіябазы ў Беларусі, разбурае дух і літару тых гарантый бяспекі, якія даваліся прадстаўнікамі Расіі, ЗША і Велікабрытаніі ў Будапешцкім мемарандуме 1994 году Украіне і Беларусі, што сталі па добрай волі бяз'ядзернымі дзяржавамі, падкрэсліваецца ў заяве.    

Яе аўтары заклікаюць кіраўніцтва Расіі паважаць права народаў іншых краінаў самастойна выбіраць свой лёс і накірункі свайго развіцця.

“Разам з украінскім народам мы смуткуем з нагоды пагібелі мірных грамадзянаў на Майдане і спадзяемся, што мэта, дзеля якой яны аддалі свае жыцці, будзе дасягнутая”, — падкрэсліваецца ў заяве.

На пасяджэнні былі разгледжаня і іншыя пытанні. Так, вырашана чарговы V Усебеларускі сход інтэлігенцыі правесці восенню бягучага году менавіта на Беларусі.

Сябры рады паставілі свае подпісы пад зваротам да прэзідэнта Дзяржавы Ізраіль Шымана Пэрэса з асуджэннем ізраільскага амбасадара ў Беларусі Ёсэфа Шагала, які ў сваёй заяве тэлеканалу RTYi ад 6 лютага назваў беларускіх палітычных вязняў крымінальнікамі і параўнаў іх з палестынскімі экстрэмістамі. 

Апроч таго, сябры РБІ выступілі супраць звальнення з Беластоцкага ўніверсітэту вядомай дзяячкі беларускай дыяспары ў Польшчы і знанай даследчыцы беларускай культурнай спадчыны, доктара паліталогіі Алены Глагоўскай.

Каментаваць