Рада БНР асудзіла спецслужбы

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) выступіла з заявай, у якой рэзка асудзіла дзеянні беларускіх спецслужбаў, што правялі ператрус у кватэры былога дэпутата, прадстаўніка парламенцкай апазіцыі БНФ Мікалая Аксаміта ў Ваўкавыску.

Рада Беларускай Народнай Рэспублікі (БНР) выступіла з заявай, у якой рэзка асудзіла дзеянні беларускіх спецслужбаў, што правялі ператрус у кватэры былога дэпутата, прадстаўніка парламенцкай апазіцыі БНФ Мікалая Аксаміта ў Ваўкавыску.



Як зазначаецца ў заяве, падпісанай старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай, 8 лютага ў Ваўкавыску былі арыштаваны прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юрый Лявонаў і Уладзімір Асіпенка, а таксама праведзены ператрусы ў кватэрах апазіцыйных актывістаў, у тым ліку прадстаўніка апазіцыі БНФ у Вярхоўным Савеце XII склікання М. Аксаміта. Ён, як нагадваецца ў заяве, мае непасрэднае дачыненне да прыняцця Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі і надання ёй статусу канстытуцыйнай сілы, зацвярджэння бел-чырвона-белага сцяга і герба “Пагоня ў якасці дзяржаўных сімвалаў. “У іншай краіне такі чалавек меў бы пашану ад дзяржавы. У Беларусі, што паказальна, Аксаміт вось ужо некалькі гадоў не можа ўладкавацца на працу, — гаворыцца ў заяве.



“Сярод іншага, у Аксаміта былі канфіскаваны дакументы, якія маюць дачыненне да яго дэпутацкай дзейнасці 1990–1995 гадоў, два дэпутацкія пасведчанні, а таксама два бела-чырвона-белыя сцягі. Пры гэтым супрацоўнікі спецслужбаў заявілі, што сям’я не мае права захоўваць у сябе гэтыя сцягі, — паведамляюць аўтары дакумента.



Паводле меркавання Рады БНР, канфіскацыя дакументаў, звязаных з працай у парламенцкай апазіцыі БНФ, — праява мэтанакіраванай палітыкі па вынішчэнні з грамадскай свядомасці ўсяго, што мае дачыненне да абвяшчэння незалежнасці ў 1918 годзе і яе аднаўлення ў 1991 годзе.


Каментаваць