Раману Пратасевічу пагражаюць забойствам

Апазіцыйнаму кандыдату ў дэпутаты Моладзевай палаты тэлефануюць невядомыя людзі і пагражаюць зарэзаць каля пад’езда.



Апазіцыйнаму кандыдату ў дэпутаты Моладзевай палаты тэлефануюць невядомыя людзі і пагражаюць зарэзаць каля пад’езда.


“Званілі на мабільны і хатні тэлефоны з мінскага гарадскога нумара +375173284962. Толькі падыму слухаўку — там мат-перамат! Маўляў, гэта дабром не скончыцца, мы ведаем, дзе ты жывеш, зарэжам ля пад’езда — і канец табе. У агульнадасяжных даведніках гэты нумар не стаіць на ўліку, — распавядае падрабязнасці Раман Пратасевіч.

Нагадаем, маладафронтавец працягвае адчайна змагацца за месца ў Моладзевай палаце (“парламент для падлеткаў пры гарсавеце, абіраецца тэрмінам на год). Пасля таго, як арганізатары выбараў (традыцыйна гэта БРСМ) беспадстаўна адмовіліся размяшчаць анкету і праграму хлопца на сайце “Моладзевай палаты для галасавання, Раман Пратасевіч пачаў актыўна змагацца са свавольствам арганізатараў.

Па-першае, у папулярнай сацыяльнай сетцы “УКантакце запрацавала суполка “Мы супраць дыскрымінацыі Рамана Пратасевіча на выбарах. Да суполкі ўжо далучылася каля сотні школьнікаў і студэнтаў, многія з якіх самі балатуюцца на выбарах па іншых акругах. Салідарныя падлеткі патрабуюць тэрмінова размясціць анкету Рамана Пратасевіча і пачаць галасаванку з нуля.

Па-другое, хлопец з дапамогай праваабарончага цэнтра “Вясна склаў і накіраваў у Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў скаргу на арганізатараў. “Я ўжо амаль не разлічваю на тое, што мне будзе дазволена ўдзельнічаць у выбарах. Тым не менш, я хачу да канца пазмагацца за сваё права на ўдзел. Калі ўжо ўвязаўся — дзейнічаць трэба напоўніцу, — гаворыць Раман Пратасевіч. Такая настойлівасць хлопца і выклікала незадавальненне некаторых людзей, якія пачалі назвоньваць з пагрозамі.

Маладафронтавец мае намер падаць заяву ў міліцыю з нагоды гэтых званкоў. Праўда, у тым, што міліцыя, нават маючы тэлефонны нумар, знойдзе патрэбных людзей, Раман Пратасевіч не ўпэўнены.

Даведка. Моладзевая палата пры Мінгарсавеце выконвае ролю кансультанта па моладзевай палітыцы. Яна складаецца з мінскіх навучэнцаў 9–11 класаў і студэнтаў 1–2 курсаў. У гэтым годзе выбары, якія, як і заўсёды, манапольна праводзіць “Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, праходзяць у два этапы. Падчас першага этапу ўсе ахвотныя мусяць даслаць сваю біяграфію і праграму на адмысловы сайт www.mp2011.by. З 5 па 9 снежня праходзіць анлайн-галасаванне за кандыдатаў. З кожнай выбарчай акругі абіраецца па 3 пераможцы, якія змогуць правесці агітацыю ў школах. А ўжо 24 снежня пройдзе выніковае галасаванне (галасаваць могуць толькі вучні 9–11 класаў), якое і вызначыць 57 чальцоў Моладзевай палаты.

 

Каментаваць