Рамеснікі хай не чакаюць дапамогі

Рамеснікі Беларусі збіраюць подпісы пад зваротам да заканатворцаў. Нагодай ёсць змены ў дзейснае заканадаўства. Індывідуальным прадпрымальнікам; рамеснікам і адвакатам абрэзалі выплаты дапамогі на дзяцей.



Дадуць толькі 50 працэнтаў

Новы год прынёс эканамічныя цікавосткі. Праўда, рост цэн і змяненне падыходу ў выплатах на дзяцей пазітыўнага водгуку ў грамадстве не знайшлі. У папярэднім нумары НЧ мы пісалі пра адмену дадатковых выплатаў для маці-адзіночак, што выклікала шырокую дыскусію ў грамадстве.

Яшчэ адным спрэчным момантам новага закона стаў пералік катэгорый дэкрэтніц, якім абрэзалі выплаты на дзяцей на 50 працэнтаў — у іх лік патрапілі індывідуальныя прадпрымальнікі, адвакаты, рамеснікі ды іншыя.


Апошнім часам у краіне пачало развівацца рамесніцтва. Вырабы ручной працы — як то для інтэр’ераў, вопратку ці ўпрыгожванні — можна без праблем набыць на адмысловых кірмашах ці праз інтэрнэт, які наблізіў рамеснікаў да патэнцыйных пакупнікоў. Рамеснік раз на год плаціць пошліну ў памеры адной базавай велічыні (цяпер гэта 100 тысяч рублёў) і можа легальна прадаваць вырабы, створаныя сваімі рукамі.

Шалёныя прыбыткі


Лічыцца, што рамесніцтва не прыносіць шалёных прыбыткаў і ёсць хутчэй «узаконеным перад дзяржаваю хобі», гаворыць рамесніца Зоя Прышывалка.

«Безумоўна, людзі спрабуюць нешта рабіць і прадаваць. Але зразумела, што мы не ІП і не плацім вялікіх падаткаў дзяржаве. Я сваім вязаннем зарабляю на тое, каб акупіць матэрыялы і быць задаволенай прыбыткам. Ёсць больш дарагія віды рамесніцтва з дарагімі матэрыяламі, і чалавек можа хіба што выходзіць у нуль. Як толькі ўсё гэта пачалося, то я пайшла і забрала дакументы на афармленне рамесніцтва. Праўда, улетку я выйду з дэкрэтнага і планую займацца гэтым надалей. Цяпер я проста стамілася, дый спробы дзяржавы такім чынам пераразмеркаваць грошы мне не падабаюцца. Трэба яшчэ разумець, што калі сур’ёзна займаешся рамесніцтвам, то крадзеш час ці ў сябе, ці ў сваіх дзяцей, выкройваеш яго са свайго сну... Гэта насамрэч праца, а не занятак ад няма чаго рабіць», — распавядае пра рамесныя справы Зоя Прышывалка.

Трэба сабраць 5000 подпісаў


Жанчыны-рамесніцы, шматлікія з якіх знаходзяцца ў дэкрэтным, маюць намер сабраць 5 000 подпісаў да заканатворцаў.


«Па сутнасці, мы і так з’яўляемся досыць уразлівым ва ўсіх сэнсах пластом насельніцтва, а тут яшчэ і закон, які ўдарыў не толькі па мамах у прыватнасці, але і па прэстыжы дзяржавы ў цэлым: бо рамеснікі — гэта не проста людзі, захопленыя хобі (пра заробак з рамесніцтва казаць не даводзіцца, у нас у краіне пакуль яшчэ не склалася паважлівае стаўленне да ручной працы, гэта хобі і творчасць, а не спосаб зарабіць), гэта яшчэ і тыя, хто адраджае беларускі фальклор і побыт, гісторыю, і паказвае гэта ў сваіх працах новаму пакаленню, замежнікам, якія з захапленнем разглядаюць вырабы беларускіх майстрых. Гэта людзі, якія ўдзельнічаюць у беларускіх і замежных выставах, прадстаўляючы нашую краіну, паказваючы яе самабытнасць і індывідуальнасць. Дзяржава павінна падтрымліваць такія імкнення, а не секчы іх на пні, выдаючы падобныя законы. Шматлікія рамеснікі і таленавітыя майстрыхі зрабіліся такімі менавіта ў дэкрэтных адпачынках... А зараз большасць матуль проста спыняць рамесную дзейнасць, мы можам страціць адораных майстрых. Замест таго, каб ствараць, мы руйнуем ручную працу, якая вось толькі-толькі пачала падымацца з каленяў», — гаворыцца ў звароце з просьбай адмяніць новаўвядзенні ў заканадаўстве.

Хобі на пражытак


 «Я катэгарычна супраць новаўвядзенняў у закон «Аб дзярждапамогах...»! Менавіта ў дэкрэтным адпачынку я захапілася сваім хобі. Яно стала для мяне велізарнай аддушынай, але не ў матэрыяльным, а ў маральным плане. Праз некалькі гадоў хобі стала маёй асноўнай працай, я зарэгістраваная і як ІП, і як рамесніца плачу добрыя падаткі ў бюджэт нашай краіны. Гэтым новаўвядзеннем Вы літаральна забараняеце жанчыне афіцыйна захапляцца чым-небудзь! Пазбаўляеце права зарабіць зусім невялікія грошы сваёй руплівай працай у такі нялёгкі для любой жанчыны перыяд, як нараджэнне дзіцяці!» — абураецца майстрыха Анастасія Арыновіч.


Што да жанчын — індывідуальных прадпрымальнікаў то, як і ў выпадку з рамеснікамі, новаўвядзенні зробяцца стымулам для сыходу ў ценявы сегмент эканомікі для некаторых, хто меў намеры легалізаваць сваю дзейнасць. Напрыклад, цяпер на інтэрнэт-пляцоўках аўкцыёнаў можна знайсці шмат абвестак наконт продажу тавараў, што прывозяць з-за мяжы. Вельмі часта такім гандлем займаюцца жанчыны, якія знаходзяцца ў дэкрэтным па доглядзе за дзіцём.

«Наезд» дзяржавы на дзіцячыя выплаты выклікаў моцнае абурэнне і нежаданне саступаць — лепш заставацца ў цяні, чым узаконіць сваю дзейнасць ды даць магчымасць дзяржаве зэканоміць на дзецях.

Каментаваць