Расійскі адпачынак «Вярхоўнага» ды іншае

Мінулы тыдзень вызначыўся адсутнасцю ў Беларусі кіраўніка дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка знаходзіўся ў Сочы, разлічваючы на сустрэчу са сваім расійскім візаві Дзмітрыем Мядзведзевым. На момант падпісання гэтага нумара ў друк яшчэ не было вядома, ці гэтая сустрэча адбылася, але сам факт далёка не першага спаткання прэзідэнтаў Беларусі і Расіі сведчыць пра тое, што без расійскага вектара афіцыйнаму беларускаму кіраўніку не абысціся.

Мінулы тыдзень вызначыўся адсутнасцю ў Беларусі кіраўніка дзяржавы. Аляксандр Лукашэнка знаходзіўся ў Сочы, разлічваючы на сустрэчу са сваім расійскім візаві Дзмітрыем Мядзведзевым. На момант падпісання гэтага нумара ў друк яшчэ не было вядома, ці гэтая сустрэча адбылася, але сам факт далёка не першага спаткання прэзідэнтаў Беларусі і Расіі сведчыць пра тое, што без расійскага вектара афіцыйнаму беларускаму кіраўніку не абысціся.

Хаця, як кажуць незалежныя тутэйшыя эксперты, абмеркаванне найскладанейшых беларуска-расійскіх дачыненняў абяцала быць вельмі няпростым. Таварныя войны, адмаўленне прэзідэнтам «сінявокай» прызнаваць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, падпісваць пагадненне па КСАР АДКБ — гэта толькі малая частка складанасцяў у двухбаковых стасунках, якія найбліжэйшым часам будзе спрабаваць вырашыць, прынамсі, расійскі бок. Ці пойдзе на гэта Аляксандр Лукашэнка, вядома толькі яму аднаму.

Яшчэ адной цікавасцю мінулых дзён стала інфармацыя пра будучы датэрміновы ад’езд з Беларусі кіраўніка Офіса АБСЕ ў Мінску германскага дыпламата Ханса-Йохана Шмідта. Мушу адзначыць, што ў спадара Шмідта ад першага дня свайго знаходжання ў Беларусі неяк не склаліся адносіны з тутэйшымі палітыкамі і журналістамі. Ён прысутнічаў ці не на ўсіх акцыях апазіцыі, але гэта, у адрозненні ад яго папярэднікаў Ханса-Георга Віка і Эберхарда Хайкена, якога, на жаль, ужо няма з намі, успрымалася хутчэй як працоўны абавязак, а не як шчырае жаданне спрыяць дэмакратычным працэсам у Беларусі.

Вельмі запамінальнымі сталіся заявы Х.-Й. Шмідта пра тое, што правы чалавека не ёсць перавага дзейнасці Офіса АБСЕ ў Мінску, і пра тое, што АБСЕ не мае намеру ўлічваць прапановы беларускай апазіцыі па змяненні выбарчага заканадаўства. Хаця больш уплывовыя асобы ў АБСЕ, трымаюцца зусім іншага погляду.

Ханс-Йохан Шмідт


Практычна незаўважаным у Беларусі прайшло 70-годдзе падпісання сумна вядомага Пакту Молатава — Рыбентропа, які, разам з сакрэтным пратаколам, стаў падставай перадзелу свету і, які многія эксперты лічаць, прадвеснікам другой сусветнай вайны. Вялікая група беларускіх грамадскіх дзеячаў і журналістаў (каля ста чалавек) 23 жніўня наведала Катынь — месца, дзе энкавэдысты ад 20-х да 40-х гадоў знішчалі мірнае насельніцтва, а ў 1940 годзе забілі і больш за 4 тысячы афіцэраў Войска Польскага — прадстаўнікоў не толькі польскай нацыі, але і іншых народнасцяў, у тым ліку і беларусаў. На памятных шыльдах афіцэраў можна было ўбачыць месцы іх нараджэння — сярод польскіх назваў пазначаны і беларускія — Гродна, Брэст, Кобрын…

Так што Катынскі лес — таксама месца пахавання нашых суродзічаў, хоць афіцыйны Мінск пра гэта і не ўзгадвае. Аднак нават расіяне памятаюць славутых беларусаў, якія палеглі ад рук чырвоных катаў — у музеі Катыні ёсць адмысловы стэнд, прысвечаны славутым беларусам братам Максіму і Гаўрылу Гарэцкім, што сталі ахвярамі сталінізму.

Яшчэ на гэтым тыдні стала вядома, што ў Беларусь прыйшоў «свіны грып». Дзякуй Богу, ніхто з нашых суайчыннікаў пакуль не сканаў ад гэтай хваробы. Дарэчы, беларускія медыкі сцвярджаюць, што ніякай рэальнай небяспекі вірус не нясе, што ў нашай краіне (не выключана) многія ўжо перанеслі гэтую хваробу на нагах, але засталіся жывымі і сталі здаровымі. Толькі не зразумела, навошта было захоўваць у таямніцы самы першы выпадак захворвання, калі шпіталізавалі грамадзяніна Кітая. Менш ведаеш — спакайней спіш?

Барыс Нямцоў


І зноў вернемся да беларуска-расійскіх дачыненняў. У чацвер, 27 жніўня, у Мінску чакаўся вялікі дэсант расійскіх палітыкаў і эканамістаў, якія экстрапалююць сябе праціўнікамі дзейнага рэжыму Пуціна — Мядзве­дзева (падрабязнасці пра мерапрыемства з удзелам Барыса Нямцова, Уладзіміра Рыжкова, Леаніда Гозмана ды іншых вядомых расійскіх палітычных дзеячаў — у наступным нумары «Новага часу»). Тэма канферэнцыі — «Беларуска-расійскія дачыненні: ракіроўка ці перазагрузка?» Відаць, беларуская апазіцыя пачынае ацэньваць і разумець важнасць не толькі заходняга, але і ўсходняга вектара знешняй палітыкі.

Каментаваць