«Добраахвотнае донарства органаў ратуе нацыю»

Трансплантацыя органаў ратуе чалавечыя жыцці, але адначасова закранае даволі шырокі спектр праблем. Медыцынскія, этычныя і прававыя аспекты перасадкі органаў хвалююць многіх грамадзян. Трансплантолаг Расціслаў Лаўрынюк спрабуе развянчаць некаторыя міфы, якія атачаюць перасадку органаў.

Аперацыі па перасадцы органаў

Ратуючы жыццё

Гісторыя супрацьстаяння Ларысы Паланевіч і айчыннай транспланталогіі, пра якую пісаў НЧ, сведчыць пра недахопы ў існуючай донарскай сістэме і недавер родных памерлых да трансплантолагаў. Аднак у краіне паступова набірае моц і грамадскі рух, які прапагандуе развіццё гэтай галіны медыцыны ды імкнецца стварыць пазітыўнае стаўленне да донарства органаў.

Паводле дадзеных статыстыкі, зараз у краіне налічваецца некалькі тысяч чалавек, якім выканалі перасадку органаў.

Дырэктар Брэсцкага Міжнароднага цэнтра «Донарства. Дыяліз. Трансплантацыя» Расціслаў Лаўрынюк зацікаўлены ў папулярызацыі добраахвотнага донарства. Адначасова ён з’яўляецца галоўным пазаштатным трансплантолагам Брэсцкай вобласці. Адной з задачай цэнтру з’яўляецца комплексная падтрымка людзей, якія праходзяць працэдуру гемадыялізу, і людзей, якім перасаджаны ўнутраныя органы.

Медык спачувае гісторыі Ларысы Паланевіч, але выказвае свой погляд на гэты выпадак.

Жорсткая фіксацыя

«Усе свае дзеянні медыкі павінны былі фіксаваць — асабліва факт смерці чалавека. Дактары робяць усё неабходнае, каб выратаваць чалавеку жыццё. Калі ёсць клінічныя прыкметы смерці мозга — збіраецца першы кансіліум. Гэта стандартная медыцынская працэдура, яна ўваходзіць у абавязкі доктара, які праводзіць лячэнне. Паміж двума кансіліумамі павінна прайсці не менш за 6 гадзін», — кажа Лаўрынюк.

Трансплантолаг падкрэслівае, што праверка на прыдатнасць органаў для трансплантацыі ажыццяўляецца да выняцця органаў — існуе пералік захворванняў, пры якіх яны не могуць быць скарыстаныя. Таксама ажыццяўляецца праверка на імунасумяшчальнасць органаў для перасадкі донара і рэцыпіента. Інфармацыя пра асобу донара, месца правядзення аперацыі і рэцыпіента звычайна захоўваюць у таямніцы.

«З артыкула не зразумела, ці існуюць дакументы, якія пацвярджаюць, што грамадзянцы Украіны выканалі аперацыю праз тыдзень пасля таго, як яна стала ў чаргу, — гаворыць Лаўрынюк. — Мне цяжка р­а­біць высновы па гэтым выпадку: у артыкуле не пададзеныя многія дакументы, у тым ліку копія пасведчання аб смерці і вынікі пракурорскай праверкі. Я не бачу крыміналу ў аплаце аперацыі грамадзянкай Украіны. Такія аперацыі робяцца бясплатна беларусам, а замежным грамадзянам, калі орган не падыходзіць беларусу, — за грошы».

Аперацыі па перасадцы органаў

Не абавязаныя…

«Палажэнне артыкула 10 Закона аб трансплантацыі грунтуецца на прэзумпцыі згоды на адабранне органаў і тканак чалавека пасля яго смерці — гэта значыць, на здагадцы, што адсутнічае пярэчанне на выкананне медыцынскай акцыі. Прэзумпцыя азначае, што медперсанал не абавязаны высвятляць волю памерлага і яго блізкіх родзічаў, калі на момант забору органаў яны выразна не выявілі свае адносіны да такой аперацыі. Гэтая норма дае медработнікам максімальную ступень свабоды пры вырашэнні пытанняў пра забор органаў і тканак чалавека. Няма ў законе і патрабавання пра абавязковае паведамленне аб заборы органаў родзічам», — кажа Лаўрынюк.

Справа — трансплантолаг Расціслаў Лаўрынюк, злева — бацька самага вядомага донара ў свеце — італьянскага хлопчыка. 

Міфы транспланталогіі

Трансплантолаг настроены катэгарычна супраць некаторых міфаў, якія атачаюць перасадку органаў.

Міф №1: чалавека могуць «залячыць» спецыяльна, каб яго органы сталі донарскімі.

«Згодна з заканадаўствам, рэанімацыяй чалавека і заборам органаў займаюцца розныя брыгады. То бок, спецыяліст, адказны за рэанімацыю, не ўдзельнічае ў заборы органаў. Задачай рэаніматолага з’яўляецца вяртанне чалавека да жыцця. Калі здароўю донара або рэцыпіента нанесеная шкода, звязаная з парушэннем умоў і парадку канфіскацыі органаў альбо тканак, альбо ўмоў і парадку трансплантацыі, установа аховы здароўя нясе адказнасць у адпаведнасці з Грамадзянскім кодэксам Беларусі», — кажа Лаўрынюк.

Міф №2. Калі ў цябе ёсць грошы, ты зробіш аперацыю хутчэй.

Камерцыйныя аперацыі з донарскімі органамі забароненыя заканадаўствам — гэта артыкул 5 Закона «Аб трансплантацыі органаў і тканак чалавека». Галоўным крытэрам для вызначэння таго, каму будзе перасаджаны орган, з’яўляецца імуналагічны — сумяшчальнасць органа. Гэты прынцып, акрамя іншага, спрыяе зніжэнню верагоднасці адрынання перасаджанага органа пасля трансплантацыі.

Расціслаў Лаўрынюк распавядае, што падбор донара і рэцыпіента — вельмі складаная працэдура. Перад аперацыяй абавязкова павінна быць зробленае даследаванне на сумяшчальнасць, бо мала перасадзіць орган — важна, каб ён прыжыўся і даў магчымасць чалавеку жыць. «Для вызначэння сумяшчальнасці ёсць вельмі выразныя крытэры: група крыві, антыцелы і генетычныя прыкмета, — расказвае пра працэдуру падбору органаў трансплантолаг. — Зараз распрацавана адмысловая кампутарная праграма, дзе зададзеныя медыцынскія крытэры фармуюць спіс сумяшчальных донараў. Мае значэнне ступень цяжару стану рэцыпіента — орган будзе перасаджаны таму, стан якога горшы ў параўнанні з астатнімі. Тэрытарыяльная прыкмета таксама аказвае ўплыў: кожны орган мае абмежаваны час, калі ён можа быць трансплантаваны».

Існуе адзіны рэгістр, у якім знаходзяцца дадзеныя пацыентаў. Таму чалавек, які «стаў у чаргу на трансплантацыю» не зусім даўно, аб’ектыўна можа атрымаць орган хутчэй за папярэдніх — калі орган донара падыходзіць толькі яму.

Аперацыі па перасадцы органаў

Міф №3. Калі ты скажаш, што падтрымліваеш трансплантацыю, цябе парэжуць на органы. Людзей могуць забіваць, выкрадаць дзеля органаў.

Гэту тэзу Лаўрынюк жорстка абвяргае: «Я ўжо гаварыў і паўтару, што ў краіне дзейнічае прэзумпцыя згоды: калі чалавек пры жыцці пiсьмова не выказаў сваю адмову (пісьмовая заява падаецца ва ўстанову аховы здароўя і потым фіксуецца ў Адзіным рэгістры трансплантацыі) або яго сваякі вусна або пiсьмова не выказалі сваю нязгоду адразу пасля яго смерці, то органы могуць быць вынятыя для трансплантацыі. Працэс ад выяўлення патэнцыйнага донара да перасадкі — складаная тэхналагічная працэдура, у якой задзейнічаныя да 50 чалавек.

Спачатку павінен быць канстатаваны факт смерці мозгу. Гэта робіць кансіліум з некалькіх спецыялістаў. Пасля арганізм правяраюць на наяўнасць пэўных захворванняў — гэта вызначае, прыдатныя або непрыдатныя органы для перасадкі. Калі няма медыцынскіх супрацьпаказанняў, вывучаецца, якое было рашэнне чалавека адносна забору яго органаў пасля смерці. Калі чалавек пры жыцці або яго сваякі пасля яго смерці не выказалі сваю нязгоду, адбываецца забор органаў. Усе стадыі жорстка фіксуюцца. Гэтыя аперацыі высокатэхналагічныя, і іх нельга зрабіць у таямнічых нелегальных умовах», — кажа трансплантолаг.

Транспланталогія ратуе жыцці

Дырэктар міжнароднага цэнтра лічыць, што патрэбна разнастайная інфармацыйная праца — як дзяржаўная, так і грамадская, каб змяніць адносіны да трансплантацыі органаў і каб у людзей нават не ўзнікалі падставы для сумненняў наконт гэтай праблемы.

Акцыі цэнтру «Донарства. Дыяліз. Трансплантацыя»

Ёсць шмат гісторый, калі транспланталогія ратуе жыццё. Маладая жанчына Вольга, якой у 2010 годзе перасадзілі печань, распавядае: «Праблемы са здароўем пачаліся праз два месяцы пасля таго, як я нарадзіла сына. У мяне пажоўклі бялкі вачэй і сталі сыходзіць сілы. Я думала, што гэта з-за нядаўніх родаў. Аднойчы паднялася тэмпература, на наступны дзень мяне паклалі ў шпіталь, дзе праз месяцы аналізаў і даследаванняў агаломшылі дыягназам: «аўтаімунны цыроз печані». Мне было толькі 24 гады. Да гэтага часу я ўся была напоўнена жыццём: з задавальненнем вучылася ў музычным каледжы, мела сям’ю, немаўля».

Праз чатыры гады хвароба ператварыла Вольгу ў прывід. І цяпер ёй нават страшна прыгадваць, як яна ляжала ў бальніцы кожныя два месяцы і глытала жменямі пігулкі, каб запаволіць развіццё цырозу. «З-за спадарожнай энцэфалапатыі я забывала, які фільм глядзела, як завуць знаёмага чалавека, — працягвае гісторыю маладая маці. — Мая печань няўхільна руйнавалася».

У канцы 2010 года яна ў чарговы раз лягла ў гастраэнтэралагічнае аддзяленне Брэсцкай абласной бальніцы. Ёй зрабілі працэдуры, якія звычайна дапамагалі пазбавіцца ад ацёкаў, слабасці, тахікардыі. Але на гэты раз лепш не станавілася. Дактары звязаліся з Мінскім РНПЦ трансплантацыі органаў і тканак, і яе напаўжывую павезлі на рэанімабілі ў Мінск.

Новы дзень нараджэння Вольгі прыйшоўся на 12 лістапада 2010 года. «Кожны дзень мы з мамай адкрывалі Біблію, маліліся Богу, каб усё адбылося так, як хоча Ён, як будзе добра і карысна для мяне. Кожны дзень пражывала ў чаканні, што ўвойдзе лекар і скажа: «Знайшоўся донар, рыхтуйцеся да аперацыі». Так, Бог панёс з гэтай зямлі чалавека, якога таксама хтосьці любіў і чакаў дома. Але яго было ўжо не выратаваць… Прымі яго душу, Госпадзе, і дай суцяшэнне яго блізкім», — кажа Вольга.

Акцыі цэнтру «Донарства. Дыяліз. Трансплантацыя»

У Цэнтры «Донарства. Дыяліз. Трансплантацыя» працуе шмат валанцёраў, якія раней знаходзіліся на мяжы жыцця і смерці. Але ёсць і іншыя. Валанцёрка Таццяна Тхорава — здаровы чалавек. Уключылася ў працу Міжнароднага цэнтру, каб падтрымліваць хворых людзей і папулярызаваць ідэі добраахвотнага донарства.

Псіхалагічная падтрымка, наведванне хворых, сустрэчы, велапрабег «Па сцежках Пушчы» для людзей, што перанеслі трансплантацыі органаў, — гэтыя мерапрыемствы аб’ядноўваюць людзей для барацьбы з хваробай.

Расціслаў Лаўрынюк лічыць, што донарства ратуе нацыю і развівае міласэрнасць да людзей, у якіх ёсць шанец на жыццё.



Ад рэдакцыі:

Добра, што тэма, узнятая Ларысай Паланевіч, атрымала працяг. Згаданыя спадаром Лаўрынюком дакументы ёсць у кнізе Паланевіч, але, на жаль, змясціць усе дакументы на газетных старонках мы не маглі. Мы перадалі кантакты Ларысы Паланевіч Расціславу Лаўрынюку, і спадзяемся, што ён зможа вывучыць усе неабходныя дакументы і даць абгрунтаваны каментар па справе.

Фота прадстаўлены Расціславам Лаўрынюком



Каментаваць