Рашэнне будзе аформленае, не хвалюйцеся!

Праект бюджэту Расійскай Федэрацыі на 2010–2012 гады ўжо прадугледжвае фінансаванне будаўніцтва беларускай атамнай электрастанцыі.

Праект бюджэту Расійскай Федэрацыі на 2010–2012 гады ўжо прадугледжвае фінансаванне будаўніцтва беларускай атамнай электрастанцыі.

Пра гэта паведаміў журналістам Аляксандр Глухаў — першы віцэ-прэзідэнт ЗАТ «Атамстройэкспарт» (Расія), якое плануе будаваць АЭС у Беларусі. Паводле яго слоў, праект бюджэту пакуль не зацверджаны. Аднак прадугледжаных сродкаў павінна цалкам хапіць для фінансавання будаўніцтва АЭС у Беларусі. Кошт атамнай станцыі будзе вызначаны пагадненнем. Дакумент ужо рыхтуецца для правядзення паўнавартасных перамоў наконт фінансавання. Паводле раней агучаных звестак, на будаўніцтва ў Беларусі атамнай станцыі на два блокі магутнасцю 2 ГВт і інфраструктуры да яе спатрэбіцца 9 мільярдаў долараў ЗША. Глухаў падкрэсліў, што гэта сума агульная, кошт АЭС вызначаецца кантрактам і ў практыцы кампаніі не было выпадкаў, каб цана кантракта пасля яго падпісання была змененая.

Важна адзначыць, што ў праект будаўніцтва АЭС уключаны комплекс па перапрацоўцы вадкіх і цвёрдых ядзерных адходаў, а таксама сховішча для іх. Эксплуатацыя гэтага сховішча прадугледжваецца на працягу першых 20 гадоў працы станцыі. У далейшым, пры павелічэнні тэрмінаў эксплуатацыі АЭС да 50 гадоў, мяркуецца будаўніцтва дадатковых сховішчаў.

Намеснік міністра энергетыкі Беларусі Міхаіл Міхадзюк зазначыў, што цяпер разглядаецца праект, паводле якога на беларускай АЭС будуць пабудаваны тры энергаблокі. Два першыя будуць дзяржаўныя, будаўніцтва трэцяга, магчыма, будзе ажыццяўляцца з удзелам знешніх інвестараў. Ужо рыхтуецца міжурадавае пагадненне аб будаўніцтве станцыі, якое прадугледжвае закупку ядзернага паліва ў тым ліку ў Расіі. На думку Міхаіла Міхадзюка, гэта не з’яўляецца знакам таго, што Беларусь падвысіць энергазалежнасць ад Расіі, хаця па-ранейшаму энергетычныя рэсурсы будуць ісці ад нашай усходняй суседкі.

Да слова, тэндэру на будаўніцтва беларускай АЭС не праводзілася. Былі накіраваныя запыты розным дзяржавам, якія маюць аўтэнтычныя атамныя тэхналогіі, маюцца на ўвазе Расія і Францыя, вяліся перамовы з Кітаем. Па словах кіраўніцтва Мінэнерга, адзіная кампанія, якая адказала на гэты запыт, «Расатам». Аляксандр Глухаў заявіў журналістам, што для кампаніі гонар працаваць у Беларусі і будаваць гэту станцыю, і яна мае намер прытрымлівацца дырэктыўных тэрмінаў працы, то бок першы блок мусіць быць уведзены ў эксплуатацыю ў 2016 годзе, другі — у 2018-м.

Што тычыцца непасрэдна грамадскіх слуханняў, то намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк сказаў, што агучаныя заўвагі і прапановы будуць прынятыя да ўвагі, і ўвогуле «слуханні папярэдняй справаздачы пра ўздзеянне АЭС на навакольнае асяроддзе прайшлі ў адпаведнасці з сусветнай практыкай, калі прымаюцца рашэнні аб рэалізацыі падобных праектаў».

Да канца года грамадскія слуханні мяркуецца правесці ў рэгіёнах Беларусі, а таксама сумежных краінах, каб у наступным годзе спецыялісты пачалі дапрацоўваць матэрыял. У першым квартале наступнага года Ацэнка ўздзеяння АЭС на навакольнае асяроддзе павінна прайсці дзяржаўную экалагічную экспертызу.

Не зразумелым засталося адно: якім чынам будзе аформлена канчатковае рашэнне пра будаўніцтва станцыі, хаця пасля слуханняў і стала зразумела, што гэта толькі фармальны пункт. Намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк заўважыў: «Нідзе не напісана, што гэта мусіць быць указ кіраўніка дзяржавы». І тут жа супакоіў: «Рашэнне будзе аформленае, не хвалюйцеся!»

---------------------------------------------

Меркаванне

Уладзімір Чупроў, кіраўнік энергетычнай праграмы «Грынпіс Расіі»:

— У свеце няма ядзернага рэнесансу, пра які многа гаварылася на грамадскіх слуханнях. Апошні ядзерны рэктар быў падключаны ў Румыніі два гады таму, за той жа час было ўведзена 50 ГВт ветравых станцый, не кажучы ўжо пра інвестыцыі ў альтэрнатыўную энергетыку. Якія альтэрнатывы можа мець Беларусь? Тут ветравая энергетыка можа замяніць атамную. Прычым гэты альтэрнатыўны сцэнар будзе таннейшы ў паўтары разы. Што тычыцца забеспячэння палівам, то ўран для класічных цеплавых рэактараў будзе вычарпаны праз трыццаць-сорак год. Дэфіцыт уранавых запасаў, які сустрэне свет, з’явіцца ўжо ў 2020 годзе, калі будзе выкарыстаны запас вайсковага ўрану, які пакуль пакрывае патрэбы.

Варта ўзгадаць і тэхналагічныя праблемы падключэння. АЭС павінна працаваць у базавым рэжыме, то бок без паніжэння ці павышэння магутнасці. Пікі магутнасці напружвання, якія маюць месца кожныя суткі і кожны тыдзень, будуць закрываць газавыя і вугальныя станцыі. То бок штодзень яны будуць уключацца і выключацца. Гэта аварыі, рызыкі, нерацыянальнае выкарыстанне прыроднага газу. Для Беларусі ўвод у эксплуатацыю АЭС насамрэч дазволіць скараціць спажыванне прыроднага газу на 20 працэнтаў. Аднак, па нашых ацэнках, альтэрнатыўны сцэнар на аснове ўзнаўляльнай энергетыкі за меншыя сродкі дазволіць эканоміць да 50 працэнтаў прыроднага газу.

Калі казаць пра бяспеку АЭС, самымі ідэальнымі пляцоўкамі для будаўніцтва ў Расіі з’яўляюцца Масква і Санкт-Пецярбург. Гэтыя гарады насамрэч маюць дэфіцыт электраэнергіі, ёсць працоўныя рэсурсы, не трэба дадатковай інфраструктуры. На наш запыт, ці можна будаваць АЭС каля гэтых гарадоў, «Расатам» адказаў, што такіх планаў няма і ніколі не будзе. Думаю, варта пабудаваць АЭС у Маскве, гэта будзе найлепшы доказ яе бяспечнасці.

Каментаваць