Расія без смерці

Нават у Расіі, з яе крымінагеннай сітуацыяй і тэрарызмам, наважыліся ўвесці мараторый на смяротнае пакаранне. Пра гэта НЧ паразмаўляў з Сяргеем Пашыным — ініцыятарам стварэння ў Расіі суда прысяжных.
 



Смяротная кара — не панацэя

 
— Расія адмовілася ад смяротнага пакарання ў дастаткова жорсткіх умовах. Разгул злачыннасці, «ліхія 90-я», пагроза тэрарызму, Беслан, Норд-Ост, выбухі дамоў у Маскве. Чаму быў уведзены мараторый на смяротнае пакаранне?
 
 
— Перш за ўсё, Расія падпісала Пратакол №6 Еўрапейскай канвенцыі па абароне правоў чалавека, які прадугледжвае адмену смяротнага пакарання. Плюс у 1993 годзе ў нашай Канстытуцыі чорным па белым было запісана, што пакаранне смерцю прымяняецца «аж да яго адмены». З году ў год памяншалася колькасць злачынстваў, якія караліся б смерцю. Скажам, у параўнанні з Крымінальным кодэксам 1960 года ўжо ў 1990-я гады з гэтага кодэкса зніклі многія расстрэлы за негвалтоўныя злачынствы. Напрыклад, да 1991-га было смяротнае пакаранне за крадзяжы на суму больш за 10 тысяч рублёў, было пакаранне за незаконныя валютныя аперацыі, за хабар. За гэтыя злачынствы пакаранне смерцю было скасавана. Гэта значыць, працэс ішоў, і набірала абароты ўсведамленне таго, што чалавека нельга забіваць, асабліва, калі гэта робіць дзяржава.
 
 
Прычым, гэта адбывалася ў вышэйшых эшалонах улады. Я мяркую, што большасць маіх суграмадзян, і нават суддзяў, ідэю адмены смяротнага пакарання не падтрымлівалі. Але гэта было чыста палітычнае рашэнне. Найперш, яно было звязана з міжнародным правам, але яшчэ і з новымі дэмакратычнымі павевамі. Мы маглі б не падпісваць гэты Пратакол №6, але ўжо было ўяўленне пра тое, што жыццё чалавека ў дэмакратычнай дзяржаве — гэта вышэйшая каштоўнасць. Мараторый на смяротнае пакаранне — гэта была дзейсная дэманстрацыя ўсведамлення каштоўнасці чалавечага жыцця.
 
 
 
Сяргей Анатольевіч Пашын, заслужаны юрыст Расійскай Федэрацыі
 
 
— Як вы ацэніце крымінагенны стан Расіі пасля ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне?
 
 
— Пасля ўвядзення мараторыя на смяротнае пакаранне ў Расіі нічога не змянілася. Крымінагенныя фактары, у асноўным забойства, замах на жыццё працаўнікоў міліцыі, забойства з карысных памкненняў — усё гэта было звязана не з наяўнасцю альбо адсутнасцю смяротнага пакарання. А са становішчам усёдазволенасці, з тым, што пахіснуліся асновы праваахоўнай сістэмы, масавая карупцыя і велізарны грамадскі пірог, які дзяліўся, у тым ліку, сілай зброі. Вось гэта былі асноўныя фактары злачыннасці ў «ліхія 90-я». Цяпер колькасць гвалтоўных злачынстваў у Расіі паступова памяншаецца. У параўнанні з «ліхімі 90-мі» яна наогул паменшылася ў разы, зараз памяншаецца пакрысе. Забойствы на побытавай глебе — як былі, так і засталіся, не паменшыліся, але і не павялічыліся. Тэрор таксама практычна задаўлены. Так што я б не сказаў, што ёсць нейкія крыміналагічныя перадумовы для вяртання смяротнага пакарання, адмовы ад мараторыя.
 

Беззаконне Саюзнай дзяржавы

 
— У нас існуюць не толькі ўзаемныя абавязацельствы з Еўропай, АБСЕ, але і Саюзная дзяржава. Чаму ж у Расіі смяротнага пакарання дэ-факта няма, а ў Беларусі смяротныя прысуды не толькі выносяцца, але і прыводзяцца ў выкананне?
 
 
— Па-першае, у Беларусі смяротныя прысуды ўжо прыводзяцца ў выкананне значна радзей, чым, напрыклад, 20 гадоў таму. А па-другое, я лічу, што адмена ці мараторый смяротнага пакарання ў Беларусі — справа часу. Немагчыма, каб у розных частках нават саюзнай дзяржавы ўсе маршыравалі ў адным кірунку і ў нагу. Я думаю, што для Беларусі адмена смяротнага пакарання ці ўвядзення на яго мараторыя — справа часу. Еўрапейскія дзяржавы ад смяротнага пакарання адмаўляюцца, і я думаю, што ў хуткім часе Беларусь таксама да гэтага прыйдзе.
 
 
— Ці ёсць нейкія механізмы адмены смяротнага пакарання ў Беларусі цяпер, скажам, звязаныя з тымі ж дамовамі аб Саюзнай дзяржаве?
 
 
— Пакуль я такіх механізмаў не бачу. І наогул, я не лічу, што Расія павінна чымсьці, акрамя свайго досведу, падштурхоўваць Беларусь. У нас ёсць досвед, мы гатовыя ім падзяліцца, ёсць, напэўна, навукоўцы, якія займаюцца судовымі памылкамі. Ёсць крымінолагі, якія сапраўды падлічылі, у якой ступені смяротнае пакаранне спрыяе зніжэнню злачыннасці. Сусветны досвед вельмі своеасаблівы: дзесьці адмянілі смяротнае пакаранне, і нічога не змянілася. Дзесьці адмянілі, і забойствы пайшла на спад, а дзесьці ўзраслі. Гэта значыць, усё залежыць ад менталітэту, і тут павінны працаваць сацыёлагі, навукоўцы, павінны лічыць і глядзець, які будзе эфект ад адмены смяротнага пакарання. Я думаю, што такая праца паміж нашымі краінамі вядзецца, хоць і не ў відавочным выглядзе.
 
 
Варта заўважыць, што Расія прыйшла да мараторыя таксама не ў момант, а паступова — праз стварэнне камісіі па памілаванні, на чале якой стаяў Анатоль Прыстаўкін, вельмі вядомы пісьменнік. Дык вось Анатоль Ігнатавіч і члены яго камісіі ўвялі мараторый на смяротнае пакаранне «явачным парадкам» — проста нікога не пакаралі смерцю, а ўсіх мілавалі. І высветлілі, што спачатку смерцю каралі па 700 чалавек у год, потым па 300, потым па 50, потым па 3 чалавекі. Але ад гэтага нічога не змянялася. Які тады сэнс забіваць чалавека, браць грэх на душу, калі гэта ніякіх сацыяльна апраўданых наступстваў не мае. Навошта? Бо ўбачылі ж, нічога не змяняецца...
На маю думку, гэты працэс адмены ці мараторыя на смяротную кару не трэба фарсіраваць. Не трэба нікога гвалціць, і я думаю, што неабходнасць адмовы ад смяротнага пакарання стане відавочнай. І асабліва гэта будзе відавочным, калі будзе ўведзены суд прысяжных.

 

Неверагодная колькасць судовых памылак

 
— Вы былі адным з ініцыятараў увядзення ў Расіі суду прысяжных. Наколькі суд прысяжных можа абараніць ад судовай памылкі?
 
 
— У Расіі суды прысяжных дзейнічаюць пакуль толькі на абласных узроўнях. Доля апраўданняў у звычайных судах — менш за 1%. У Сібіры яшчэ менш, у Краснадары больш — 1,6%. У судах прысяжных у 2013 годзе апраўдалі 20% падсудных. Да гэтага было ад 14 да 16%.
Атрымліваецца, што «звычайная» судовая сістэма вельмі моцна памыляецца. Альбо доказы, якія падаюцца суду, могуць задаволіць толькі тых, хто «ў адной запрэжцы» — суддзі са следствам. А непрадузятага чалавека задаволіць не могуць.
 
 
У цэлым шэрагу выпадкаў суды прысяжных наогул ратавалі гонар расійскага правасуддзя. Напрыклад, гучная «справа Казакова» ў Санкт-Пецярбургу (справа аб забойстве 9-гадовай таджыкскай дзяўчынкі Хуршэды Султонавай у Санкт-Пецярбургу, галоўным абвінавачаным у якім быў 14-гадовы Раман Казакоў). Казакова апраўдалі. Крыкаў было! Што прысяжныя нацыяналісты, што яны фашысты, што яны нічога не разумеюць... Я з алоўкам прачытаў 35 тамоў крымінальнай справы — глупства поўнае. А потым злавілі сапраўдных скінхэдаў, якія там забілі дваіх сваіх жа. І яны прызналіся, што гэта іх рук справа.
 
 
У звычайным судзе гэтая справа б прайшла «на ўра», і асудзілі б невінаватага. Зразумела, што Казакоў не анёл — і хуліган, і сотавыя тэлефоны краў... Але не забойца ж.
 
 
Разумееце, нармальная судовая машына павінна працаваць па метадзе селекцыі — аддзяляць збожжа ад пустазелля, казлішчаў ад ягнят, вінаватых ад невінаватых. А ў нас судовая сістэма ўладкаваная як камбайн — яна косіць усё адразу: і жыта, і пустазелле. Вось у гэтым праблема. І больш за тое, суды не з’яўляюцца незалежным АТК — сістэмай кантролю. Яны з’яўляюцца яшчэ адным інструментам звязкі барацьбы з злачыннасцю. Вось яны і змагаюцца, а змагацца ім даводзіцца з падазраваным — іншых у іх няма.
 
 
У Расіі праціўнікі смяротнага пакарання, дзякуючы ўвядзенню суда прысяжных, атрымалі дадатковыя аргументы для абгрунтавання сваіх патрабаванняў. Усё, вядома, і так разумелі, але яшчэ раз пацвердзілася і стала відавочным, як дрэнна вядзецца расследаванне злачынстваў, якія ёсць рызыкі, як можна асудзіць невінаватага чалавека, калі суддзя судзіць чалавека руцінным чынам. Калі з’явяцца такія механізмы «зваротнай сувязі», то ўсё адразу стане ясна. Будзе больш прыхільнікаў адмены смяротнага пакарання. Усё стане нашмат лягчэй.

 

Незваротны мараторый

 
— У Расіі зараз раздаюцца галасы аб тым, каб ізноў увесці ў дзеянне смяротнае пакаранне. Гэта магчыма?
 
 
— Мараторый на смяротнае пакаранне, як я ўжо казаў, — гэта палітычнае рашэнне. Але гэта палітычнае рашэнне юрыдычна нам будзе вельмі няпроста змяніць. Па-першае, трэба будзе адклікаць подпіс пад Пратаколам №6, а гэта — страта прэстыжу, страта твару ў міжнароднай супольнасці. Але галоўнае, што ёсць серыя рашэнняў Канстытуцыйнага суда па гэтай праблеме. У тым ліку і па маёй скарзе — я ў 1999 годзе як член Маскоўскага гарадскога суда падаў запыт, і Канстытуцыйны суд у адказ на запыт КС РФ аб’явіў смяротнае пакаранне неканстытуцыйным.
 
 
Канстытуцыйны суд ужо напісаў, што мы знаходзімся на «незваротную шляху да поўнай адмены смяротнага пакарання». Значыць, трэба ламаць пазіцыю Канстытуцыйнага суда. А як яе зламаць? Палову суддзяў звольніць, іншую палову прызначыць? Юрыдычна гэта зрабіць практычна немагчыма, і гэта ўжо сур’ёзна.
 
 
Калі смяротнае пакаранне захоча вярнуць палітык, то дзеля чаго? Дзеля чаго ісці напралом, са шматлікімі рэпутацыйнымі выдаткамі, і ў краіне, і на міжнароднай арэне? Так што я не веру ў адмену мараторыя на смяротнае пакаранне.
 
 
Енкі пра ўзмацненне жорсткасці, пра вяртанне да смяротнага пакарання — гэта чыста палітычная рэч. І таксама дзіўная. З аднаго боку, крычаць: «Расстраляць!». З іншага, як толькі становяцца прысяжнымі — апраўдваюць падсудных ці пішуць: «З паблажкай». Людзі на словах вельмі агрэсіўныя, а на справе — літасцівыя. Я думаю, што гэта тычыцца як Расіі, так і Беларусі.
 

Каментаваць