Раскідваемся дзяржаўнымі ўзнагародамі

Беларускі кіраўнік надзяліў высокапастаўленых расійскіх чыноўнікаў дзяржаўнымі ўзнагародамі. Адпаведная цырымонія прайшла ў амбасадзе Беларусі ў Маскве 29 верасня, а медалі і ордэны на лацканы крамлёўцаў вешаў беларускі прэм’ер-міністр Андрэй Кабякоў.



Фота БЕЛТА


Ордэнам Пашаны ўганараваны спікер Дзяржаўнай Думы Сяргей Нарышкін «за істотны асабісты ўнёсак у падрыхтоўку Дагавора аб Еўразійскім эканамічным саюзе, у развіццё, пашырэнне інтэграцыйных працэсаў, умацаванне эканамічнага супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Расіяй».

Віцэ-прэм’еры расійскага ўраду Ігар Шувалаў і Аркадзь Дварковіч атрымалі па Ордэну Дружбы народаў. Апроч таго, «за істотны асабісты ўнёсак у стварэнне агульнай інфармацыйнай прасторы і развіццё беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў галіне журналістыкі» генеральны дырэктар федэральнай дзяржаўнай установы «Российская газета» Павел Нягоіца адзначаны Ордэнам Пашаны, галоўны рэдактар гэтага ж выдання Уладзіслаў Фронін узнагароджаны Ордэнам Францыска Скарыны. Шэф-рэдактар газеты «Союз. Беларусь — Россия» Вольга Герасіменка ўшанаваная медалём Францыска Скарыны.  

Пракаментаваць гэты факт «Новы Час» папрасіў палітолага Валерыя Карбалевіча. «Расія час ад часу ўзнагароджвае беларусаў, якіх яна лічыць прарасійскі скіраванымі, Беларусь узнагароджвае расійскіх кіраўнікоў. Праўда, такога масавага ўзнагароджвання раней не было. Магчыма, гэта жаданне такім чынам задобрыць расійскае кіраўніцтва. Але ці можна гэта зрабіць такім чынам? — задаецца пытаннем эксперт. — Калі б быў нейкі юбілей, то гэта яшчэ неяк можна было б зразумець, а так…» 

Зараз больш цікава і важна, адзначае Карбалевіч, што Расія пагадзілася перанесці плацяжы па крэдыце, якія Беларусь мусіла сплаціць у 2015 годзе, на 2016 год. Да таго ж, Масква паабяцала пастаўляць у 2016 годзе і пазней на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы 24 мільёны тон нафты штогод. «Апроч таго, Еўразійскі фонд стабільнасці і развіцця абяцае выдаць Беларусі крэдыт, але гэта, відаць, будзе за плануемую ваенную авіяцыйную базу, якую Расія мяркуе размясціць на нашай тэрыторыі», — лічыць суразмоўца.

Разам з тым, кажа Карбалевіч, мы маем шмат прыкладаў, калі Лукашэнка віншуе і ўзнагароджвае вядомых расійскіх акцёраў, выканаўцаў, у той час як вельмі рэдка можна ўбачыць, каб Лукашэнка кагосьці віншаваў з беларускіх дзеячаў культуры. «Лукашэнка скіраваны ў бок Расіі. У прынцыпе, тут няма чаго абурацца. Вось калі размесцяць у нас расійскую ваенную базу, тады так. А вось медалі няхай раздае», — падсумаваў аналітык.  

Каментаваць