Расквецім выбары сілаю

«Спадзяюся, што абстаноўка на выбарах будзе спакойная, разумная, паспяховая», — заявіла ў першы дзень датэрміновага галасавання 18 верасня старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына. У гэты ж дзень невядомыя асобы ў цывільным напалі на дазволены пікет грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду».
 



У выніку актывістаў моладзевага крыла “Zмена, якія ладзілі пікет у падтрымку бакоту выбараў,  затрымалі, а ў журналістаў «праверылі акрэдытацыю» — фатографу Associated Press Сяргею Грыцу разбілі твар, усіх затрыманых журналістаў завезлі ў пастарунак, знятыя матэрыялы выдалілі, тэхніку забралі. Праўда, потым аддалі, а журналістаў выпусцілі. Выбары пачаліся.

Добрым знакам гэтай выбарчай кампаніі стала кансалідацыя рашэння пра ўдзел у выбарах некаторых палітычных структур. Так, зняць кандыдатаў у дэпутаты да галасавання на знак пратэсту супраць непразрыстасці выбарчага працэсу, наяўнасці ў краіне палітвязняў вырашылі партыі БНФ і АГП. Кіраўніца Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына на гэта адгукнулася негатыўна. «Што тычыцца палітычных заяваў з нагоды «вязняў», цэнзуры і гэтак далей, — заўважыла кіраўнік ЦВК, — усё гэта было і на той момант, калі АГП і БНФ вылучалі сваіх кандыдатаў. Нічога ў краіне за месяц не змянілася, што магло падштурхнуць партыі прыняць падобныя рашэнні. Наадварот, былі прадастаўлены шырокія магчымасці — проста яны імі не карысталіся».

Ісці да фінішнай прамой калегіяльна вырашылі актывісты згаданай вышэй грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» (хаця  моладзевае  крыло кампаніі “Zмена падтрымала ідэю байкоту выбараў). У першы ж дзень датэрміновага галасавання быў здзейснены налёт на іх пікет, у выніку якога былі затрыманыя і пацярпелі журналісты, актывісты адправіліся на «суткі». «Мы лічым, што, безумоўна, варта заставацца ў кампаніі, гэта рашэнне прынялі кандыдаты фактычна ў тых жа ўмовах, што ёсць і цяпер. Звярну ўвагу на напад на наш пікет: усе бачылі, як гэта было зроблена — жорстка, нахабна. Гэта робіцца, каб распаўсюджваць страх. Калі мы хадзілі па пікетах, кватэрах, людзі нам казалі, што яны адзін на адзін з дзяржавай, і вось нам важна паказаць, што яны насамрэч не адны. Прыйдзе час, калі нам патрэбныя будуць гэтыя грамадзяне, але яны нам скажуць «да пабачэння». Мы гаворым ім, што ёсць тры спосабы дзеяння — прагаласаваць за дэмакратычнага кандыдата, супраць усіх ці не ісці на выбары ўвогуле. Нашы людзі ў любым выпадку застануцца ў гэтых акругах як альтэрнатыва абраным кандыдатам», — пракаментаваў сітуацыю Андрэй Дзмітрыеў, адзін з лідараў кампаніі «Гавары праўду». Што тычыцца закідаў «Гавары праўду» аб супрацоўніцтве з КДБ ды несалідарнасці з калегамі па цэху, то Дзмітрыеў кажа, што «жаданне знайсці ворагаў унутры апазіцыі, замест таго, каб думаць, што рабіць далей, самае простае». Прадстаўнік грамадзянскай кампаніі адзначыў: «Гавары праўду» працуе для новай большасці, для тых, хто яшчэ сумняваецца. І я падкрэслю, што на працягу ўсёй кампаніі мы ні слова не сказалі пра тых, хто абраў іншую тактыку паводзінаў».

У той жа дзень у Мінску былі затрыманыя аператар «Белсату» Вячаслаў Пяшко і журналіст Валянцін Міхальцоў. Яны запісвалі на вуліцах Мінска апытанне. Да іх падышлі міліцыянты, адвялі ў апорны пункт на вуліцы Кузьмы Чорнага, пратрымалі там некалькі гадзінаў. Журналістаў адпусцілі, але камера засталася ў міліцыянтаў.

Пацярпеў, калі здымаў апытанне на адной з вуліц, і пазаштатны карэспандэнт нашага выдання Мікіта Броўка. Скончыў працу, прысеў на лаўку, трымаючы камеру і мікрафон на каленях, як да яго падышоў невядомы чалавек у цывільным, назваўся супрацоўнікам службы бяспекі, запатрабаваў пасведчанне. Пабачыўшы назву «Новы час», заявіў, што такога выдання не існуе, парваў пасведчанне і сышоў.

Верагодна, млявая выбарчая кампанія цягам апошняга тыдня будзе расквечаная надзвычайнымі паведамленнямі. Бо такіх ціхіх выбараў пры такой абыякавасці да іх насельніцтва яшчэ не было. З’явіліся нават злыя жарты, што давядзецца ўладам нешта экстраардынарнае зладзіць, каб абгрунтаваць нізкую яўку выбарцаў. «Людзі пакуль разварушваюцца. Але, думаю, пенсіянеры пойдуць на ўчасткі, яны любяць галасаваць датэрмінова, — супакойвала журналістаў кіраўніца ЦВК Лідзія Ярмошына. — Шмат тут залежыць ад канкурэнцыі на выбарчым участку. У 2004 годзе парламенцкія выбары праходзілі адначасова з рэферэндумам, і гэта стымулявала яўку. Цяпер, можа быць, не ўсе бульбу выкапалі, таму гэта таксама будзе стымуляваць прагаласаваць датэрмінова». Чыноўніца паведаміла, што, «зыходзячы з практыкі, датэрмінова ў Беларусі галасуе 25–27% выбаршчыкаў». Нагадаем, датэрміновае галасаванне будзе праходзіць на працягу пяці дзён: з 18 па 22 верасня. 23 верасня — асноўны дзень галасавання.

Калі ў Беларусі да выбарчага працэсу грамадзяне абыякавыя, то па заходні бок мяжы прынамсі дзяжурная ўвага мае месца. Але, відавочна, без ілюзій. «Не варта чакаць, што 23 верасня выбары адбудуцца ў адпаведнасці з дэмакратычнымі стандартамі. Дзеючае заканадаўства ў Беларусі не гарантуе свабоднага і справядлівага працэсу, прадухіляе празрыстую працэдуру падліку галасоў, — піша ў policy paper Анаіс Марын, эксперт з Фінскага інстытуту міжнародных спраў. — І, адпраўляючы паўнавартасную назіральную місію ў Беларусь, АБСЕ зноў дае афіцыйнаму Мінску прэзумпцыю невінаватасці. Разарваць заганны круг знешняй легітымацыі рэжыму можна праз узгодненасць і стрыманасць у прадастаўленні выбарчаму фарсу нейкага даверу».

Анаіс Марын мяркуе, што ЕС мусіць найперш рыхтавацца да прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 2015 года. Увага мусіць быць скіраваная на суб’ектаў грамадзянскай супольнасці, у прыватнасці, мясцовых назіральнікаў за выбарамі. «Уключэнне выбаршчыкаў у вяршэнства права кантралёраў можа павысіць дасведчанасць людзей у працэсах, і попыт на дэмакратыю ўнутры самой Беларусі», — адзначае эксперт Фінскага інстытуту міжнародных спраў.
 

Каментаваць