Распачаўся першы этап V Агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі

21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы распачаўся першы этап V Агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі, якая праводзіцца рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны пры падтрымцы польскага тэлеканала “Белсат.

У Мінску дыктоўка адбылася ў офісе ТБМ. Сярод удзельнікаў мерапрыемства прысутнічалі ганаровыя госці: прадстаўнікі пасольстваў Грузіі і Чэхіі, а таксама мінчане і госці сталіцы — людзі розных заняткаў і узросту.



21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы распачаўся першы этап V Агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі, якая праводзіцца рэспубліканскім грамадскім аб’яднаннем “Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны пры падтрымцы польскага тэлеканала “Белсат.

У Мінску дыктоўка адбылася ў офісе ТБМ. Сярод удзельнікаў мерапрыемства прысутнічалі ганаровыя госці: прадстаўнікі пасольстваў Грузіі і Чэхіі, а таксама мінчане і госці сталіцы — людзі розных заняткаў і узросту.

Тэксты дыктоўкі — верш народнага паэта Беларусў Максіма Танка “Родная мова (1943) і ліст у рэдакцыю народнага паэта Беларусі Янкі Купалы (замест прамовы на святкаванні дваццацігоддзя літаратурнай творчасці першага народнага паэта Беларусі ў Беларускім дзяржаўным тэатры 23 чэрвеня 1925 года) — чытала першы намеснік старшыні ТБМ Алена Анісім. Яна пажадала ўсім прысутным, “каб у вашых сем’ях панавала згода і лад, каб беларуская мова спрыяла вам, вашым родным і блізкім, каб яна стала тым падмуркам, які зробіць вас паспяховымі людзьмі. Усе ўдзельнікі мерапрыемства атрымалі ў падарунак аўтаручку з лагатыпамі “Белсату і V Агульнанацыянальнай беларускай дыктоўкі.

У інтэрв’ю карэспандэнту “Новага часу Анісім напомніла, што дыктоўка праводзіцца пяты год запар па ініцыятыве беларускага філосафа Уладзімера Падгола і таму грамадскасцю назапашаны пэўны вопыт. Паводле яе слоў, тэксты дыктоўкі прымеркаваны да 100-гадовага юбілею з дня нараджэння Максіма Танка і 130-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы. Верш Танка ўяўляе сабой выдатнае паэтычнае слова, вельмі зразумелае і простае ў напісанні, сказала Анісім. Паводле яе слоў, тэкст ліста Купалы невядомы шырокаму чытачу і ўтрымлівае думкі, сугучныя кожнаму грамадзяніну Беларусі.

                                        Алена Анісім

Як адзначыла першы намеснік старшыні ТБМ, у шэрагу рэгіёнаў краіны дыктоўку ўжо пісалі ў выходныя дні, прычым у некаторых месцах, у тым ліку і на Лідчыне, адбылося паразуменне грамадскасці з уладамі і мерапрыемства праводзілася ў дзяржаўных бібліятэках. Паводле яе слоў, у Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў дыктоўку пісалі студэнты разам з выкладчыкамі. Такім чынам, падчас дыктоўкі народ засведчвае, што ад мовы ён не адракаўся, мову людзі любяць, шануюць і жадаюць, каб іх родная мова гучала паўсюль, у тым ліку на радыё і па тэлевізіі, а не толькі ў грамадскім транспарце. “Пра гэта, дарэчы, кажуць і дзеці, — зазначыла Анісім. Сёння яна, навуковы супрацоўнік Інстытута мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі,  у Заводскім раёне сталіцы сустракалася з навучэнцамі Мінскай беларускай гімназіі №14, якія чыталі вершы Максіма Танка і Пімена Панчанкі.

Як паведаміла Анісім, другі і трэці этапы дыктоўкі адбудуцца 15 і 25 сакавіка і прысвячаюцца, адпаведна, Дню Канстытуцыі і 94-й гадавіне абвяшчэння Беларускай Народнай Рэспублікі.

Дарэчы, сёння ў Міжнародны дзень роднай мовы ў сталіцы адбыліся розныя мерапрыемствы. Так, Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы ў рамках Года кнігі і святкавання 130-годдзя з дня нараджэння народнага паэта Беларусі распачаў першы этап грамадска-культурнай акцыі “Чытаем Купалу разам. Падчас мерапрыемства вершы Купалы прагучалі з вуснаў прадстаўнікоў Рэспубліканскага грамадскага савета па справах культуры і мастацтва пры Савеце міністраў. Акрамя таго, наведвальнікі імпрэзы атрымалі магчымасць на працягу толькі аднаго вечара пазнаёміцца з унікальнымі каштоўнасцямі з фондаў музея — прыжыццёвымі выданнямі кніг паэта з аўтографамі самога аўтара.

У Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа адбыўся літаратурны вечар “Матчын дарунак ад самай калыскі, да якога падрыхтавана выстава ў фондаў музея “Якуб Колас і Нацыянальная акадэмія навук Беларусі: да вытокаў  беларускай навукі аб слове з рэдкімі дакументамі і матэрыяламі, звязанымі з навуковай дзейнасцю песняра.

У Цэнтральнай навуковай бібліятэцы імя Якуба Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі сёння адбыліся літаратурныя чытанні паэтычных твораў Янкі Купалы і Якуба Коласа.
 

Каментаваць