Распачаўся Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі

У Каўнасе распачаў сваю працу Шосты Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі.


Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі — штогадовы акадэмічны і экспертны форум даследчыкаў Беларусі і рэгіёна Усходняй Еўропы.

Аляксей Пікулік, акадэмічны дырэктар BISS, у вітальнай прамове сказаў, што “паколькі ў нас няма інструментаў спыніць навуковае гастарбайтарства, Кангрэс становіцца кропкай пэўнага гравітацыйнага прыцягнення для людзей, якія займаюцца даследаваннем розных кірункаў беларускай навукі”.



Дырэктар Інстытута палітычных даследаванняў Андрэй Казакевіч паведаміў, што экспертнай супольнасцю было вырашана ў паліталагічнай частцы звярнуць увагу на тэмы бяспекі, інфармацыйных войнаў,  рэгіянальнага супрацоўніцтва, што сёння ёсць актуальным для Усходняй Еўропы.



Сёлета праца будзе весціся ў наступных кірунках:

Рэгіянальнае супрацоўніцтва і нацыянальная бяспека; Беларускае грамадства і сацыяльныя навукі;
Сучасная беларуская эканоміка. Праблемы трансфармацыі;
Беларуская грамадзянская супольнасць: стан на 2016 год і найбліжэйшыя перспектывы;
Правы чалавека і міжкультурны дыялог;
Адукацыя і навука;
Феномен ранняй дзяржаўнасці на тэрыторыі Беларусі і Літвы ў 13–15 стст: альтэрнатывы сацыяльнай рэвалюцыі;
Гісторыя Вялікага княства Літоўскага;
Гісторыя Беларусі 19 і 20 стагоддзяў;
Беларускае замежжа і памежжа. Праблемы нацыянальнай ідэнтычнасці і культурнай памяці;
Літаратуразнаўства і лінгвістыка;
Гісторыя царквы і рэлігіязнаўства;
Этналогія і даследаванні традыцыйнай культуры;
Кніжная культура Беларусі: гісторыя і тэорыя;
Сучасная беларуская культура;
Чарнобыльская катастрофа: беларускае грамадства і Палессе.

Пачынаючы з 2013 года была заснаваная Прэмія Кангрэса за лепшую навуковую публікацыю ў галіне сацыяльных і гуманітарных дысцыплін на працягу года. Прэмія абвяшчаецца ў трох намінацыях: сацыяльныя навукі (палітычныя навукі, сацыялогія), гуманітарныя навукі (філасофія, філалогія, лінгвістыка, мастацтвазнаўства), гісторыя.  Сёлета будуць узнагароджаныя аўтары за найлепшыя публікацыі ў 2014–2015 гадах.



Таксама ў рамках Кангрэса пройдуць прэзентацыі кніг, даследчых і адукацыйных праектаў

Міжнародны Кангрэс даследчыкаў Беларусі заснаваны ў 2010 годзе прадстаўнікамі беларускай і літоўскай грамадскасці. Кангрэс з’яўляецца самай прадстаўнічай штогадовай акадэмічнай і экспертнай падзеяй.
Летась у працы Кангрэса ўзялі ўдзел больш за 450 удзельнікаў і 80 гасцей з 19 краін свету. Сёлета ў Кангрэсе ўдзельнічае больш за 600 чалавек.




Каментаваць