Размовы пра амбудсмена не зблізяць Мінск з Еўропай

Нядаўна беларускія ўлады нечакана зацікавіліся меркаваннем праваабаронцаў па пытанні ўвядзення ў краіне інстытута ўпаўнаважанага па правах чалавека — амбудсмена. Што гэта: новая гульня з Захадам ці першы крок да абвешчанай прэзідэнтам палітычнай мадэрнізацыі?



Размова ідзе пра ліст, накіраваны 27 верасня Нацыянальным цэнтрам заканадаўства і прававых даследаванняў пры Адміністрацыі прэзідэнта ў шэраг праваабарончых арганізацый.

Рэакцыя праваабаронцаў не прымусіла сябе доўга чакаць. 16 кастрычніка прадстаўнікі найбуйнейшых беларускіх праваабарончых арганізацый сабраліся ў офісе Цэнтра прававой трансфармацыі. Там яны сумесна заявілі, што жадаюць устрымацца ад супрацоўніцтва з уладамі па гэтым пытанні на цяперашніх умовах.


У чым сутнасць пытання

Адсутнасць інстытута амбудсмена — сур'ёзны прагал у далёкай ад дасканаласці айчыннай сістэме абароны правоў чалавека. Гэтая пасада даўно ўжо стала звычайнай ва ўсіх беларускіх суседзяў і ўжо тым больш у іншых еўрапейскіх дзяржавах.

Асноўная роля гэтага інстытута — забеспячэнне непасрэднай абароны правоў кожнага грамадзяніна. Надзелены недатыкальнасцю, незалежнасцю і адпаведнымі паўнамоцтвамі, амбудсмен павінен рэагаваць на скаргі людзей адносна парушэння іх правоў, умешваючыся ў дзейнасць дзяржаўных органаў.

Стаўленне ўладаў да інстытута амбудсмена было здаўна не самым прыхільным. Пры тым што "стварэнне інстытута ўпаўнаважанага па правах чалавека закладвалася яшчэ ў канцэпцыі судова-прававой рэформы 1992 года", нагадвае кіраўнік Цэнтра прававой трансфармацыі юрыст Алена Танкачова.

У канцы 1990-х быў распрацаваны праект адпаведнага закона, але яго прыняцце спусцілі на тармазах. У 2004 годзе быў нават апублікаваны мадэльны закон СНД аб упаўнаважаным па правах чалавека, але і яго Беларусь праігнаравала.

Нарэшце, у 2011 годзе пра неабходнасць стварэння такога інстытута сказаў сам Пётр Міклашэвіч, кіраўнік Канстытуцыйнага суда. А ў 2012 годзе ўжо ААН у межах Універсальнага перыядычнага агляду прапанавала Беларусі задумацца аб увядзенні ў краіне пасады амбудсмена.


Нерэальная ідэя ў сённяшняй Беларусі

Алена Танкачова не бачыць палітычных перадумоў да з'яўлення незалежнага і ўплывовага амбудсмена ў Беларусі. На думку юрыста, гэта супярэчыць традыцыям беларускага кіраўніцтва.

Іншая рэч, мяркуе Танкачова, калі адбудуцца сур'ёзныя перамены ў самой беларускай уладзе: "Калі такая пасада будзе ўводзіцца пры сур'ёзным парламенцкім абмеркаванні, пры дакладным раздзяленні ўладаў, то будзе выбірацца мадэль парламенцкага амбудсмена".

Для даведкі: парламенцкая мадэль амбудсмена мае на мэце прызначэнне гэтай фігуры парламентам і парламенцкую ж падсправаздачнасць упаўнаважанага. І, як вынік, поўную незалежнасць ад улады выканаўчай. Уявіць сабе такую асобу, выбраную татальна падкантрольным заканадаўчым органам, наўрад ці магчыма.

Такога ж меркавання прытрымліваецца былы суддзя Канстытуцыйнага суда, а зараз кіраўнік экспертнай групы "Еўрапейскага дыялогу аб мадэрнізацыі" Міхаіл Пастухоў: "Ёсць небяспека, што на гэтую пасаду прызначаць чыноўніка, які будзе механічна акумуляваць скаргі, даваць фармальныя адказы".


Новыя імітацыйныя намаганні ўладаў

Каб можна было сур'ёзна абмяркоўваць пытанне ўвядзення інстытута омбудсмена, мяркуе Танкачова, "дзяржава павінна прызнаць, што імкнецца да паважання і абароны правоў і свабод чалавека".

Менавіта такога сур'ёзнага абмеркавання гэтая ініцыятыва і патрабуе. "А проста стварэнне нейкіх буферных, імітацыйных канструкцый праблему не вырашае", — рэзюмуе юрыст.

Аднак навошта ўладам ствараць дэкаратыўны інстытут за бюджэтныя грошы? Адказ можа быць толькі адзін — трэба наладжваць сувязі з Еўропай. На сур'ёзныя крокі волі не хапае, відаць, вырашылі пачаць з малога.

Такога ж кшталту вопыт, дарэчы, у беларускага кіраўніцтва ўжо ёсць. У канцы лета 2010 года, у разгар пацяплення адносінаў з ЕС, улады ўжо спрабавалі падмяніць адну структуру грамадзянскай супольнасці сваім падробленым інстытутам.

Тады інтарэсы арганізацый беларускага трэцяга сектара ў межах Форуму грамадзянскай супольнасці "Усходняга партнёрства" прадстаўляла Нацыянальная платформа. Для супрацьдзеяння ўплыву гэтай арганізацыі, успамінае кіраўнік Цэнтра еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў, "уладай была задумана спроба пабудовы "вертыкалі" грамадзянскай супольнасці".

Палітолаг тлумачыць: "У гэтай вертыкалі меркавалася стварэнне грамадскіх саветаў профільнага плана пры розных міністэрствах". Усе яны павінны былі падпарадкоўвацца Грамадска-кансультатыўнаму савету пры Адміністрацыі прэзідэнта.

Такім чынам, мяркуюць актывісты трэцяга сектара, была зроблена спроба імітаваць рэальныя інстытуты грамадзянскай супольнасці. "Увесь гэты працэс дэманстрацыйна ажыццяўляўся менавіта да візіту еўракамісара Фюле ў лістападзе 2010 года", — упэўнены Андрэй Ягораў.


Пустыя надзеі?

Аднак не варта перабольшваць значэнне таго самага ліста праваабаронцам з просьбай аб кансультацыі.

Калі ж уявіць, што намеры ўладаў сур'ёзныя, то тады трэба прызнаць іх крайнюю наіўнасць. Такім шляхам адносіны з Еўропай не размарозіш. Разгледзець фальшыўку будзе няцяжка.

Тым часам еўрапейскія чыноўнікі з усіх трыбун паўтараюць нязменную ўмову аднаўлення дыялогу — поўнае вызваленне і рэабілітацыя палітзняволеных.

Два гады таму Мінск ужо сур'ёзна падарваў давер ЕС. Зараз паўмер і простых заяў аб жаданні супрацоўнічаць яўна мала. І чым хутчэй беларуская ўлада гэта зразумее, тым хутчэй беларуска-еўрапейскія адносіны пачнуць размарожвацца.

Каментаваць