Развітанне з Галінай Сямдзянавай

20 верасня на Паўночных могілках непадалёк ад беларускай сталіцы пахавалі Галіну Сямдзянаву — вядомага беларускага палітыка, экс-дэпутата фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Беларусі 12-га склікання.



20 верасня на Паўночных могілках непадалёк ад беларускай сталіцы пахавалі Галіну Сямдзянаву — вядомага беларускага палітыка, экс-дэпутата фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце Беларусі 12-га склікання.

Развітанне з Галінай Георгіеўнай, якая пайшла з жыцця пасля цяжкой хваробы на 65-м годзе, адбывалася ў рытуальнай зале спецкамбіната КБА на вуліцы Альшэўскага, 12. Аддаць апошнюю даніну памяці гэтай знанай і мужнай жанчыне прыйшлі яе калегі па парламенту Валянцін Голубеў, Станіслаў Шушкевіч, Лявон Баршчэўскі, Лявон Дзейка, Пётра Садоўскі, Юрась Беленькі, Сяргей Папкоў, Аляксандр Сасноў, Сяргей Антончык, Іосіф Сярэдзіч, Алег Трусаў, іншыя палітыкі, грамадскія дзеячы і проста тыя, хто ведаў Галіну Сямдзянаву, хай нават і не асабіста.

На грамадзянскай паніхідзе Галіну Сямдзянаву ўзгадвалі вельмі цёпла. «Яна была вельмі светлым, добрым, разумным чалавекам, — сказаў Валянцін Голубеў. — Я вось зараз успамінаю, як яна ўмела паказаць сябе зале, калі яна прыходзіла на чарговую сесію, з новай прычоскай… Ёю ўсе захапляліся — і апазіцыя, і нашы апаненты. А яна выходзіла, вось такая дама, для балю, для прыёму, а яна выходзіла на трыбуну і змагалася, змагалася за Беларусь, за незалежнасць, дэмакратыю. Ведаючы тое, што сама яна ўкраінка, і тое, што лёс яе вельмі позна звязаў з Беларуссю, яшчэ большы дзякуй, Галя, табе за гэта, што ты прыйшла да нас і што ты змагалася за нашу незалежнасць».

Па словах сябра Беларускай партыі левых «Справядлівы свет», сяброўкі нябожчыцы Алены Скрыган, Галіна Сямдзянава прыцягвала да сябе людзей зусім розных, нават супрацьлеглых палітычных поглядаў. «Я ведаю, як яна ўмела працаваць, як яна магла працаваць цэлую ноч, а заўтра раніцай пачынаць зноў, як быццам бы нічога не было. І яна была вельмі добрым сябрам, не толькі магла паспачуваць, а адразу кідалася дапамагаць», — адзначыла Алена Скрыган.

Выступоўцы ўспаміналі, што Галіна Георгіеўна прыйшла ў парламент, калі займала пасаду кіраўніка Камітэта народнага кантролю ў Навагрудку. Тым больш фенаменальным было тое, што Сямдзянава стала сябрам фракцыі Беларускага народнага фронту, адным з самых яскравых апазіцыйных дэпутатаў легендарнага Вярхоўнага Савета 12-га склікання. Менавіта Сямдзянава ўнесла ў парламенцкую залу бел-чырвона-белы сцяг, які стаў дзяржаўным дзякуючы высілкам перш за ўсё дэпутатаў фракцыі БНФ. Згадвалася і пра тое, як Галіна Георгіеўна літаральна не дала выступіць на сесіі тагачаснаму кіраўніку ЦК КПБ Малафееву — сёння той ужо гістарычны здымак месціцца ў Музеі Салідарнасці ў польскім Гданьску.

Ужо на Паўночных могілках Юрась Беленькі зачытаў жалобнае пасланне былога лідара фракцыі БНФ у ВС, цяперашняга старшыні Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Зянона Пазняка. Прысутныя праводзілі Галіну Сямдзянаву ў апошні шлях спевам гімна «Магутны Божа». Пахаваная Галіна Георгіеўна побач з яшчэ двума вядомымі беларусамі — Уладзімірам Конанам і Віталем Скалабанам. 
 

Каментаваць