Развітанне з Ірынай Бугровай

У пятніцу, 9 снежня, у Мінску адбылося развітанне з вядомым беларускім палітологам Ірынай Бугровай. Яна памерла на 57-м годзе жыцця ў выніку цяжкога захворвання.
 
Развітацца з Ірынай Бугровай пажадалі шмат людзей, якія неслі да труны шматлікія вянкі і кветкі. Аддаць даніну павагі так зарана сыйшоўшай прыгожай і таленавітай жанчыне прыйшлі яе калегі, прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці, журналісты.
 
Ірыну Бугрову, падаецца, любілі ўсе. Нам, журналістам, да яе можна было вельмі проста звярнуцца па каментар ці ацэнку нейкай падзеі, проста па параду. І заўсёды ў яе знаходзіўся час, каб пагутарыць з чалавекам. Толькі аднойчы яна не змагла пракаментаваць нейкую падзею – гэта адбылося недзе тыдзень таму. Калі я патэлефанаваў на мабільнік Ірыне Іванаўне, яна папрасіла прабачэння і паведаміла, што зараз не можа адказваць, бо знаходзіцца ў шпіталі. Сказала: “Наступным разам. Наступнага разу не атрымалася…
 
Кандыдат філасофскіх навук, Ірына Бугрова была вядомая як аўтар цудоўнай кнігі, выдадзенай у Германіі, - “Палітычная культура Беларусі ад Вялікага Княства Літоўскага да рэжыму Лукашэнкі. Гэтая кніга з’явілася яшчэ ў 1998 годзе. Праз два гады, у 2000-м, таксама ў Германіі свет убачыла яшчэ адна кніга Бугровай – “Дзяржава і грамадзянская супольнасць. Гэта невыпадкова, бо пытанням і праблемам існавання і развіцця ў Беларусі менавіта грамадзянскай супольнасці Ірына Іванаўна надавала вельмі шмат часу і ўвагі. Таму яе можна было бачыць ледзь не на ўсіх мерапрыемствах, дзе закраналася гэтая праблематыка. Ірыну слухалі, да яе прыслухоўваліся, яе цанілі як спецыяліста. Нажаль, пісаць пра гэта даводзіцца ў мінулым часе.
 
Пахавалі Ірыну Бугрову на могілках у Калодзішчах, што непадалёк ад беларускае сталіцы. Перад гэтым у рытуальнай залі № 1 спецкамбінату на вуліцы Альшэўскага ў Мінску прайшло адпяванне нябожчыцы праваслаўнымі святарамі.     
 
Валадарства вам нябеснае, Ірына, і няхай будзе Вам пухам любімая Вамі беларуская зямля.

----------------------------------

фота аўтара

Каментаваць