Развітанне з Віталём Тарасам

19 студзеня на Паўночных могілках пахавалі Віталя Тараса — вядомага беларускага журналіста, публіцыста, пісьменніка.

Віталь пайшоў з жыцця ў ноч на 18 студзеня пасля цяжкай хваробы, з якой ён мужна змагаўся апошнія два з паловай гады. Нягледзячы на тое, што такая хвароба невылечная, смерць калегі і сябра стала сапраўдным шокам для беларускіх журналістаў, блізкіх да гэтага незвычайна добрага і сціплага чалавека.

Развітацца з Віталём прыйшлі дзясяткі не толькі яго сяброў і калег, але і людзі, якія ведалі яго творчасць, чыталі яго артыкулы, эсэ, кнігі, што ён паспеў выдаць у апошнія гады свайго жыцця. Шматлікія вянкі і безліч кветак. Віталь Тарас быў сябрам беларускага ПЕН-Цэнтра, Беларускай асацыяцыі журналістаў, Саюза беларускіх пісьменнікаў, у 1996 годзе атрымаў прэмію імя Алеся Адамовіча. Працаваў ён на Радыё «Свабода», у некаторых дзяржаўных СМІ, потым пайшоў у адноўленую «Нашу ніву», адначасова спрычыніўся да Радыё «Рацыя».

Віталь вельмі любіў сваіх родзічаў, сяброў, літаральна абагаўляў сваю сям’ю і асабліва бацьку — слыннага беларускага літаратара Валянціна Тараса, які пайшоў з жыцця два гады таму і побач з якім Віталь знайшоў свой апошні прытулак. Віталь ніколі не паказваў, прынамсі, імкнуўся не паказваць, што яму баліць, хоць хвароба была страшэннай. Мне пашчасціла некалькі хвілінаў пагутарыць з Віталем па тэлефоне ўвечары 8 студзеня, і нават тады, калі яму было вельмі цяжка размаўляць, ён стараўся не паказваць, як яму кепска. І нішто не казала пра тое, што гэта будзе нашая апошняя з ім размова…

На хаўтурах, як і на развітанні дома і на могілках, пра Віталя гучала шмат цёплых слоў — ад Сямёна Букчына і Сяргея Ваганава, Уладзіміра Дзюбы і Рамана Якаўлеўскага, многіх іншых вядомых людзей. Пісьменнік і журналіст Сяргей Дубавец, які быў і хросным бацькам Віталя, падкрэсліў, што ў апошнія гады толькі пачаў раскрывацца сапраўдны талент Тараса як пісьменніка. «Мы ніколі не даведаемся, што і каго мы страцілі», — сказаў узнаўляльнік і былы рэдактар «Нашай нівы».

Цяжкая, вельмі цяжкая страта. Калектыў «Новага часу» выказвае самыя шчырыя спачуванні маці, жонцы і сыну Віталя Тараса, усім родзічам, сябрам і калегам памерлага. Няхай будзе пухам Віталю яго любая беларуская зямля.
 
Каментаваць