Развітанне з Генадзем Грушавым

Сказаць апошняе “бывай” вялікаму гуманісту, які абараняў права беларусаў на жыццё пасля Чарнобылю, прыйшлі ягоныя родныя і сябры, грамадскія дзеячы, палітыкі, праваабаронцы і журналісты.



Мінчанка Людміла Бачкарова назвала Генадзя Грушавога “родным чалавекам для нашай сям’і, таму што 23 гады таму, калі нашай паўтарагадовай дачцэ Алене паставілі дыягназ “анкалогія”, нам дапамаглі Генадзь Грушавы і ягоная жонка Ірына Грушавая. І хаця тады было вельмі цяжка выехаць за мяжу, для нас гэта адбылося вокамгненна, дзякуючы Грушавым. Адразу нас пасадзілі ў машыну, затым у цягнік, мы хутка прыехалі ў клініку ўніверсітэту горада Эсэн у Нямеччыне, дзе дачцэ тэрмінова зрабілі аперацыю. Прычым, дактары адзначылі, што калі б мы троху спазніліся, дзяўчынку ўжо нельга было б выратаваць. А дзякуючы Грушавым нашая дачка жыве і зараз вучыцца. Вось чаму сыход Генадзя Грушавога стаў вялікай стратай для нашай ся’мі і ўсёй Беларусі. Справа ў тым, што ён дапамог сотням тысяч дзяцей, прычым рабіў гэта нават тады, калі іншыя гаварылі “не”, бо спадар Генадзь верыў у лепшае і ўсяляў гэтую веру ў іншых. Вось чаму Генадзь Грушавы заўсёды будзе жыць у нашых сэрцах”.         

Маці палітыка Вячаслава Сіўчыка Галіна Сіўчык выказала вялікую ўдзячнасць Генадзю Грушавому за дапамогу сыну пасля ягонай галадоўкі ў 1996 годзе. “Тады сын паміраў, бо ў яго адмовілі ныркі. У гэтай сітуацыі Генадзь Грушавы, каб забяспечыць добры нагляд за маім сынам, у якасці гуманітарнай дапамогі перадаў ў Мінскую гарадскую клінічную бальніцу №3 вельмі дэфіцытныя на той час кропельніцы і аднаразовыя шпрыцы, акрамя таго аплаціў пуцёўкі для сына і ягонай жонкі ў санаторый “Крыніца” пад Мінскам”, — сказала Галіна Сіўчык. 

Дачка пісьменніка Алеся Адамовіча Наталля Адамовіч нагадала, як у 1989 годзе бацька дапамагаў Генадзю Грушавому атрымаць дазвол на выезд для аздараўлення за мяжу маці з дзецьмі, якія пакутавалі ад Чарнобылю. Як у 1990 годзе Генадзь Грушавы разам з Алесем Адамовічам, які па ўласнай ініцыятыве аб’ехаў шмат гарадоў Японіі, змог прыцягнуць увагу грамадскасці да наступстваў Чарнобылю і прывёз у Беларусь 1 мільён іен, перадалі гэтыя грошы дырэктару Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра дзіцячай анкалогіі і гематалогіі ў Бараўлянах Вользе Алейнікавай для лячэння дзяцей, набыцця лекаў, рэактываў і абсталявання, як Генадзь Грушавы дапамагаў выдаць кніжку твораў Алеся Адамовіча “…Имя сей звезде Чернобыль”.  

Доктар юрыдычных навук, прафесар Міхаіл Пастухоў назваў Генадзя Грушавога “вельмі светлым чалавекам, які пакінуў яскравы след у яго жыцці”. Ён адзначыў яго непадробны патрыятызм, скіраваны на дапамогу канкрэтным людзям і краіне. “Ад сустрэч з гэтым чалавекам, — успамінаў Міхаіл Пастухоў, — заўсёды на душы заставалася пачуццё радасці, бо спадар Генадзь быў вялікім аптымістам, ніколі не здаваўся і нават у самых складаных сітуацыях шукаў і знаходзіў найбольш аптымальныя рашэнні. Памяць пра яго заўсёды застанецца ў гісторыі нашай Бацькаўшчыны”.  

Адпяванне адышоўшага ў лепшы свет правёў ягоны сябра, настаяцель мінскага праваслаўнага прыходу Маці Божай “Усіх смуткуючых радасць”, протаіерэй Ігар (Карастылёў).  

Каментаваць