Рэальная падтрымка

Дзеючы прэзідэнт не мае нават 50-працэнтнай падтрымкі. Да такой высновы можна прыйсці, зыходзячы з цалкам афіцыйных лічбаў, калі зрабіць папраўку на фальсіфікацыйную арыфметыку.

Дзеючы прэзідэнт не мае нават 50-працэнтнай падтрымкі. Да такой высновы можна прыйсці, зыходзячы з цалкам афіцыйных лічбаў, калі зрабіць папраўку на фальсіфікацыйную арыфметыку.

Адна з заўсёдных загадак беларускіх выбараў — сапраўдныя рэйтынгі кандыдатаў. Паводле дадзеных НІСЭПД, на пачатку выбарчай кампаніі Лукашэнку падтрымлівала 48,2% выбарцаў. Украінская сацыялагічная кампанія «ТНС-Украіна» заявіла, што ў лістападзе за дзейнага кіраўніка прагаласавала б 55% чалавек. А расійскі сайт «Рэгнум» ледзьве даваў яму 33,3% галасоў.

Але ўкраінская кампанія працуе па замове тэлеканала АНТ. На радзіме яе абвінавачвалі ў фальсіфікацыі дадзеных на карысць замоўцы. «Рэгнум» увогуле не заўважаны як сацыялагічная служба і з’яўляецца рупарам імперскай прапаганды.

Якія лічбы рэальныя? Зрабіць ацэнку нам дапамогуць афіцыйныя дадзеныя. Паводле прэзідэнцкага Інфармацыйна-аналітычнага цэнтру, за Лукашэнку гатовыя галасаваць 71,8% чалавек.

Зразумела, гэта не тое, што ёсць насамрэч, а заяўлены планавы працэнт. Але, каб нават падрыхтаваць план, трэба ведаць рэальную сітуацыю. На яе потым накручваюцца фальсіфікацыйныя лічбы. А калі нам вядомы фальсіфікацыйны дадатак, то можна здагадацца і пра рэальнасць.

Маецца некалькі чыннікаў фальсіфікацый, а менавіта:

— маніпуляцыя са спісамі;

— самаабвешчаныя лічбы: старшыня камісіі папросту вымаўляе, колькі ёй загадалі, незалежна ад рэальных падлікаў;

— датэрміновае галасаванне.

Усе гэтыя метады, задзейнічаныя разам, гарантавалі залімітныя лічбы падтрымкі, так што прэзідэнт нават сам заяўляў: «Гэтыя выбары мы сфальсіфікавалі».

Першыя чыннікі фальсіфікацый ацаніць складана, але сёлетнія выбары вельмі спрашчаюць сітуацыю. Рэжым імітуе лібералізацыю і нават намякае, што можа празрыста падлічыць галасы. Прынамсі, у вялікіх гарадах.

Такім чынам, застаецца галоўны каронны нумар — датэрміновае галасаванне.

На пачатку дапусцім, што ў галоўны дзень і датэрмінова людзі галасуюць аднолькава. Але — цяпер сачыце за рукамі. Усе датэрміновыя галасы адыходзяць да Лукашэнкі.

Тады атрымліваецца так:

Няхай датэрмінова прагаласавала 30%. Тады ў дзень выбараў Лукашэнка набірае 71,8 – 30=41,8% галасоў. Але гэта толькі лічба ад тых, хто галасаваў у дзень выбараў.

Але атрыманая намі патаемная афіцыйная ацэнка — завышаная. Я дапусціў, што людзі штодзень галасуюць аднолькава. Але «датэрміноўнікі» — бюджэтнікі і студэнты, і гвалтоўнае галасаванне ім любові да ўлады не дадае. А калі ўлічыць, што значная частка з тых, хто не прыходзіць галасаваць, робіць гэта свядома, пратэстуючы такім чынам супраць рэжыму, то рэальная лічба падтрымкі дзеючага прэзідэнта вагаецца паміж 30–35 %.

Гэта пад увагу яшчэ не браліся цудоўныя фокусы са спісамі і Цэнтрбаркамаўскія лічбы ад галавы, што таксама гарантавана завышаюць працэнт за крэатуру. А гэтыя фокусы рэзка зніжаюць і без таго не самыя ўдалыя вынікі.

Але ўсю праўду мы пакуль яшчэ не даведаемся.

Каментаваць