Рэдактар, які нас аб’ядноўваў вакол «Новага часу»

Не магу паверыць, што не стала Аляксея Сцяпанавіча. Ён з Сінгапуру дасылаў мне СМС-паведамленні, што ў лістападзе сустрэнемся ў Мінску, што ўсё добра...



Калі ўдавалася вырвацца на адзін дзень у Мінск, загадзя яму тэлефанаваў, і мы спатыкаліся на нашым старым месцы каля станцыі метро «Плошча Перамогі». А потым доўга гутарылі пра жыццё, гісторыю, СМІ. Доўга, гэта — гадзінку-паўтары і я, развітаўшыся з Аляксеем Сцяпанавічам, потым бег па сваіх справах, каб за дзень усё паспець зрабіць і вярнуцца ў Слонім.

Кожны раз, калі мы сустракаліся, Аляксей Сцяпанавіч цікавіўся жыццём у правінцыі, прасіў пісаць, як жывуць людзі ў глыбінцы, раіў шукаць новых асобаў, пра якіх варта напісаць добрыя словы. Ён мне заўсёды тэлефанаваў, калі я на тыдзень-другі знікаў у сваёй правінцыі, пытаўся, дзе я і што я пішу для «Новага часу». Ён заўсёды натхняў на творчыя пошукі, часам рабіў заўвагі па апублікаваных раней артыкулах і вельмі шчыра хваліў, калі матэрыялы траплялі на старонкі «Новага часу» вартыя і чытэльныя. Мы з ім часта спрачаліся па праграме тэлебачання, я быў супраць, каб праграма займала месца ў газеце, а ён казаў, што трэба праграму друкаваць, бо ёсць шмат чытачоў, якія карыстаюцца гэтай праграмай. Ён вельмі хацеў і марыў, каб павялічыць некалькі старонак у газеце для гутарак з цікавымі людзьмі, для гістарычных і культуралагічных публікацый. Ён радаваўся, што пры газеце стварылася бібліятэчка выдання кніг…

Аляксей Сцяпанавіч вельмі шчыра, проста і лёгка стараўся аб’яднаць нас вакол газеты «Новы час». Ён прасіў мяне знаходзіць новых аўтараў для газеты, якія жывуць у іншых рэгіёнах Беларусі, але займаюцца вывучэннем свайго краю і ўмеюць пісаць. «Добрыя матэрыялы мы заўсёды апублікуем, няхай не адразу, але апублікуем! — казаў Аляксей Сцяпанавіч...

Я вельмі чакаў яго з далёкай краіны і верыў, што наш любы рэдактар ачуняе, што мы зноў спаткаемся. Бо пасля бальніцы ён мяне запэўніў, калі мы сустрэліся ў Мінску, што «усё, Сярожа, будзе добра. Страху вялікага няма. Наша задача — рабіць цікавай газету і пашыраць яе межы распаўсюджвання…». Але, аказалася, наадварот…

І яшчэ. Пры кожнай сустрэчы, і гэта адчувалася, Аляксея Сцяпанавіча хваляваў лёс Беларусі, яе мову, яе незалежнасці. У палітыцы ён разбіраўся добра. Пра палітку ён мог гутарыць доўга, прыводзячы канкрэтныя прыклады з мінулых стагоддзяў і з сённяшніх дзён…

Дзякуй Вам за ўсё, Аляксей Сцяпанавіч! За Вашу падтрымку, за Вашы парады, за Вашу чалавечую шчырасць!

 

Каментаваць